Лепельский рынок: условия для продавцов и покупателей

rynokРынак у такіх гарадах, як Лепель, з’яўляецца месцам, дзе можна не толькі набыць тавары, але і сустрэць знаёмых, пагутарыць
пра надзённыя справы.
Асабліва прыцягвае ён вясковых жыхароў нашага раёна, якія спяшаюцца сюды амаль кожную нядзелю.
— Чаму менавіта на базар накіроўваецеся адразу з аўтавакзала? — задаю пытанне знаёмым. — Зараз жа ў горадзе шмат розных магазінаў.
— Напэўна, па звычцы. Як пятнаццаць гадоў прыязджалі ў выхадныя, так і цяпер гэта робім. З намі і іншыя аднавяскоўцы спяшаюцца менавіта сюды. Часцей — на ўласным транспартным сродку, а часам — і на аўтобусе.
— Няўжо за гэты працяглы перыяд нічога не змянілася?
— Амаль нічога. Раней набывалі паўсядзённыя тавары на рынку і цяпер купляем. Нават знешні выгляд самога базару не змяніўся, — смяецца мой суразмоўца. — У дождж імкнёмся хутка прабегчы па гандлёвых радах, бо з дахаў ралетаў на плечы цячэ вада — вельмі вузкія яны.
І такіх грамадзян вельмі шмат. Сям’я прыязджае на аўтамабілі, набывае для сябе прадукты, адзенне, бытавую хімію і іншыя рэчы.
Чаму я закранула тэму работы рынку? Таму, што неаднаразова, і асабліва ў апошнія часы на адрас рэдакцыі паступаюць тэлефонныя званкі наконт вузкіх праходаў паміж ралетаў, ямін у асфальтавым пакрыцці на тэрыторыі рынку, ды і ўвогуле непрывабнага выгляду гэтага гандлёвага месца.
Нядаўна некалькі жанчын прапанавалі прайсціся па базары і ацаніць гэтае месца з эстэтычнага пункту гледжання і добраўпарадкавання, папрасілі асабліва звярнуць увагу на грамадскую прыбіральню, асфальтавае пакрыццё і непрывабны выгляд некаторых ралетаў.
Вельмі прыемна, што лепяльчане жадаюць і прыкладаюць намаганні, каб родны горад выглядаў прыгожа. Яно і зразумела: сучасны час дыктуе адпаведныя ўмовы.
Праходзячы па радах, кожны можа адзначыць, што на самой справе за мінулыя дваццаць гадоў тут амаль нічога не змянілася. На большай частцы рынку — тыя ж металічныя ралеты, дзе прадаўцы раскладваюць і развешваюць кожную раніцу тавар. Нельга адзначыць з боку прывабных змен знешні выгляд і адкрытых гандлёвых шэрагаў, дзе жанчыны прадаюць часнок, цыбулю і іншую гародніну.
Сюды адразу і накіроўваюся. У нядзелю прадаўцоў тут было няшмат. Звычайна, як пачынае цяплець, тут сама набываю кветкі.
— Па чысціні ў мяне ніякіх заўваг няма, — кажа адна з жанчын, — Аднак, здараецца, не хапае месца. Хацелася б, каб гандлёвы шэраг быў больш прыкрыты, як у іншых раённых цэнтрах. Як толькі пачынаецца дождж, кроплі трапляюць не толькі на пакупнікоў, а і на тавар. У выніку ён набывае непрывабны выгляд. Такая ж праблема і пры вялікіх вятрах, якія намятаюць пяску на прылавак.
— А я не заўсёды бачу чысціню на прылаўках, таму дадаткова сама праціраю сваё гандлёвае месца і толькі потым раскладваю тавар. Хацелася б, каб наш рынак меў больш сучасны выгляд. А яшчэ хутка жанчыны будуць расаду расстаўляць на зямлі, бо не хапае месца. Зараз яшчэ надвор’е не для масавага гандлю, — кажа другая жанчына.
У той жа час гандляркі выказалі задавальненне, што дах не працякае, на галаву не капае. Але ж, на маю думку, так і павінна быць.
Падыходжу да трэцяга прадаўца, якая толькі пачала раскладваць тавар:
— Больш за ўсё мяне на нашым базары абурае туалет, куды не хочацца заходзіць. Такіх ужо не павінна быць у сучасным свеце. Прапаную пра яго і напісаць, — з эмоцыямі далучылася да размовы лепяльчанка.
Далей накіроўваюся да гандляроў адзеннем. Дзяўчаты жывуць у Лепелі шмат гадоў, ведаюць сітуацыю, можна сказаць, знутры. На маю прапанову пагутарыць пра праблемы тых, хто тут працуе кожны дзень, адразу адгукнуліся.
— Дваццаць гадоў працую на рынку, за гэты час нічога тут не змянілася. Памятаю толькі, што жанчынам, якія гандлююць гароднінай, абнавілі металічны навес. Звярніце ўвагу на нашы ралеты, якія стаяць на дошках, цаглінах. Падлога, зробленая намі, не райспажыўтаварыствам, гніе. А прычына таму — падцяканне вады пад ралет. Кожны з нас гэты непарадак спрабуе ліквідаваць рознымі спосабамі. Аднак жа трэба шукаць іншы варыянт вырашэння праблемы.
Акрамя гэтага, райспажыўтаварыства выкупіла ралеты ў некаторых індывідуальных прадпрымальнікаў. Яны цяпер арэндуюць і памяшканне, і зямлю. Мы ж усё рабілі за свае грошы. Мне, напрыклад, давялося ўкласці дзве з паловай тысячы долараў, каб пабудаваць свой ралет. Абурае тое, што арэнду плацім з імі аднолькавую — 121 рубель за месяц.
Тут жа дзяўчаты ўзнялі праблему і з туалетам, які людзі імкнуцца наведваць як мага радзей.
— Нам таксама хочацца працаваць у добрых умовах, — рэзюмавалі іншыя прадаўцы.
Н. ВЕСЯЛОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>