Магчыма, моладзь не ведае, мясцовыя ж жыхары старэйшага і сярэдняга пакаленняў у лепельскіх Чэрцах добра памятаюць, як выглядалі плошчы, дзе зараз знаходзіцца сортаўчастак

173Магчыма, моладзь не ведае, мясцовыя ж жыхары старэйшага і сярэдняга пакаленняў у Чэрцах добра памятаюць, як выглядалі плошчы, дзе зараз знаходзіцца сортаўчастак. Я сам яшчэ падлеткам пасвіў у тых краях кароў. Было там крыху пашы, але болей — кустоў. Толькі празявай кароў на Папоўцы — ці знойдзеш іх пасля. Забяруцца ў такія хмызнякі, што лавіць будзеш аж пад Гарадчэвічамі.
Хадзілі крыху ў тыя мясціны і ў маліны. Праўда, было там не так шмат малінніку, як, скажам, у Навінах, аднак бітончыкі набіралі.
Цяжка было прымроіць-прысніць нават у дзівосным сне, што неўзабаве на Папоўцы — менавіта так называюць урочышча паміж Чэрцамі, Палянамі і Гарадчэвічамі — раскінецца… акультураны стэп.
Меліяратары прыйшлі ў наш калгас напрыканцы сямідзясятых і да непазнавальнасці змянілі мясцовы ландшафт. Каналы забралі лішнюю ваду. Праўда, ці лішнюю, бо неўзабаве пасля знікнення балот пачало забалочвацца само возера. Ды гэта іншы аспект праблемы. А на месцы высушаных балот неўзабаве забуялі палі.
Неяк дагэтуль я, прызнацца, мала цікавіўся лёсам былой нашай Папоўкі. На месцы калгаса ў нашых мясцінах арганізавалі КУВСГП “Лепельская сортавыпрабавальная станцыя”. Ведаў, што ля Аршанкі стварылі сортаўчастак, але бываць там амаль не даводзілася, з сельскагаспадарчай сфераю мае дарогі амаль не перакрыжоўваліся.
І вось я на сортаўчастку. Шчыра прызнаюся, у мяне “гуманітарны шок”. Ніколі не падумаў, што ўсяго за некалькі сотняў метраў ад сваёй хаты ўбачу… “батанічны сад”.
Словы гэтыя на ўсялякі выпадак вазьму ў двукоссе, як-ніяк да мінскага “аазісу кветак” яму далёка. І ўсё ж па-іншаму, як батанічным садам, нашу цяперашнюю Папоўку назваць цяжка. Выдатны гадавальнік збажыны, зернебабовых, ільну, бульбы…
Сустрэліся з гаспадыняй сортаўчастка Вольгай Петуховай, якая, дарэчы, больш за дваццаць гадоў шчыруе тут. Закончыла агранамічны факультэт Горацкай сельгасакадэміі па спецыяльнасці “селекцыя і насенняводства”, папрацавала крыху галоўным аграномам у суседняй гаспадарцы “Парыжская камуна” і ў 1994-м перайшла на сартастанцыю.
— У той час тут ужо існаваў сортаўчастак, — распавядае Вольга Дзмітрыеўна.— Ён заснаваны ў дзевяностым годзе. Загадвалі Баранаў, Жураўлёў, Шуневіч, я ўжо чацвёртая. А ў цэлым сортавыпрабаванні праводзіліся ў СССР з трыццаць сёмага, а на Лепельшчыне — з сорак сёмага года. З усіх краін СНД самыя грунтоўныя выпрабаванні праводзіць Беларусь.
— З кім вы супрацоўнічаеце?
— Вось нядаўна прымалі дэлегацыю з Прыбалтыкі, прадстаўнік з Германіі быў. Госці засталіся задаволеныя. Шэраг замежных фірмаў, такіх як “Сенгента”, “Баёр” і інш., заказваюць нам тэхналагічныя доследы на зімаўстоўлівасць і г.д.
— Якая плошча сортаўчастка? Хто тут працуе?
— Усяго ў нас пяцьдзясят тры гектары зямлі. На сартастанцыі гэта можа і лепшыя землі, аднак калі параўноўваць з іншымі рэгіёнамі, то ў нас суровыя паўночныя раёны. На Віцебшчыне даволі цяжкія землі — суглінак, супесь. Працуюць шасцёра аграномаў, механізатар, на сезон наймаем аднаго-двух рабочых.
— І як жа вы спраўляецеся такімі невялікімі сіламі?
— Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што тут практычна ўсё механізавана: і пасадка, і падкормка, і хімпраполка, і ўборка. Але гэта не азначае, што не знаходзіцца працы рукам. Ручной працы хапае і на ўборачнай, і адбор доследных раслін на пробы аграномы робяць уручную, ды і шмат іншай не тэхнічнай працы. Нялёгка, асабліва на спякоце, але калектыў зладжаны, звыклы, шмат маладых, якія на практыцы паглыбляюць тут веды, атрыманыя ў навучальных установах.
