На льняных сцелішчах

IMG_4663Пасевы льна ў Лепельскім раёне істотна скара­ціліся: калі ў мінулым годзе пад гэту культуру адводзілася каля 700 гектараў, то сёлетняй вясной было пасеяна толькі 300. Гэта звязана з шэрагам фактараў, галоўны з якіх— слабае фінансавае становішча ААТ “Лепельлён”, якое, уласна, і займаецца вырошчваннем культуры і першаснай яе перапрацоўкай.
Паводле слоў дырэктара ААТ “Лепельлён” Аляксандра Смажэўскага, сёлета атрыманы неблагі ўра­джай. Асноўныя тэхналагічныя аперацыі выканалі ў спрыяльныя тэрміны, ды і надвор’е не падвяло. Праўда, дзе-нідзе лён усё ж загінуў, з 300 засеяных гектараў да ўборкі падлягалі 275. Здаецца, і глебу падрыхтоўвалі, і падкормку праводзілі, і хімпраполку…
У пачатку жніўня трактары з льнокамбайнамі выехалі на палі. Першымі, натуральна, выцярэблівалі тыя палеткі, якія былі засеяны раней і ўжо выспелі. На дзень візіту карэспандэнта нявыцерабленымі заставаліся толькі 54 гектары ля вёскі Кастрыца.
Пра іх — асобная размова. Поле ля Кастрыцы — надзея на будучыню ААТ “Лепельлён”. Увесну яно было засеяна элітным насенным матэрыялам, атрыманым з інстытуту льну. Льнаводы чакалі, пакуль насенне канчаткова выспее. Зараз затрымка можа адбыцца толькі з-за неспрыяльнага надвор’я. Як толькі наступяць пагожыя дні, усе чатыры льнокамбайны будуць скіраваны на поле. 54 гектары будуць выцерабленыя за пяць–шэсць дзён. Траста застанецца вылежвацца на полі, а галоўкі будуць звезены на льнозавод. Там іх абмалоцяць на камбайне КЗС-10. Насенне адправіцца на прасушванне на падлогавую сушылку ААТ “Чарэйшчына” ў Забароўі. Ужо ёсць дамоўленасці аб узаемадзеянні. На наступны год мяркуюцца максімальнае выкарыстанне элітнага насеннага матэрыялу, замена састарэлых сартоў.
Пачалася ўборка ўжо вылежанай льнотрасты. З поля ля вёскі Кальнікі ўжо вывезена каля 50 тон сыравіны сярэднім нумарам 0,83. Аднак і тут галоўным фактарам, які стрымлівае работу, застаюцца неспрыяльныя ўмовы надвор’я. Сырую льнотрасту нельга спрэсоўваць у рулоны, па гэтай прычыне сцяблы ў лічаныя тыдні пакрыюцца цвіллю, згніюць. У выніку валакно атрымаецца бракаваным або ўвогуле знікне. Для таго, каб траста на полі падсохла да патрэбнай кандыцыі, сухое сонечнае надвор’е па­вінна прастаяць каля двух дзён, толькі пасля гэтага можна пускаць прэс-падборшчыкі.
Адным з лепшых механізатараў на церабленні льну з’яўляецца Дзмітрый Пруднік. На сваім МТЗ-82 з льнокамбайнам ЛК-4А выцерабіў 85 гектараў. Не адстаюць Валерый Семіёненка з напарнікам Раманам Юшко. Яны на агрэгаце ТСЛ-2,4 выцерабілі 72 га. Акрамя іх, на палетках працуюць яшчэ пяць трактарыстаў.
Гараджан, між тым, найбольш цікавіць пытанне, ці спатрэбіцца сёлета дапамога на ўборцы льнотрасты. Аляксандр Смажэўскі адказвае:
— Пры захаванні спрыяльных умоў надвор’я мы можам паспець убраць трасту выключна сваімі сіламі, з дапамогай прэс-падборшчыкаў. Аднак дажджы… Да таго ж, ручная ўборка нашмат больш беражлівая за механічную. У апошнім выпадку рамянямі і меха­нізмамі машын сцяблы прымінаюцца, валокны часта рвуцца ў сярэдзіне, што рэзка зніжае якасць прадукцыі. Аднак мы стараемся быць гатовымі да розных паваротаў падзей. Заключылі дамовы з аграрна-тэхнічным каледжам і гімназіяй імя І.Ерашова аб тым, што ў выпадку патрэбы да нас на дапамогу накіруюцца групы па 25 і 20 чалавек адпаведна. Мяркую, гэтых сіл будзе дастаткова. Аднак, як і ў мінулыя гады, калі абставіны складуцца не на нашу карысць, будзем вымушаны прасіць дапамогі ў іншых гарадскіх арганізацыях.
Ужо пачалася здача льновалакна ў лік дзяржаўнага заказу. Прадукцыя вывозіцца на Аршанскі льнокамбінат і Аршанскую экспартна-сартыровачную льнобазу. Абавязковае дзяржаўнае заданне для ААТ “Лепельлён” складае 16 тон доўгага валакна і 28 тон валакна кароткага. На дзень візіту карэспандэнта на Аршанскі льнокамбінат у лік дзяржзаказу было пастаўлена 14,4 тоны доўгага валакна сярэднім нумарам 10,43, 0,8 тоны кароткага валакна сярэднім нумарам 4,0 было пастаўлена на экспартна-сартыровачную льнобазу.
З 275 гектараў палёў мяркуецца ўвосень сабраць каля 700 тон льнотрасты. Гэтага не дастаткова, каб цалкам загрузіць перапрацоўчыя цэхі льнозавода, даць людзям работу. Аднак Аляксандр Смажэўскі не апускае рукі:
— Ва Ушачах зачы­ніўся льнозавод, аднак лён там вырошчваюць. Будзем браць іх трасту і перапрацоўваць у сябе. Такім чынам перапрацуем наяўную сыравіну і забяспечым калектыў працай.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: рулоны трасты ў сховішчы.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>