Паўстагоддзя — разам

IMG_4026Сэрца хвалююць мілагучныя акорды марша Мендэльсона — і ў залу ўрачыстых абрадаў аддзела ЗАГС уваходзіць пара… Любоў Рыгораўна і Віктар Аляксандравіч Чарновы адзначаюць пяцідзесяцігоддзе сумеснага жыцця. Быццам імклівыя птушкі, праляцелі гады. Калісьці закаханыя жаніх і нявеста, прайшоўшы разам праз шэраг важных жыццёвых падзей, сталі адзін для аднаго роднымі і блізкімі людзьмі, а светлае пачуццё назаўсёды аб’яднала іх сэрцы.
Начальнік аддзела ЗАГС Алена Бельская шчыра вітае юбіляраў. Са шчаслівымі ўсмешкамі пазіраюць на іх дзеці, унукі… Як і пяцьдзясят год таму, Любоў Рыгораўна і Віктар Аляксандравіч ставяць подпісы, абменьваюцца залатымі пярсцёнкамі і ўмацоўваюць свой саюз сямейным пацалункам. Родныя падыходзяць да юбіляраў і выказваюць ім шчырыя словы віншаванняў. Якія радасныя і незабыўныя хвіліны! На вачах выступаюць слёзы шчасця, а сэрца хвалююць прыемныя ўспаміны…
IMG_4030Любоў, маладая выпускніца харэаграфічнага аддзялення Гродзенскага культасветвучылішча, прыехала працаваць па размеркаванні ў Глыбоцкі раённы Дом культуры. Віктар жа на той час працаваў мантажнікам у г. Мінску. Аднойчы хлопец быў накіраваны ў камандзіроўку ў г. Глыбокае і вырашыў прыйсці на танцавальны вечар у мясцовы РДК. Адразу звярнуў увагу на мілую прыгажуню, якая захапляла ўсіх сваёй абаяльнасцю і выдатна танцавала. Гэта была Любоў. Віктар запрасіў дзяўчыну на танец. Ужо тады маладыя зразумелі, што іх аб’ядноўвае вялікае і моцнае пачуццё. Пачаліся незабыўныя сустрэчы. Праз некаторы час Віктару прыйшлося пакінуць Глыбокае, але расстанне яшчэ больш умацавала пачуцці маладых. Хлопца прызвалі на тэрміновую службу. Любоў вярнулася на родную Лепельшчыну, уладкавалася на працу ў раённы Дом культуры. Мілыя сустрэчы паўтараліся зноў і зноў, і вось Віктар зрабіў каханай прапанову рукі і сэрца. 18 чэрвеня 1966 года з’явілася шчаслівая сям’я Чарновых.
Вярнуўшыся з арміі, Віктар пайшоў працаваць слесарам у аддзяленне райсельгастэхнікі. Першай у маладой сям’і нарадзілася дачушка Анжэла, затым — сын Сяргей, а праз некаторы час — Віктар.
— Наша матуля ні на хвіліну не развітвалася з творчасцю, — расказвае дачка Анжэла Віктараўна. — Яна і з хатнімі клопатамі спраўлялася, і ў мастацкай самадзейнасці прымала ўдзел. Вяла харэаграфічны гурток у Доме піянераў і іграла ў народным тэатры “Пошук”. Яркія пастаноўкі тэатра, у якіх удзельнічала маці, мы памятаем і цяпер.
IMG_4034З творчасцю Любоў Рыгораўна звязала ўсё сваё жыцця. Працавала загадчыцай клуба на Лепельскім экскаватарарамонтным заводзе, а затым узначальвала Стайскі сельскі Дом культуры. Тут жанчына і працавала да выхаду на заслужаны адпачынак. Віктар Аляксандравіч жа ўсё працоўнае жыццё шчыраваў у райсельгастэхніцы, а затым быў вартаўніком у раённым вузле паштовай сувязі.
І хоць Любоў Рыгораўна не адзін год знаходзіцца на пенсіі, яна па-ранейшаму ўражвае ўсіх сваёй жыццёвай энергіяй і ўменнем усюды паспяваць. Жанчына займаецца прадпрымальніцтвам, захапляецца творчасцю і сваім запалам зараджае родных. Трое дзяцей, васьмёра ўнукаў і трое праўнукаў сталі для Любові Рыгораўны і Віктара Аляксандравіча галоўнай узнагародай у жыцці.
Дачка Анжэла ў свой час скончыла Мінскае вучылішча харчавікоў па спецыяльнасці “жалобшчык-рэзчык мясапрадуктаў і мясных паўфабрыкатаў”. Спачатку працавала па сваёй спецыяльнасці ў Жлобіне, затым — у філіяле “Каапнарыхтпрам” Лепельскага райспажыўтаварыства і вось ужо на працягу апошніх дваццаці год шчыруе ў аблпсіхбальніцы. Сын Сяргей набыў спецыяльнасць механіка ў Лепельскім гідрамеліярацыйным тэхнікуме і працуе ў філіяле “Лепельскі” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”. Малодшы сын Віктар жыве і працуе ў г. Санкт-Пецярбурзе. Самаму старэйшаму ўнуку юбіляраў Арцёму споўнілася 29 год, а самаму малодшаму, Савелію, хутка будзе год. Незвычайнай радасцю напаўняюць будні Любові Рыгораўны і Віктара Аляксандравіча праўнукі Кіра, Ягор і Назар.
IMG_4073— У чым захоўваецца сакрэт сямейнага шчасця і дабрабыту? — цікаўлюся ў шчаслівых бацькоў.
— Самае галоўнае — захаваць і пранесці праз гады шчырае каханне, якое аднойчы нарадзілася ў сэрцы, — дзеліцца Любоў Рыгораўна. — Вельмі важна паважаць адзін аднаго, умець выслухаць і падтрымаць у цяжкую хвіліну.
— Нашы дарагія бацькі, бабуля і дзядуля! Няхай вам па жыцці спадарожнічаюць толькі моцнае здароўе, шчасце і дабрабыт ва ўсіх справах! Будзьце заўсёды побач з намі, мы вельмі любім вас! — гучаць шчырыя пажаданні за святочным сталом, і гэтыя словы па-асабліваму хвалююць сэрца. На працягу пяцідзесяці год у вялікай і дружнай сям’і Чарновых адбылося шмат радасных падзей, а колькі іх наперадзе! І кожная з іх яшчэ не раз прыемна ўсхвалюе сэрца…
Святлана
СІЛЬВАНОВІЧ.
На здымку: Любоў і Віктар Чарновы — шчаслівая пара.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>