— Якая тэхніка задзейнічана?
— Два малагабарытныя ўборачныя камбайны, чатырохрадная саджалка, трактар МТЗ-80 з акучнікам.
— Якія доследы і з якімі культурамі праводзіце?
— На сортаўчастку праходзяць выпрабаванні 48 сельскагаспадарчых культур — зерневыя, рапсы, кукуруза, віка, гарох, люцэрна і г.д. Зразумела, бульба, а таксама кармавыя травы.
* * *
…Сцяною стаіць на сортаўчастку азімая пшаніца, выпрабоўваецца каля паўста гатункаў. Сёлета яна надзіва добра перазімавала, нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы — зіма, як помнім, выдалася маласнежнай. Выпрабоўваюць тут і рапсы, прынамсі, паўкарлікавыя, якія паспяхова выжываюць за кошт таго, што не перарастаюць. Яравы рапс тут у асноўным нямецкай селекцыі, гатункаў “салор”, “міракел”, “калібра” і інш. Зразумела, каб атрымаць добры вынік, трэба своечасова ўнесці неабходныя ўгнаенні, прапалоць. Як шчотка, расце фасоля і бабы. На выпрабаванні знаходзяцца чатыры гібрыды кармавых буракоў. Раней не ўдавалася вырасціць якасны лён. Сёлета і той парадаваў. Пасадзілі чатыры гатункі маслянічнага і даўгунец — прыемна глянуць: роўненькі, акуратненькі, ні табе палегліцы, ні няўдобіцы. Хоць ірві ды на кашулі пускай. Ды толькі сортаўчастак не для прамысловага выкарыстання паддоследных культур.
Асаблівая гордасць — гарох. Ён у Чэрцах, як ведаем, не палягае, а значыць, і не псуецца. Буйны, салодкі на смак, вельмі ўраджайны, дае да шасцідзесяці цэнтнераў з гектара. Культурамі, пакуль яны на выпрабаванні, гандляваць забаронена. Аднак пасля таго, як пройдуць выпрабаванні, пасля трох гадоў, і будуць уключаны ў рэестр — чаму б і не! Можна купляць гатунак у фірмы-заказчыцы, адпаведна заплаціўшы ёй працэнты ад рэалізацыі гатунку. Хоць і дорага, аднак закупілі тону гароху для пасеву на трох гектарах, заплацілі недзе каля дваццаці мільёнаў рублёў (да дэнамінацыі). Налета мяркуюць гарох прадаваць.
На выпрабаванні знаходзіцца трыццаць сем гатункаў бульбы пяці груп спеласці. Сярод іх ультрараннія нямецкія — “нандзіна”, “разара”, беларускія “першацвет”, “лілея”, якія даюць ураджай на трыццаць пяты дзень. Сёлета, праўда, бульба крыху запазнілася, бо стаяла халодная вясна, яна доўга не магла ўзысці. Ці смачная бульба ў Чэрцах? Вольга Петухова кажа, што кожны гатунак, вядома, на аматара, аднак па-свойму цікавы. Трынаццаць ранніх, дзевяць сярэдняранніх, сем сярэдняспелых, пяць сярэдняпозніх і два познія гатункі. Дарэчы, апошнія болей крухмалістыя і болей устойлівыя да фітафторы. А ўвогуле, стапрацэнтна ўстойлівай да фітафторы бульбы няма, гэта, па словах Вольгі Дзмітрыеўны, міф. Высокім утрыманнем крухмалу славяцца “рагнеда”, “універсал”. Шмат каму даспадобы і “скарб”. У свой час на сортаўчастку выпрабоўвалі надзвычай высокаўраджайны нямецкі гатунак “джэлі”, з якога атрымлівалі па пяцьсот семдзесят цэнтнераў з гектара. Аднак на смак ён спадабаўся б не кожнаму. Кармавыя травы (соргасуданкавыя гібрыды “КВС”, “Фрэя” і суданская трава), якія тут выпрабоўваюцца, за 60 — 65 дзён набіраюць зялёнай масы да тысячы цэнтнераў з гектара. Вось гэта ўраджай!
Зрэшты, простае правіла сортавыпрабавання вас можа расчараваць. Паддоследныя культуры нельга ні прадаваць, ні выкарыстоўваць у якасці пасадачнага матэрыялу, нават на сортаўчастку, на наступны год. Па заканчэнні выпрабавальнага сезона ўсё падлягае ўтылізацыі. На практыцы гэта азначае: усё ў адну кучу — і на корм жывёле. А новыя гатункі для выпрабаванняў налета зноў даставяць паводле заяўкі дзяржаўнай інспекцыі па сортавыпрабаванні і ахове раслін.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: Вольга Петухова дэманструе гатункі азімай пшаніцы.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>