Можем сделать бетонный фундамент, можем баньку составить из бруса

img_4764 У чым можна папракнуць моладзь? Толькі не ў адсутнасці прагматызму. Колькі б ні казалі, што раней маладыя людзі былі больш самастойнымі і працавітымі, не згаджуся. Успомніце, як мы вучыліся і да сваёй невялікай стыпендыі з нецярпеннем чакалі даважку — бацькоўскай дапамогі.

Вучоба, праўду казаць, была нялёгкая. Вучыліся на стацыянары, стараліся не “залятаць”, бо далёка не ва ўсіх бацькі былі міліянерамі, і без тых сарака рублёў стыпендыі доўга б не працягнулі. Тым не менш вагоны начамі разгружаць — у той час гэта, мабыць, быў ці не адзіны спосаб папоўніць студэнцкі кашалёк — хадзілі, можа, адзінкі. Астатнія ж неяк перабіваліся. Нават фальклор студэнцкі казаў сам за сябе: “Нам так мало дано — сорок рэ на четыре недели. Я проел их давно, и душа еле держится в теле”. Альбо іншае: “Мы зимой и летом ездим без билетов… Ведь студенты мы, не богачи”. Пра ўласнае аўто ніхто нават і не марыў, хіба што сынкі якіх вялікіх начальнікаў.
Зірніце на студэнтаў цяперашніх — спрэс ездзяць на машынах. Згадзіцеся, цікава было б ведаць, колькі, напрыклад, навучэнцаў нашага каледжа маюць уласныя аўто? І іншую лічбу: колькі з іх зарабілі на машыну самі? Паверце, што і такіх нямала.
Калі раней падлеткі і маладыя людзі, выбачайце, бадзяліся ўсё лета, а дарослыя ламалі галовы, чым бы іх заняць, “абы дзіця не плакала”, то зараз лепшая, так званая “залатая”, моладзь шукае ўлетку работу. А хто шукае, той знаходзіць. Вось і мае новыя знаёмыя Павел Кавалёнак і Эдуард Мядзведзеў не чакалі летам “манны нябеснай”. Далі на “Лепельбаі” аб’яву, маўляў, можам выконваць пэўныя будаўнічыя работы. І праца неўзабаве знайшлася.
Што ўмеюць? Ды ўсё ўмеюць, нездарма ж сябры — а сябруюць Паша з Эдзікам яшчэ з дзіцячага садзіка — чацвёрты год вучацца ў каледжы на будаўнікоў. Хай сабе не выдатнікі, але сяму-таму навучыліся.
— Можам зрабіць бетонны падмурак, можам лазеньку скласці з бруса.
Будаўніцтва зараз хапае, маладыя спрытныя рукі аказаліся запатрабаванымі. І ў выніку васямнаццацігадовыя юнакі на заробленыя грошы пакуплялі машыны. Хай не з заводскага цэха, а па сродках, ды, напэўна, не апошнія ў іх жыцці. Будзе ў хлопцаў яшчэ і іншая, новая тэхніка, аднак першая машына, як і першае каханне, запомніцца на ўсё жыццё.
— Хацелі б нават невялікі бізнэс запусціць, — усміхаюцца сябры, паказваюць фота. — Вырашылі самі зрабіць садовыя арэлі. Паспрабавалі — атрымалася. Праўда, навару пакуль не атрымалася, суседу па-сяброўску загналі.
— Чакайце, дык яны ж металічныя, гэта ж дарагое задавальненне.
— Так, метал куплялі ў магазіне вельмі дорага, а астатнае — сваімі рукамі, пакуль на балтах. Аднак, магчыма, і зваркай зоймемся.
Вось гэта прадстаўнікі сучаснай моладзі, якую мы чамусьці так любім дакараць за інфантыльнасць і няздольнасць да самастойнага жыцця. Гэтым бацькі “крутых тачак” не куплялі і кватэр не дарылі, бо яны з простых працоўных сем’яў, дзе дбаюць не пра раскошы, а пра кавалак хлеба надзённага.
Толькі ж не падумайце, што васямнаццацігадовыя хлопцы ўсё жыццё свету белага не бачылі, адно што закручвалі балты на самаробных арэлях і мясілі бетон. У кожнага з іх было па-свойму непаўторнае дзяцінства. Разам хадзілі на дзюдо, у трэнажорку, затым у турыстычны гурток. Праўда, у Эдзіка гэта атрымлівалася неяк больш сістэмна: любіў падкачаць мускулатуру, пасноўдаць па канатных дарогах. І нават займаў першае месца ў раённых спаборніцтвах. Што граха таіць, не абыходзілася і без траўмаў. Прыгадаем: “Шрамы мужчину украшают и мужество лицу их придают”. А на яго старонцы “УКантакце” знаходзім і іншыя радкі — як жыццёвае крэда сучаснага паспяховага маладога чалавека: “Кто не курит и не пьёт, ровно дышит, сильно бьёт”.
У Пашы таксама было не без поспехаў. Быў ён і ў тройцы прызёраў. Аднак затым паявіліся іншыя захапленні — творчыя. Хлопец добра малюе алоўкам, гуашшу. Хадзіў у студыю выяўленчага мастацтва. Пасля захапіўся разьбой і выпальваннем. На жаль, не ведае, дзе тыя яго першыя мастацкія вырабы. А выразаў карціны. Попельніцу зрабіў у выглядзе пянька — на трох нагах. Два гады разьбою займаўся.
Падлеткавыя захапленні неяк самі сабою спакваля адышлі на другі план. Паявіўся дарослы абавязак. Трэба вучыцца, чацвёрты курс. Да зімы трэба зрабіць дзве курсавыя, затым — дыпломная. Тут ужо не да захапленняў. Абодва мараць паступаць вучыцца далей, па ўсім відаць, па выбранай будаўнічай спецыяльнасці. Добра разумеюць, што без вышэйшай адукацыі зараз цяжка дабіцца поспеху ў жыцці.
На здымку: сябры з дзяцінства і па жыцці Эдуард Мядзведзеў і Павел Кавалёнак.

Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>