На несінскім полі

394На пытанне, дзе сёння працуюць камбайны, мне ў дыспетчарскай КУВСГП “Баброва” адказалі: “Паехалі ў поле ля вёскі Несіна”. Трыццаць хвілін — і рэдакцыйная машына на хлебным полі.
Поле, засеянае азімай пшаніцай, знаходзілася побач з трасай Мінск — Віцебск. Два камбайны толькі паспелі зрабіць першы круг, намалацілі па бункеры ды спыніліся для выгрузкі. Дзяжурныя МАЗы пад’ехалі пад шнэкі, зерне плынню пасыпалася ў кузавы. Праз некалькі хвілін машыны паехалі на зернесклады, а камбайны рушылі на наступны круг.
Адным камбайнам кіруе экіпаж у складзе Аляксандра Зайцава і Яўгена Апанасенкі, другім — браты Анатоль і Руслан Іваненкі. Анатоль з вадзіцелем МАЗа павёз збожжа на склад, а аўтар гэтых радкоў размясціўся разам з Русланам у кабіне камбайна. Ужо прывычныя прыглушаны гул рухавіка і прахалоду ад кандыцыянера дапоўніла мелодыя з магнітолы. На пытанне, адкуль музыка, Руслан адказаў:
— Сам устанавіў. Прыемней жа працаваць пад мелодыі.
— Ці багаты камбайнерскі стаж?
— Пачынаў працаваць яшчэ на “Нівах”, у 1994 го­дзе, калі 13-гадовым хлапчуком узялі на камбайн памочнікам. З таго часу чатыры сезоны адпрацаваў на “Нівах”, потым былі “Енісей”, “Дон”, КЗС-7, КЗС-10. Сёлета першы год працую на КЗС-12. З усіх пералічаных лепшымі прызнаў бы “Енісей” і “Дон”, яны чыста вымалочвалі зерне, не патрабавалі частых праверак рэгуліровак механізмаў. Аднак паколькі гэта былі машыны савецкай вытворчасці, аб камфорце працы на іх заставалася хіба што толькі марыць — шумаізаляцыя слабая, кандыцыянера няма.
— Як працуецца сёлета?
— Мы з братам не штатныя работнікі КУВСГП “Баброва”. Анатоль працуе ў Каменскім лясніцтве на трактары, а я — вадзіцелем у прадпрымальніка. На час уборачнай кампаніі брата адкамандзіравалі ў “Баброва” на камбайн, а ён папрасіў мяне дапамагчы, папрацаваць у яго другім камбайнерам. Справа лепей ідзе, калі працуюць блізкія людзі.
Тут павінен зазначыць, што ў той дзень на полі працавалі ў асноўным так званыя “легіянеры” — работнікі іншых прадпрыемстваў і арганізацый, камандзіраваныя ў КУВСГП “Баброва” на час уборачнай кампаніі.
— Паводле зводкі райсельгасхарчу на 31 ліпеня, ура­джайнасць зерневых у “Баброве” складала 20,1 ц/га. Аднак на гэтым полі, бачу, будзе і болей, — звяртаюся зноў да Руслана Іваненкі.
— Так, гэта поле засеяна і апрацавана было нядрэнна, збажына не палягла, таму жаць яго — адно задавальненне. Рухавік працуе роўна, без збояў, зерне насыпаецца ў бункер багатай плынню. На такіх палетках працаваў бы і працаваў, за дзень на іх па дзесяць і больш бункераў можна намалочваць. Аднак, трэба прызнаць, што такіх палёў — чыстых ад травы, урад­лівых — у гаспадарцы няшмат. Толькі ўчора жалі поле, дзе ў пасевах было вельмі шмат травы. На такіх добра, калі за дзень пяць бункераў атрымаеш. Толькі дызельнага паліва больш патраціцца, чым намалоту будзе.
— Па сабе ведаю, што праца камбайнера вельмі цяжкая, патрабуе вялікай адказнасці…
— Мой працоўны дзень пачынаецца а сёмай гадзіне раніцы, калі прыходжу на мехдвор, аглядаю камбайн, рамантую невялікія паломкі, якія адбыліся напярэдадні, рэгулюю механізмы, змазваю, запраўляю. Дзесьці а дзясятай га­дзіне выязджаем на поле і да дзесяці гадзін вечара жнём.
— Дык можа лепей было б кінуць такую цяжкую працу ды пашукаць якой лягчэйшай?
— За шмат гадоў ужо прывык працаваць на камбайне. Па-другое, у прыватніка пакуль што няма заказаў, утварыўся незапланаваны водпуск, таму і вырашыў дапамагчы брату. Дапрацую ўборачную, а потым зноў вярнуся на машыну.
Вось запоўнены чарговы бункер, камбайн спыняецца, да яго пад’язджае МАЗ. Карыстаючыся момантам, перасаджваюся з кабіны камбайна ў кабіну аўтамабіля. Краем вока заўважаю, што на МАЗе ваенныя рэгістрацыйныя нумары. Знаёмлюся з кіроўцам.
— Вадзім Хаткевіч, вадзіцель Лепельскага лясніцтва Крупскага ваеннага лясгаса, прыкамандзіраваны на час уборачнай кампаніі.
— Як доўга тут працуеце?
— З самага пачатку ўборкі, пачынаў з вывазу з поля азімага рапсу.
— Рытм працы вельмі інтэнсіўны?
— Усё залежыць ад колькасці камбайнаў і ўрадлівасці поля. Учора, напрыклад, за дзень зрабіў восем рэйсаў, а пазаўчора — адзі­наццаць. Чым больш збожжа, тым лепей.
Увесь збожжавы клін КУВСГП “Баброва” налічвае 1402 гектары. Каб паспець у спрыяльныя аграрна-тэхнічныя тэрміны, працаўнікам трэба значна нарошчваць тэмпы работ. Аднак гэта стрымліваецца адной прыкрай з’явай — недахопам грошай на набыццё дызельнага паліва. На адзін дзень паўнавартаснай працы патрабуецца не менш за тры тоны. Вядома, мясцовая ўлада па меры сіл дапамагае вяскоўцам, але ж варта і ім самім пашукаць свае рэзервы.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: за штурвалам камбайна Руслан Іваненка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>