«Калядкі-калядачкі! Бліны ды аладачкі…» ў Лепелі

28 снежня 024 «Калядкі-калядачкі! Бліны ды аладачкі…» Чаму ж толькі бліны? Калядны стол, асабліва сучасны, — гэта і пірагі, і тарты, і булкі, і пернікі, якія ўзвышаюцца над усялякай смажанінай ды салянінай і годна ўпрыгожваюць яго. Стагоддзе індустрыялізацыі істотна пасунула патэльню з блінамі.

А таму мы кіруем на кулінарны камбінат, каб на свае вочы ўбачыць, дзе і як растуць тарты з пернікамі. Дырэктар камбіната Вольга Лаўрыненка, шчыра скажам, здзівілася: “Ну што ж тут можна ўбачыць цікавага ды новага? Кожны год — адна і тая ж схема, хіба што з новай фантазіяй”. А я, прызнацца, упершыню ўбачыў тую металёвую печку, з якой выскокваюць «калабкі». І так жа мне яна нагадала рускую печачку з казкі «Гусі-лебедзі», якая прапаноўвала Іваначку свой гарачы піражок. Ці ж не цуд! Думаю, што і чытачам нашай газеты цікава даведацца, як на кулінарным камбінаце «па засеках скрабуць ды мятуць», вырабляючы калабкоў.

Усё, вядома, выглядае куды больш празаічней, чым у казцы, але тым не меней… На камбінаце — чатыры цэхі. Нас цікавіць самы вялікі — кандытарскі, які працуе ў… чатыры змены. Дзевятнаццаць кандытараў стараюцца. Некаторыя работнікі цэха пачынаюць працу з пяці раніцы. Менаві­та ў гэты час адчыняецца склад, пад’язджаюць машыны і пачынаецца адгрузка. Трэба ж, каб ужо зранку прадукцыя трапіла ў магазіны, каб у школьныя сталовыя і буфеты паляцелі свежыя булачкі, пірожныя, крэндзелі і г.д. Раптам камусьці захочацца ўжо зранку пачаць «салодкае жыццё».

Зазірнём жа на «кухню» камбі­ната, каб на свае вочы ўсё пабачыць. Ды што там выпечы! Ці ж не чыталі казкі пра «лёгкі хлеб»? Трэба спачатку цеста замясіць. Робяць гэта па спецыяльных рэцэптах і на адмысловым абсталяванні з выкарыстаннем цеста­змяшальнікаў, раскатвальных машын — усяго… два чалавекі на змене. На гэты раз працуе брыгада Наталлі Скамарошчанкі. Уявіце сабе, за адзінаццаць гадзін змены кандытары вырабляюць да трыццаці найменняў розных вырабаў. Зразумела, што кожны «калабок» па-рознаму нараджаецца. І замешваецца кожны выраб у сваёй «дзежцы», і «расце»-падыходзіць уласным чынам. А пасля дзеляць на порцыі. І раздзяляюць, між іншым, уручную, бо трэба камочку цеста прыдаць пэўную форму і зрабіць малюнак.

Не, вядома, без тэхнікі кандытары б «засыпаліся»! Але ж разумнымі машынамі, якія дапамагаюць тут людзям, кіраваць трэба. Ладзіць-гладзіць іх вопытны электрык Мікалай Рудыка. Ужо «руку набіў» на сваёй справе, а таму, хоць і пенсіянер, не адпускаюць, цэняць вельмі на камбінаце працу Мікалая Піліпавіча.

Нарэшце, умоўна кажучы, «калабок» замяшаны, раскатаны, размаляваны. Пекар, які ёсць у кожнай змене, змазвае яго алейчыкам, ці яшчэ чым, ды — на патэльню. Патэльня не адна, а ўсе дванаццаць, якія прама на вазочку адпраўляюцца ў печ. На адной патэльні змяшчаецца чатыры-шэсць вырабаў, а калі маленькія, булачкі ці крэндзялькі, то і ўсе дваццаць. Пекар Ірына Міснік, якая зараз на змене, выстаўляе пэўную тэмпературу. Усё, хутка будуць жоўценькімі ды румянымі калядныя «калабкі». І ехаць ім з печы ў халодную камору, што завецца складам гатовай прадукцыі, каб чакаць чаргі ў крамы — і на наш стол.

Адных толькі тартоў да свята кулінарны камбінат паставіў больш як дваццаць найменняў. Адны назвы чаго вартыя: «Казачны», «Вікінг», «Шакаладны прынц», «Какосавы водар» і г.д. А сярод іх — сапраўдны калядны «калабок» у выглядзе казачнага доміка, у якім, памятаеце, яшчэ Баба Яга ў свой час зёлкі варыла. Хараство дый толькі! І каштуе, кажуць, нядорага — тысяч пяцьдзясят. Дзе ты за такія грошы домік сабе ў Лепелі купіш, хоць бы і казачны!

Сярод іншых калядных прысмакаў гэты домік заняў пачэснае месца на адмысловай выставе, якую па традыцыі ладзяць кулінары. Усю сваю багатую фантазію прымяняюць, каб парадаваць пакупніка. Тут і «елачкі», і «снегавічкі»… Ды ці мала чаго наляпіць можна ў святочным натхненні. Усяго каля сямідзесяці найменняў кандытарскіх вырабаў былі на выставе, якую ладзяць ужо чацвёрты год.

Свет быў бы занадта суровы, калі ў яго не падмешваць хоць крышачку казкі. Каму-каму, а кулінарам гэта добра вядома. Дык жывіце ж, лепельскія кулінарныя «калабкі»!

 Уладзімір МІХНО.

 На здымку: такі дом, што ў руках у кладаўшчыцы Кацярыны Мацкевіч, пабудуеш толькі ў казцы альбо спячэш на кулінарным камбінаце.

 Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>