Лепельская юная майстрыха

247Сёлета калекцыя прызавых дыпломаў Поўсвіжскай СШ папоўнілася яшчэ дзвюма. Дыпломы ІІІ ступені на раённай выставе работ дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Горад майстроў-2014” атрымалі ўдзельнікі клубаў па інтарэсах (так цяпер называюцца школьныя гурткі) “Фантазія” і “Рукадзельніца”, якімі кіруюць адпаведна Ірына Сяргееўна Хадатовіч і Марыя Анатольеўна Славікава, педагогі дадатковай адукацыі.
Вось што расказала кіраўнік “Рукадзельніцы”:
— Дзеці займаюцца пяты год. Першыя тры, як кажуць, рабілі напрацоўкі. І вось ужо два гады займаем прызавыя месцы на розных конкурсах. Клуб па інтарэсах наведваюць восем дзяўчат. І яшчэ дзеці з 4 — 5 класаў прыходзілі на пробныя заняткі. Хораша атрымліваецца ў сямі­класніц Дзіяны Бондаравай, Каці Яршовай. Тыя, хто займаецца па другому году, вяжуць майкі, тунікі — гэта такія летнія майкі, доўжанькія. Займаемся па спецыяльнай праграме: дзеці знаёмяцца з гісторыяй вязання, тэхнало­гіяй рамяства, спасцігаюць навуку вязання кручком, пры гэтым выкарыстоўваючы вязальны відэлец. Выкрайкі знаходзім у інтэрнэце, шукаем у старых кнігах па вязанні. Неабходныя прылады — спіцы, кручкі — дзеці прыносяць свае. Часам мы дапамагаем ім набыць, раім, якія лепшыя.
Найбольшага поспеху ў вязальнай справе дасягнула вучаніца дзявятага класа Лідзія Жарнасек. Яна звязала прыгожую камізэльку, якая, дарэчы, і заняла прызавое месца на конкурсе.
— Ці даўно ты вяжаш? — пытаюся ў дзяўчынкі.
— Яшчэ з пачатковых класаў. Там мы вучыліся вязаць на ўроках працы ў Ірыны Спірыдонаўны Гурко. Але сур’ёзна занялася вязаннем у “Рука­дзельніцы”.
— І што ўжо звязала?
— Спачатку мы сурвэткі апрацоўвалі. Затым сарафан звязала для пляменніцы і камізэльку, якую падарыла стрыечнай сястры. А яшчэ дапамагала Марыі Анатольеўне вязаць карову сёлета, а летась — ката. Гэта мяккія цацкі. Яны таксама атрымалі прызы — на дабрачынным конкурсе “На добрую памяць”.
— А чаму яшчэ навучылася ў школе?
— На цымбалах іграць. З трэцяга класа займаюся. ­Удзельнічаю ў ансамблі “Таўкачыкі”. З калектывам ездзілі ў Польшчу, былі ў Віцебску, Полацку.
Такім чынам, у школе не толькі вучаць розным прадметам, але і выхоў­ваюць музычны густ, і нават… апранаюць. У клубе па інтарэсах дзяўчаты атрымліваюць навыкі практычнага жыцця і вучацца рабіць рэальна неабходныя рэчы.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: дзевяцікласніца Лідзія Жарнасек.
Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>