Печатное слово на Лепельщине

 

Напярэдадні 90-годдзя нашай газеты патрапілася ў рукі публікацыя Васіля Хаванскага, які доўгі час кіраваў рэдакцыяй, пад назвай “Друкаванае слова на Лепельшчыне” (за 28 ліпеня 2006 года).

У ёй Васіль Рыгоравіч расказвае, як дырэктар краязнаўчага музея Аліна Стэльмах завяла яго ў залу ў стылі рэтра. Шмат цікавага журналіст даведаўся пра выданні на Лепельшчыне ў пачатку 20 стагоддзя.

Там пад шклом ён убачыў два лісты “Окна РОСТА”, якія выдаваліся ў нашым горадзе ў 1919 годзе. Загалоўкі змешчаных матэрыялаў адлюстроўвалі праблемы таго часу: “Клопат аб дзецях”, “На барацьбу з голадам”. Побач знаходзіўся нумар “Известия Лепельского уездного Совета крестьянских, рабочих, красноармейских и батрацких депутатов». Нумар таксама пазначаны 1919 годам. Цікава, што аб’яўлялася нават падпіска на гэтую газету, указваліся цэны на месяц (3 рублі 20 капеек) і на паўгоддзе (19 рублёў 20 капеек).

Таксама Аліна Уладзіміраўна паказала фотакопіі дзвюх газет дарэвалюцыйных часоў. Штотыднёвая грамадска-эканамічная газета «Лепельский вестник» выходзіла па пятніцах. У музеі захаваліся нумары за 21 кастрычніка 1911 года і за 20 красавіка 1912 года. Адрас рэдакцыі ўказаны быў такі: г. Лепель, вул. Прудовая, дом А. Іофе, рэдактар-выдавец М. Л. Хатаевіч. Годам пазней адрас рэдакцыі змяніўся: вуліца Пушкінская, кантора друкарні М. Хатаевіча. Магчыма, выдаўца разбагацеў і адкрыў сваю справу, бо ў яго друкарні з 1913 года пачаў выходзіць часопіс “Известия Лепельского общества сельского хозяйства”.

Практычна гэта была тая ж газета, на чатырох старонках, толькі называцца стала часопісам. Рэдактарам-выдаўцам значыўся О. Т. Лісоўскі. Часта выкарыстоўваліся такія рубрыкі, як “Мясцовая хроніка”, “Пісьмы ў рэдакцыю”, “Школьнае жыццё”, друкаваліся фельетоны і вершы. Так, напрыклад, у хроніцы казалася, што ў мешчаніна Міхаіла Шалепіна з Лепеля злодзеі ўкралі кумпяк сала, у Івана Кухто з вёскі Старыя Чалнышкі Бешанковіцкай воласці выяўлены вінакурны завод, селянін Якаў з Красналуцкай воласці калком забіў ваўка, які зімой залез у гаспадарчую пабудову.

У адной нататцы пад назвай “Тры жалезныя дарогі праз Лепель” жыхары горада шукалі спонсараў і планавалі пабудаваць чыгункі да Барысава, Оршы, Рыгі, а таксама знайсці магчымасць звязацца з магістраллю Мінск — Брэст.

З задавальненнем перачытала ўвесь нумар, за што вельмі ўдзячная былому калектыву рэдакцыі — сапраўдным прафесіяналам сваёй справы.

Наталля ХРАПАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>