Мечты сбываются у юных лепельчан…

1609306319360Навагоднія святы – гэта час, калі ажыццяўляюцца неверагодныя і запаветныя жаданні. Могуць завітаць у госці добрыя сябры, якіх не бачыў шмат часу і з якімі хочацца падзяліцца апошнімі навінамі. Надыходу Новага года і Калядаў з асаблівым пачуццём чакаюць дзеці, бо гэта – час падарункаў.

У ваеннаслужачых 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна склаліся асаблівыя адносіны з выхаванцамі дзіцячых дамоў сямейнага тыпу нашага раёна. Напярэдадні навагодніх святаў яны прыяз­джаюць у Лепель, прывозяць падарункі. Дзеці ж па запрашэнні афіцэраў наведваюць Бароўку, дзе для іх арганізуецца Дзень адчыненых дзвярэй. Надоўга запомніцца хлопчыкам і дзяўчынкам экскурсія па навучальным цэнтры батальёна, дзе сабраны артэфакты з розных экспедыцый, праведзеных ваеннымі археолагамі ва ўсіх рэгіёнах Беларусі за некалькі гадоў існавання вайсковай часці.
Вось і сёлета афіцэры пошукавага батальёна зноў наведаліся на вуліцу Чуйкова. Перад прыездам яны спыталіся, чаго найбольш чакаюць дзеці і дарослыя. У мінулыя гады вайскоўцы прывозілі ў падарунак спартыўна-фізкультурны інвентар, футбольныя і валейбольныя мячы і, вядома ж, цукеркі. Сёлетнія ж падарункі стануць карыснымі не толькі для выхаванцаў, а і для іх прыёмных бацькоў.
У прызначаны час жыхары дзіцячых дамоў сабраліся ў двары. У госці да іх прыехалі ваенныя археолагі.
– Добры дзень, дзеці, – прывіталі гаспадароў камандзір батальёна падпалкоўнік Аляксандр Трубека і яго намеснік па ідэалагічнай рабоце капітан Аляксандр Клімовіч. – Як вы жывяце? Чакалі сёння гасцей?
– Прывітанне! Мы заўсёды рады гасцям! – адказалі юныя і дарослыя жыхары дзіцячых дамоў.
У доме прыёмных бацькоў Наталлі і Уладзіміра Міхайлавых у цяперашні час выхоўваецца 7 дзяцей: 6 прыёмных і родная дачушка Васіліса. А ў час святаў колькасць жыхароў дома павялічваецца больш, як удвая – у госці прыязджаюць амаль усе былыя выхаванцы. Вось і на гэты раз, у дзень прыезду афіцэраў з в. Бароўка ў прыёмных мамы і таты гасцявала Дыяна Каралёва, дзяўчына з іх самага першага выпуску. Дыяна сама стала матуляй, прыехала ў гос­ці з сыночкам Вадзімам. Наталля Мікалаеўна і Уладзімір Аляксандравіч называюць яго ўнукам, а сябе – маладымі бабуляй і дзядулем.
Гэты год для прыёмнай сям’і Міхайлавых адзначаны тым, што іх выхаванец Валодзя Валевіч, які вучыцца ў Поўсвіжскай базавай школе, заваяваў дыплом ІІІ ступені на раённай алімпіядзе па рус­кай мове.
У сям’і Людмілы Шнітко таксама зараз выхоўваецца 7 дзетак. Апошні час у іх доме пасяліліся Руслана і Раман Пасцеевы – сястра з братам. Дзеці хутка ўліліся ў новы калектыў, сталі паўнапраўнымі членамі вялікай сям’і і неўзабаве будуць у ёй сустракаць свой першы Новы год.
Вось і надышоў час дарыць падарункі.
– Вось гэтую скрынку перадаём самаму дужаму, – кажа Аляксандр Трубека і ўручае мультыварку – рэч, безумоўна, патрэбную ў кожнай сям’і, а ў вялікай – тым больш.
– Гэты пакунак трымайце і нясіце вельмі акуратна, там – набор кухоннага посуду таксама для вялікай сям’і, – працягвае афіцэр. – А вось гэты пакет – для самых маленькіх. Здагадайцеся, што там?
– Цукеркі! – прагучаў дружны адказ.
А на развітанне госці ра­зам з дзецьмі сфатаграфаваліся на памяць.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>