Нагодай для прыезду ў лепельскую Бароўку стала чарговае зарыбленне возера Шчыбат

Нагодай для прыезду ў Бароўку стала чарговае зарыбленне возера Шчыбат. У канцы мінулага года ў возера выпускалі першую партыю белага амура, аб чым раёнка пісала ў пераднавагоднім нумары. Напомнім, для набыцця першай партыі рыбы грошы збіралі жыхары Бароўкі, пералічвалі хто колькі мог. У той раз у ваду былі выпушчаны 124 асобіны белага амура.
img_0888Гэты від рыб харчуецца ў асноўным водарасцямі. А ў апошнія гады Шчыбат стаў інтэнсіўна зарастаць, таму і было вырашана ўраўнаважваць экалагічны баланс такім вось чынам.
Аднак, паводле рыбна-біялагічнага абгрунтавання, у Шчыбат, з улікам наяўнай кармавой базы, трэба запусціць не менш за 760 асобін белага амура, так што справа на тым не скончылася. Сёлета да зарыблення вадаёма падключылася Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Працягваючы рэалізоўваць праграму папаўнення рыбных запасаў, сябры таварыства звярнулі ўвагу і на Шчыбат. У першую чаргу было перагледжана рыбна-біялагічнае абгрунтаванне, дзе, акрамя белага амура, былі ўказаны такія віды рыб, як таўсталобік, карп, карась і шчупак. Апошні, драпежны, від рыб вельмі важны для падтрымання экалагічнага балансу.
Віцебскай абласной арганізацыяй таварыства паляўнічых і рыбаловаў быў закуплены пасадачны матэрыял — 450 асобін таўсталобіка, 330 штук белага амура і 250 шчупакоў. Агулам пасадачны матэрыял каштаваў 2400 рублёў. Спецыяліст абласной арганізацыі таварыства паляўнічых і рыбаловаў Таццяна Лабкова сказала:
— Вадаём трэба ачышчаць ад залішніх водарасцяў. З гэтай задачай справяцца таўсталобікі і белыя амуры. Гэтыя два віды рыб якраз і “спецыялізуюцца” на паяданні воднай расліннасці. Аднак і пра драпежныя віды рыб, найперш пра шчупакоў, забываць нельга.
У прызначаны час МАЗ, гружаны кантэйнерамі з пасадачным матэрыялам, прыбыў у Бароўку. Аднымі з першых агледзелі іх спецыяліст раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Валерый Масленка і старшыня Бароўскага сельскага Савета дэпутатаў Валерый Кляшторны. Яны дужа непакоіліся за стан рыбы.
img_0880— У рыбгасе “Волма” Чэрвенскага раёна бралі пасадачны матэрыял — дарога не блізкая, машына не менш за тры гадзіны ехала. Аднак кантэйнеры добра абсталяваныя, загінулі толькі чатыры рыбіны з некалькіх соцень, — з задавальненнем адзначае Валерый Кляшторны.
Тэхналогія выпуску рыбы даўно адпрацаваная: латак, брызентавы рукаў на некалькі метраў — і рыбу можна выпускаць. Адчыняецца заслонка, і плынь вады з масай маладых шчупачкоў ліецца ў возера.
Дарэчы, у гэты ж час на Шчыбат выйшаў жыхар Бароўкі Аляксандр Барысевіч. У яго адметнае хобі: мужчына рэгулярна плавае ў вадзе, дзеля гэтага ён нават набыў спецыяльны вадалазны касцюм, які дазваляе знаходзіцца ў адкрытых вадаёмах амаль да гадзіны, не баючыся атрымаць пераахаладжэнне. А цяпер да яго звярнуліся з просьбай паправіць рукаў, які быў скінуты ў ваду, каб ён не перакруціўся, каб рыба бесперашкодна магла трапіць у возера. Потым, ужо на беразе, Аляксандр дзяліўся ўражаннямі:
— Шмат плаваю з маскай, але такога яшчэ не бачыў і не перажываў. Хвалюючы момант! Уявіце сабе, сяджу ў вадзе, а праз мяне праходзіць плынь, поўная рыбы. Ды такое толькі па тэлевізары хіба можна ўбачыць!
Яму па-добраму пазайздросцілі жыхары Бароўкі, якія ў гэты час таксама падышлі на бераг возера.
— Гэтае зарыбленне не апошняе, — кажа Валерый Кляшторны, — паводле рыбна-біялагічнага абгрунтавання, напомню, трэба запусціць 760 асобін белага амура. З улікам мінулага і сённяшняга зарыбленняў запушчаны каля 450 штук. Збор грошай працягваўся, некаторую суму дадасць сельвыканкам. Спадзяюся, што ў бліжэйшы час мы закупім і прывязём рэшту, такім чынам падтрымаем і ўраўнаважым прыродны баланс.
Васіль МАТЫРКА.

На здымках: з кантэйнера выпускаюцца шчупакі; вось такіх таўсталобікаў выпускалі ў Шчыбат.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>