Как развивается туризм на Лепельщине?

Не буду абмалёўваць у каторы раз прыгажосць роднага лепельскага краю. Пра гэта спісаны, не пабаюся гэтага слова, тысячы аркушаў, рукапісных, аддрукаваных на пішучай машынцы, набраных на камп’ютары. Цудоўныя краявіды падаравала нам прырода. Пра гэта не раз чуў з вуснаў гасцей Лепельшчыны. А паколькі аповед наш пойдзе пра турыстычны патэнцыял рэгіёна, спашлюся на ўражанні ад трэцяга па ліку фестывалю міфалогіі «У госці да Лепельскага Цмока». Па сцвярджэнні арганізатараў свята, фэсту належыць асаблівае месца ў плане развіцця горада як турыстычнага маршруту. І не толькі магчымасць зарабляць грошы прываблівае. Міфалогія аб’ядноўвае беларусаў з народамі свету, якія жывуць у розных краінах. Гэта погляд нашых агульных продкаў на сусвет, дзе невытлумачальныя на той момант сілы і з’явы атаясамляліся з магутнымі бессмяротнымі істотамі, якія дапамагалі чалавеку жыць у гармоніі з прыродай. У беларускай міфалогіі Цмок з’яўляецца ахоўнікам прэснай вады, рэгулюе баланс вод зямных і нябесных. А ў бытавым сэнсе з’яўляецца апекуном сямейных каштоўнасцяў.
Пошукавым “нератам” прайшоўся па інтэрнэце. Шукаў звесткі пра магчымыя скульптурныя выявы міфічнай істоты, падобныя фэсты ў іншых раёнах Беларусі. Ніводнага ўпамінання не знайшоў. Значыць, скульптура Цмока ўсталяваная на беразе Лепельскага возера, дзе ён паводле вядомага твора класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча нібыта жыў, з’яўляецца пакуль адзінай у краіне. Сітуацыя выйгрышная на дадзеным адрэзку часу. Аднак разавымі мерапрыемствамі “гасцявання” ў Цмока грувасткі воз праблем з месца наўрад ці зрушыш.
Афіцыйна фестываль міфалогіі праводзіцца з 2014 года. Сёлета, на трэці па ліку, з’ехаліся прадстаўнікі з Беларусі, Расіі, Латвіі, Літвы, Кітая, Японіі, Індыі. Павялічваецца і колькасць турыстаў з Беларусі і краін-суседзяў. На гэты раз арганізатары зафіксавалі нават прыбыццё гасцей з Францыі, а таксама з усіх абласцей Беларусі. У 2016 годзе на «Музычны алімп» фестывалю міфалогіі ўзышлі, акрамя беларускіх артыстаў, музычны калектыў з Латгаліі, індускі танцавальны калектыў і інш.
Не ўсе лепяльчане згодныя з такімі меркаваннямі і пазіцыяй. У кожнага свае высновы. Як у падтрымку магчымага турыстычнага брэнду, так і супраць. Наколькі трывала пусціць свята свае карані ў родным краі, пакажа час. Нешта прагназаваць на перспектыву, што ўсё пройдзе без сучка-задзірынкі, па наезджанай каляіне прывядзе на Лепельшчыну безліч турыстаў — справа няўдзячная. Усялякае можа здарыцца. Мы ж знаходзімся пакуль у пачатковым шляху да брэндавых каштоўнасцей. Прыжываецца тое, што цікава і ўхвальна прымаецца большасцю жыхароў рэгіёна, суайчыннікамі і замежнікамі.
