Пачатак пасяўной

5Сёлета пасяўная кампанія пачалася як ніколі рана, 25 — 26 сакавіка. Гэтаму паспрыяла небывала мяккая зіма і ранняя вясна. Другі дзень у КУВСГП “Лепельскае” сеялі сумесь аўса з “вікай” — кармавым гарохам. Разам з галоўным аграномам гаспадаркі выехалі на поле за вёскай Дворышча.
Перад вачыма паміж берагам возера Доўгае і лесам раскінуўся палетак плошчай 38 гектараў. Па полі ездзіў магутны МТЗ-3022 з пасяўным агрэгатам АПП-6, а на ўскрайку стаялі загрузчык і яшчэ адзін трактар з сеялкай, чакаў падвозу раптоўна выйшаўшага са строю падшыпніка, які хутка павінны былі даставіць. Трактарыст у палявых умовах правядзе рамонт, і можна будзе працаваць далей.
— У такія раннія тэрмі­ны пачынаць пасяўную кампанію — вялікая рызыка? — пытаю ў галоўнага агранома КУВСГП “Лепельскае” Святланы Астапенкі.
— Вядома, элемент рызыкі ёсць, — пагаджаецца яна, — і не малы. Са стапрацэнтнай упэўненасцю немагчыма сцвярджаць, якім будзе надвор’е ў красавіку, могуць быць замаразкі, знішчыць усходы. Аднак трэба рызыкаваць, трэба пачынаць сяўбу цяпер. Можа скласціся і адваротная сітуацыя, красавік і май будуць цёплымі, спрыяльнымі. У такіх умовах выйграе той, хто пасее раней. У культур будзе больш часу на вегетацыю, рост. Па-другое, у гаспадарцы на вясну вельмі шмат працы. Трэба ўзараць каля тысячы гектараў глебы. Пад яравую сяўбу зерневых запланавана 1050 гектараў, 190 гектараў яравога рапсу, 380 га кукурузы, пяць гектараў гародніны: морквы, буракоў, капусты. Каб паспець выканаць усё запланаванае, трэба пачынаць справу як мага раней.
— Якая сітуацыя з перазімоўкай азімых культур?
— У хуткім часе бу­дзем рабіць яшчэ адзін аб’езд палеткаў, каб вызначыць стан пасеваў дакладна. Папярэдне можна сказаць, што жыта зараз добрае. Азімая пшаніца на пераважнай большасці захавалася, парасткі хутка павінны набраць сілу. А вось з азімым рапсам — праблема. З-за невысокага снегавога покрыва яго моцна падмарозіла. Паводле папярэдніх падлікаў, давядзецца перасяваць каля 140 гектараў. Больш дакладна можна будзе сцвяр­джаць пасля аб’езду.
Трактар, зра­біўшы чарговы круг, пад’ехаў да ўзмежку. Чайкі белымі аблокамі кружылі вакол агрэгатаў: то ўзляталі, то прызямляліся. Глеба, узрыхленая культыватарамі, нібы толькі старанных сейбітаў і чакала.
Трактарыст Валерый Казанцаў прыпыніўся, уключыў мігалку, даючы знак, што зерне ў бункеры скончылася, патрабуецца дагрузка. Другі механізатар Сяргей Ігнатовіч з пагрузчыкам адразу ж рушыў у яго бок. Хутка пад’ехаў, адкрыў бункер, зерне па шнэку палілося. Некалькі хвілін — і тэхніка зноў гатовая да працы. Адна загрузка бункера АПП-6 аўсом важыць каля 700 кілаграмаў. Калі ж засыпаецца пшаніца — вага можа даходзіць да тоны. Трактар паехаў на чарговы круг.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: зерне засыпае Сяргей Ігнатовіч.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>