Музычныя традыцыі

116У далёкім ужо 1990 годзе выпускніца Наваполацкага музычнага вучылішча Наташа Дашкевіч па размеркаванні прыехала ў Заслонаўскую музычную школу, дзе ёй прапанавалі арганізаваць у Горках клас навучання ігры на баяне і акардэоне. Жыць прапанавалі там жа. Мясцовы калгас “Парыжская камуна” выдзеліў трохпакаёвую кватэру пад інтэрнат для маладых спецыялістаў. Пачаліся працоўныя будні.

Найперш Наташа звярнулася ў мясцовую школу, дзе на той час вучылася больш за 120 дзяцей. Адразу каля 30 хлопчыкаў і дзяўчынак загарэліся новай справай, але праз некалькі заняткаў адбыўся адсеў. Большасць жа засталіся. Успамінае Наталля Міхайлаўна:
— Дзеці гарэлі новай справай, былі неабыякавымі. Аднойчы захварэла я, засталася дома. Раптам — стук у дзверы. Адчыняю — на пляцоўцы стаяць мае вучні з баянамі, прыйшлі мяне адведаць. Для такіх дзяцей ахвота працаваць і працаваць.
Для заняткаў выдзелілі памяшканне, а вось інструментаў не было зусім. Зразумела, настаўніца мела выдатны канцэртны баян. І ўсё. Па дапамогу Наташа звярнулася да тагачаснага старшыні калгаса Міхаіла Баранава. Гаспадарка тады была заможнай, грошы на рахунку мела. У Мінску набылі і прывезлі ў Горкі два баяны, акардэон і фартэпіяна. Дарэчы, гэтыя інструменты спраўна служаць і цяпер.
У першы ж год Наташа выйшла замуж, змяніла месца жыхарства…
Праз больш як 20 гадоў Наталля Міхайлаўна вярнулася ў Горкі. Справа, якую яна пачынала калісьці, не згасла, а, наадварот, развілася, выйшла на новы ўзровень. Найперш, дзякуючы дзецям і іх бацькам. У Горках і навакольных вёсках стала добрай традыцыяй аддаваць дзяцей з трэцяга — чацвёртага класа на навучанне музыкі. Хлопчыкі і дзяўчынкі з радасцю і імпэтам граюць на баянах, акардэонах, гармоніках. Бацькі, падтрымліваючы ў дзецях цягу да мастацтва, набываюць ім музычныя інструменты. На сёння з 41 вучня Горскай базавай школы ў класе баяна займаюцца 20, прычым ва ўсіх ёсць уласныя музычныя інструменты.
Вельмі шмат зрабіла Аксана Вячаславаўна Міснік, якая сем гадоў займалася з дзецьмі. Прычым не толькі перадавала ім веды, а вяла значную асветніцка-культурную работу. Дзякуючы яе намаганням з’явіліся традыцыйныя клас-канцэрты ў завяршэнні кожнай навучальнай чвэрці, арганізоўваюцца Дні імяніннікаў.
Варта распавесці пра ўдзел горскіх баяністаў у творчых конкурсах. Напрыклад, у конкурсе на лепшае выкананне беларускіх песень бяруць удзел не толькі як музыкі, а і як спевакі. Горскія хлопчыкі і дзяўчынкі абавязкова выступаюць на раённых і абласных конкурсах баяністаў і акардэаністаў і, як правіла, займаюць прызавыя месцы. Аксана Вячаславаўна разам з уменнем граць на баяне прывівала дзецям такія важныя якасці, як адказнасць, працавітасць, цярплівасць, мэтанакіраванасць.
Сёння з дзецьмі займаюцца Ірына Філіпенка, нядаўняя выпускніца Наваполацкага музычнага вучылішча, і Наталля Маляўка (колішняя Дашкевіч). Жанчыны працягваюць добрыя традыцыі, напрацаваныя гадамі. Расказвае Наталля Міхайлаўна:
— Калі бачыш у вачах дзяцей агонь, жаданне працаваць, сам ад гэтага агню запальваешся. Двое выпускнікоў збіраюцца паступаць у музычнае вучылішча, гэта не можа не радаваць. Удзельнічаем у творчых конкурсах. Напрыклад, паспяхова прайшлі раённы конкурс баяністаў і акардэаністаў, рыхтуемся выступіць на абласным узроўні. Для гэтага прэтэндэнтам трэба вывучыць музычны твор, ноты якога прысылаюцца з вучылішча. Скажу адразу, твор складаны, нават для мяне, музыканта са шматгадовым стажам. Трэба падрыхтаваць народную музыку, выступленні ў поліфаніі, твор буйной формы. Словам, працы дзецям хапае.
Да выступлення ў конкурсе ў канцы сакавіка рыхтуецца Алена Зяленіна. Аднак настаўніцы не канцэнтруюць свае намаганні толькі на ёй. Разам з Аленай на баянах граюць яе сястра Віка, Саша Семянько, сёстры Даша і Аня Грак, Іван Петух, Алег Шалак і шмат іншых. Вядома, не ва ўсіх атрымліваецца граць аднолькава ўдала, але ўсе вельмі стараюцца.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: Віка Зяленіна (на пярэднім плане) і Наталля Маляўка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>