4231070e116be905350a6d95b93afbd9Паколькі хацеў крыху зазірнуць за мяжу турыстычнага гарызонту, прывяду яшчэ адну паралель. Пазначу яе таксама пункцірна. І сваім вастрыём пранізвае яна магчымы водны турызм. Маю на ўвазе распрацоўку брэнда Бярэзінскай воднай сістэмы. Пра яе газета “Лепельскі край” пісала не аднойчы. І падрабязна. Таму засяроджвацца на дэталях няма сэнсу. І пры цяперашнім дэфіцыце фінансавых сродкаў ідэя можа падацца не надта ажыццявімай. Для стварэння сегмента патрэбнай інфраструктуры для ўязнога турызму запатрабуюцца значныя асігнаванні. У бюджэце такіх сродкаў відавочна няма. І ў бліжэйшай перспектыве мусіць не прадбачыцца. Той, хто знаёмы з эканамічнымі стасункамі, пацвердзіць такое перакананне. Адзінае спадзяванне — нейкім чынам трапіць у дзяржаўную праграму. Ці знайсці спонсара. А спонсар адразу пачне загінаць пальцы і тлумачыць сваю пазіцыю і намеры міражнай прыбытковасцю праекта. Ды і гэта не ўсе падводныя рыфы на магістральным шляху. Сесці на мель ідэй лёгка, а вось зрушыць карабель з пашкоджаным днішчам цяжка, а часам і немагчыма.

Звёны аднаго ланцуга

Такім чынам, мы наблізіліся да новай сюжэтнай лініі аповеду, дакладней, ключавога складніка аналізуемай праблемы — маркетынгавых высілкаў у абмаляваным рэчышчы. Не скажу, што дужа многа адолелі на гэтым даволі цярністым шляху, аднак тое-сёе адужалі. Сёлета раён удзельнічаў у вясновай і восеньскай міжнародных турыстычных выставах у Мінску (Белэкспа), міжнародных канферэнцыях у Полацку, Віцебску, прысвечаных праблемам развіцця турызму. І паехалі туды нашы прадстаўнікі не з пустымі рукамі, а прыхапілі для большай пераканальнасці суразмоўцаў і наведвальнікаў матэрыялы аб турыстычным патэнцыяле Лепельшчыны. Мажліва, кагосьці зацікавілі маляўнічыя календары, буклеты, вымпелы і іншая друкаваная прадукцыя рэкламнага кшталту.
Як вядома, сусветная практыка засведчвае выключны эфект аб’яў у спецыялізаваных выданнях. У інтэрнэтнай прасторы таксама. Пра сябе трэба заяўляць рашуча і наступальна, нават агрэсіўна. Канкурэнтнае асяроддзе не церпіць фармалізму і абыякавасці.
— У Лепельскім раёне маюцца турыстычныя фірмы, якія займаюцца выязным турызмам: «Лана-тур», «Лепель-тур», турагенцтва «Вел» і «Лідар-лайф», — кажа намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Аляксандр Міхно. — Пры ўсім тым не задзейнічана велізарнае поле дзейнасці па прыцягненні ўязных турыстаў і рэкламе экалагічных маршрутаў, якія найбольш поўна раскрываюць прыродны патэнцыял раёна.
Турызм павінен заняць годнае месца ў эканоміцы раёна. Гэта тэарэтычны пасыл. А як на практыцы? Неабходна кансалідаваць зацікаўленыя арганізацыі і прадпрыемствы, развіваць турыстычную інфраструктуру, прасоўваць ужо існуючы турыстычны брэнд раёна і, магчыма, распрацоўваць новыя.
Не сакрэт, турызм не толькі прыносіць даход у казну. Гэтая галіна спрыяе развіццю гандлю, прамысловасці, транспарту, сувязі, грамадскага харчавання і інш. Па вялікім рахунку, турыстычная індустрыя выступае своеасаблівым каталізатарам рэгіянальнага сацыяльна-эканамічнага развіцця.
Наша краіна падзелена на так званыя турыстычныя зоны. Наш рэгіён уваходзіць у Полацкую. Лепельшчына мае багатую гісторыю, самабытную культуру, валодае велізарным прыродным патэнцыялам. На Лепельшчыне размешчана 119 помнікаў і аб’ектаў, звязаных з гісторыяй славянскай культуры, Вялікага княства Літоўскага, Савецкай дзяржавы. Выйшлі лепяльчане і, так бы мовіць, на міжнародны ўзровень. Скажам, знакаміты абрад «Жаніцьба Цярэшкі» мае статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі і прэтэндуе на атрыманне аналагічнага статусу з боку ЮНЕСКА.
