На осеннем пастбище

img_8597Ці зручна цяпер, у сярэдзіне восені, працаваць пастухом? Нярэдка ідзе дождж, а каровы ўвесь час спрабуюць выскачыць з загону, разбегчыся па наваколлі… Які, на ваш погляд, павінен быць заробак на такой працы?

На гэтыя і іншыя пытанні аўтар знайшоў адказы падчас чарговага прыезду ва ўнітарнае прадпрыемства «Пражэктар-Агра».
Напачатку абазначу некалькі важных момантаў. У чым асаблівасць і важнасць малочнай жывёлагадоўлі для сельгасарганізацыі? У першую чаргу гэта пастаянны прыток грашовай выручкі. Займаючыся раслінаводствам, гаспадарка зарабляе нямала грошай увосень, калі масава рэалізуецца вырашчаная прадукцыя. Прыблізна такім жа чынам абстаяць справы і з мясной жывёлагадоўляй: перш, чым атрымаць грошы за адкормленага бычка, яго на працягу 1,5 гадоў трэба гадаваць, укладваць рэсурсы і працу. Такім чынам, тыя гаспадаркі, якія вырабляюць і прадаюць малако, пастаянна маюць грошы на набыццё паліва, запасных частак, выплату заробкаў і іншыя бягучыя патрэбы. А для таго, каб малака было шмат і высокай якасці, трэба пашчыраваць.
img_8601Каб ахарактарызаваць стан жывёлаводства ў «Пражэктар-Агра», некаторыя лічбы прыводзіць галоўны эканаміст гаспадаркі Наталля Цярэнцьева:
– Усяго ў нас утрымліваецца 1866 галоў буйной рагатай жывёлы, з іх 647 – дойных кароў, што на 17 больш, чым у адпаведным перыядзе мінулага года.
– 647 кароў дойныя, а астатнія?
– У першую чаргу гэта цялушкі, якія падрастаюць і з цягам часу стануць заменай цяперашнім прадукцыйным каровам. Гэта аб’ектыўны працэс, каровы з цягам часу даюць усё менш малака, выбракоўваюцца. Ім трэба рыхтаваць замену загадзя. Па-другое, не ўвесь маладняк з’яўляецца на свет цялушкамі, прыблізна палова з іх – бычкі…
– А як абстаяць справы з галоўнай таварнай прадукцыяй – малаком?
– За 9 месяцаў бягучага года мы атрымалі 2952 тоны малака, на 22 тоны больш адпаведнага перыяду летась. Ад кожнай каровы ў сярэднім атрымана па 4597 кілаграмаў. Гэта даволі неблагія вынікі: за грошы, атрыманыя ад здачы малака, гаспадарка пакрывае большую частку штодзённых расходаў.
– Давайце назавём лепшых працаўнікоў галіны.
– Амаль усе работнікі вартыя самых шчырых слоў па­дзякі. Напрыклад, лепшая даярка Ірына Пшонка з вёскі Велеўшчына, якая за 9 месяцаў ад кожнай каровы ў сваёй групе атрымала ў сярэднім па 6430 кілаграмаў. За ёй з вялікім адрывам ідзе Таццяна Міхно, таксама жыхарка Велеўшчыны, якая атрымала па 5286 кілаграмаў. Зазначу, што падобныя высокія вынікі – заслуга не толькі даярак, а і ўсіх работнікаў, якія абслугоўваюць статкі: пастухоў, жывёлаводаў, механізатараў, ветурача…
Між тым мы прыехалі на поле ля вёскі Свядзіца, дзе заўважылі статак. 150 цялушак пасвяць Аляксандр Вараных і Алег Стэльмах. Пасвяць на вольным выгане, без электрапастуха і без сабак. Заўважаю:
– Я сам калісьці ў дзяцінстве і юнацтве пасвіў вясковых кароў. Разумею, што адна справа – рабіць гэта ў цёплы сонечны дзень і зусім іншая – у дождж. Ды яшчэ не кароў, а цялушак, якія раз-пораз імкнуцца куды-небудзь збегчы. Як вам удаецца ўтрымліваць іх?
– Прывыклі, – спакойна адказвае Аляксандр Вараных. – Самае галоўнае, што на гэтым полі – канюшына, якая была пасеяна сёлета вясной па азімай пшаніцы. Збожжавыя ўбралі – і пайшла ў рост зеляніна. На ноч жа заводзім статак у загон. Рэжым працы – суткі праз двое.
Аналагічны рэжым працы і ў пастухоў Аляксандра Падабеда і Аляксандра Дзівіна, якія пасвілі велеўшчынскі статак непадалёк. Так, велеўшчынскіх кароў выпасаюць у тым ліку і каля вёскі Свядзіца – усюды, дзе застаецца яшчэ дастатковы травастой. У велеўшчынскіх пастухоў умовы працы крыху адрозніваюцца. Пад іх наглядам – 230 кароў, якіх трэба пасвіць кругласутачна. Разам з тым яны карыстаюцца электрапастухом, ад непагадзі могуць схавацца ў бытоўцы, зробленай з ГАЗэлі.
– Ці здараліся ў вас выпадкі, каб каровы пашкодзілі дрот электрапастуха і разбегліся?
– На вялікае шчасце, сёлета ў нашых зменах такога не адбывалася ні разу, – кажа Аляксандр Падабед. – Хаця здараліся іншыя сітуацыі, калі да нашага статка прыбягалі каровы з іншых.
– Колькі ў сярэднім за суткі надойваецца малака?
– Каля 2300-2500 кілаграмаў. Да паловы сутачнага ўдою прыпадае на раніцу. На гэтым полі добры травастой, каню­шына, таму і надоі неблагія.
У далейшым мужчыны расказалі, што заробак у іх у сярэднім каля 600 рублёў за месяц, што на працягу бліжэйшых 1-2 тыдняў плануюць паставіць жывёлу на зімовае ўтрыманне ў хлявы.
Гэта ж пацвердзіў у размове і дырэктар УП «Пражэктар-Аг­ра» Аляксандр Дзямко:
– У чацвер-пятніцу плануем пачынаць пастаноўку жывёлы на зіму. Першым будзем ставіць невялікі статак, каля 80 галоў, у вёсцы Велеўшчына, а затым паступова і астатнія.
Пастаноўка жывёлы ў хлявы абумоўлена не толькі паніжэннем тэмпературы. У гаспадарцы назапашана дастаткова кармоў на зіму: 400 тон сена і 7 тысяч тон сенажу. На момант прыезду карэспандэнта ў траншэі былі закладзены 5600 тон кукурузнага сіласу пры плане ў 5100 тон. Нарыхтоўка яшчэ працягвалася. Так што кармавая база ў гаспадарцы створана надзейная.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>