Карацей кажучы, ёсць што паказаць, чым завабіць суайчыннікаў, замежных гасцей. І база нядрэнная створана. Пераважна, канешне, карані яе сягаюць у савецкі час. Тады і былі створаны ключавыя суб’екты адпаведнай інфраструктуры рэгіёна. Зараз турыстычную дзейнасць вядуць дзяржаўная прыродаахоўная ўстанова «Бярэзінскі біясферны запаведнік», ТАА «Пансіянат «ЛАДЭ», асобныя віды паслуг аказваюць УАЗ «Лепельскі ваенны санаторый», КУП ДРАЦ «Жамчужына», ДЛГУ «Лепельскі лясгас».
І на гэтым пералік аб’ектаў турызму не канчатковы. Новай формай прыцягнення адпачывальнікаў і падарожнікаў сталі аграсядзібы. Развіваюцца, набіраюць моц яны не так інтэнсіўна і дынамічна, як хацелася б. Хаця напрамак даволі перспектыўны. У нас зарэгістравана 25 агратурыстычных сядзіб. Найбольш актыўна працуюць «У Гаўрылавіча» (Двор Парэчча), «Бяседа» (Пунішча), «Поўсвіж» (Вялікі Поўсвіж), «Дзедава спадчына» (Селішча), «Прыазёрная» (Стары Лепель).

Экспарт паслуг

Вядома, не адкрыю Амерыкі сваёй высновай, што экспарт турыстычных паслуг — ключавы паказчык развіцця галіны. З 2010 года назіраецца станоўчая дынаміка названага паказчыка: вартасны аб’ём вырас больш чым у два з паловай разы. Можа, для некаторых лепяльчан гэта і прагучыць нейкім адкрыццём: раён з’яўляецца валаўтваральным па экспарце турпаслуг Віцебскай вобласці! Займаем другое месца пасля абласнога цэнтра.
Вось на такой вышыні лепельскі турыстычны патэнцыял. Сягнулі, як кажуць, за аблокі. Сягнулі, але ўтрымаць такую планку даволі складана. Па прычынах аб’ектыўнага характару, эканамічных калізій развіцця, крызісных праяў у розных сектарах эканомікі. Дык вось, на бягучы год раёну даведзены прагнозны паказчык па экспарце турпаслуг 104,3 працэнта да ўзроўню мінулага года. А зараз, вобразна кажучы, раскрыем дужкі і выведзем на свет белы пастаўшчыкоу такіх паслуг. У іх ліку ДУ «Лепельскі ваенны санаторый Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь», камунальнае ўнітарнае прадпрыемства «Дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр «Жамчужына», дзяржаўная прыродаахоўная ўстанова «Бярэзінскі біясферны запаведнік», таварыства з абмежаванай адказнасцю «Пансіянат «ЛАДЭ», дзяржаўная лесагаспадарчая ўстанова «Лепельскі лясгас».
Самакрытычна прызнаем: даведзенае заданне пакуль не выконваецца асноўнымі экспарцёрамі, адсюль і невыкананне прагнознага паказчыка у цэлым. Хоць самімі прадпрыемствамі робіцца вельмі многае для выпраўлення сітуацыі. Суб’екты турыстычнага бізнэсу (можа занадта гучна і пафасна сказана!) перажываюць далёка не лепшыя часіны. Аднак у шапку не спяць. Скажам, у ДУ «Лепельскі ваенны санаторый» для прыцягнення пацыентаў распрацавана «Палажэнне аб зніжках», для беларусаў і нерэзідэнтаў Рэспублікі Беларусь функцыянуе зніжка ў памеры 10 працэнтаў. Надоечы праводзілася акцыя з уключэннем у пуцёўку дадатковых медыцынскіх паслуг бясплатна — «Майскія святы» з 1 мая па 10 мая 2016 года. Зацікавіла і акцыя — «Здаровае дзіця» з 1 па 30 лістапада 2016 года. Асобна вызначаны цэны для грамадзян РБ і нерэзідэнтаў РБ на санаторна-курортныя паслугі і дадатковыя платныя паслугі (медыцынскія, гасцінічныя, спортбазы, платнае харчаванне, транспартныя) на адзіным узроўні.
Правільна кажуць, адзін у полі не воін. Сёлета санаторый працаваў з сарака турыстычнымі фірмамі. Наладжаны новыя стасункі з турфірмамі Расійскай Федэрацыі ТАА «Наш век», ТАА «Рыжая Соня», ТАА «Эрыдан», ТАА «Куды ляцім», ТАА «Пунсовыя ветразі», «Меджык трэвел» і іншымі. Заключаны дамовы з эстонскімі турыстычнымі суб’ектамі.

Экалагічная ніша

У асобную нішу выдзелім ДПУ «Бярэзінскі біясферны запаведнік». Ва ўстанове назапашаны багаты вопыт. Пачнём з лічбаў — доказнага люстэрка гаспадарання. За дзевяць месяцаў прынята 30453 турысты і экскурсанты, з іх 7298 — замежныя, праведзена 1299 экскурсій. Узяты, такім чынам, высокі рубеж. І паўстае на фоне нашых разважанняў пытанне: чым жа такім адмысловым завабліваюць сюды наведвальнікаў? Канкрэтнымі крокамі ў выбраным рэчышчы. Сёлета былі сфарміраваны новыя анімацыйна-забаўляльныя праграмы і туры: калядныя і масленічныя, выхаднога дня, шматдзённыя святочныя. Апошнія ўзяты не са столі, а з рэалій нашага быцця і прымеркаваны да знакавых дат — 23 лютага, 8 сакавіка, 1 мая, 9 мая. У рамках гэтых тураў было прынята 4847 турыстаў і экскурсантаў, у тым ліку 755 замежных.
Толькі так званы вяровачны парк, уведзены ў эксплуатацыю ў ліпені 2015 года, наведалі 470 чалавек. Выручка склала каля чатырох тысяч беларускіх рублёў. У ліпені 2016 года адкрыты новыя напрамкі — конныя прагулкі па лясных сцежках і катанне верхам па пляцы. Агульная выручка ўжо дасягнула каля 800 беларускіх рублёў.
І нарошчванне паслуг адбывалася, вядома, не на голым месцы. Для гэтага давялося добра пашчыраваць. Закуплены палаткі, спальныя мяшкі, дыванчыкі турыстычныя, а таксама тры новыя байдаркі з неабходным спадарожным рыштункам, што дазволіла павялічыць колькасць прынятых турыстаў і якасць іх абслугоўвання. Увогуле, у байдарачных турах за дзевяць месяцаў узяў удзел 361 турыст, з іх 33 — з замежных краін. Выручка склала больш за 20 тысяч рублёў.
На працягу года адбывалася абнаўленне састарэлых інфармацыйных стэндаў, а таксама ўстаноўка новых шчытоў. Гасцінічныя комплексы «Сергуч» і «Плаўна» абсталяваны інфармацыйнымі кіёскамі, з дапамогай якіх можна атрымаць аператыўную інфармацыю аб дзейнасці запаведніка і аб усіх паслугах. Выпушчана вялікая колькасць друкаванай прадукцыі з актуальнай інфармацыяй.
Запаведнік — прыродаахоўная ўстанова. І таму не маглі абмінуць экалагічны вектар дзейнасці. Скажам, арганізавалі сёлета на сваёй базе трэнінг па падрыхтоўцы гідаў-інтэрпрэтатараў прыроднай спадчыны. Прыехалі “вузкія” спецыялісты з Беларусі. Разам з імі ўзбагачаліся вопытам і работнікі турыстычнага аддзела запаведніка. У рабоце да месца прыйдуцца таксама атрыманыя на трэнінгу веды і міжнародны вопыт у галіне турбізнэсу. Мерапрыемства было арганізавана БГА «Адпачынак у вёсцы» і ДПУ «Бярэзінскі запаведнік» у рамках ініцыятывы «Экатурызм у Бярэзінскім запаведніку: інавацыйныя падыходы, партнёрскія мадэлі, «зялёная» свядомасць» праекта «Садзейнічанне пераходу Рэспублікі Беларусь да «зялёнай» эканомікі», што фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца ПРААН.
У межах праекта запаведнік стаў адным з пераможцаў конкурсу. Дарэчы, тут мяркуецца стварыць «Цэнтр міфалагічнага турызму», дзе будуць функцыянаваць «Музей міфічных істот», экалагічная сцежка «У краі міфаў», экспазіцыя пад адкрытым небам «Міфалагічны хутарок» і многае іншае. І з гонарам зазначым: такому турыстычнаму аб’екту няма аналагаў у Беларусі.
На дадзены момант ужо на стадыі завяршэння знаходзіцца экалагічная сцежка. Нават адбыўся пленэр дызайнераў, на сцежцы былі ўсталяваны інсталяцыі міфалагічных персанажаў. Распрацаваны тапаграфічныя матэрыялы для аб’екта. Завяршаецца распрацоўка кантрольнага тэкста экскурсіі. Праведзена «Школа аніматараў» для падрыхтоўкі спецыялістаў адпаведнага профілю для працы на міфалагічным маршруце. У стадыі распрацоўкі — праектна-каштарысная дакументацыя для «Музея міфічных істот» і «Міфалагічнага хутарка».
Пашыраць турыстычны вектар варта без адкладвання важнай справы ў доўгую скрынку. Напрацоўкі ёсць, і база неблагая ў наяўнасці. На гэты раз звернем позіркі на прыдарожны сэрвіс. “Лепельскі край” рэгулярна змяшчае допісы на гэту актуальную тэматыку. Таму зазямляцца на выкладанні характарыстык асобных аб’ектаў і іх магчымасцей няма падстаў. На цэнтральнай магістралі М-3 Мінск — Віцебск размешчаны комплексы прыдарожнага сэрвісу «Гасціны двор», «У Матешы», кафэ «Сем вятроў»,«555», «Віраж», гандлёвыя кропкі з міні-кафэ ў вёсках Старое Лядна, Чарнаручча, Камень, Баброва і інш. На працягу ўсіх сетак дарог абсталяваны стаянкі для адпачынку. Функцыянуюць тэхнічныя кропкі для запраўкі аўтатранспарту усімі відамі паліва. У дадатак па тэрыторыі раёна праходзяць чыгунка Орша — Лепель, аўтамабільныя дарогі Мінск — Віцебск, Лепель — Полацк, Орша — Лепель, Лепель — Ула, Докшыцы — Лепель — Чашнікі.
* * *
Напрыканцы аповеду падвядзём рысу пад ключавымі сегментамі тэмы. Найперш вычленім высокі ўзровень рэнтабельнасці і мінімальны тэрмін акупнасці выдаткаў. У турысцкай індустрыі дынаміка росту аб’ёмаў паслуг прыводзіць да павелічэння колькасці працоўных месцаў нашмат хутчэй, чым у іншых галінах. Часовы прамежак паміж ростам попыту на турыстычныя паслугі і з’яўленнем новых працоўных месцаў у турысцкім бізнэсе мінімальны. Апрача ўсяго турызм разам з вялізным эканамічным значэннем адыгрывае вялікую ролю ў пашырэнні межаў узаемаразумення і даверу паміж людзьмі розных рэлігій і культур. Яго дзейнасць не абмяжоўваецца толькі гандлем таварамі і паслугамі і пошукам новых гандлёвых партнёраў, а накіроўваецца таксама на ўсталяванне ўзаемаадносін паміж грамадзянамі розных краін.
Уладзімір ШАЎЧЭНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>