Кафэ пры дарозе на Лепельшчыне

422 У Заслонаве няшмат дарог. Адна з іх бяжыць у так званы «спальны раён», вельмі прыдатны для адпачынку. Прырода не абдзяліла пасёлак ландшафтам: густы лес, непадалёк — рэчка. Адпачывай колькі хочаш. Аднак адпачынак на прыродзе недарэмна часта называюць «дзікім». Колькі ні грэйся на сонейку, усё роўна прыйдзе час, калі захочаш есці. Ды і іншыя натуральныя патрэбы, як бы ні было, спраўляць трэба. Вось у «дзікага» адпачынку і ёсць свае мінусы… А таму мы нямала здзівіліся, убачыўшы пры дарозе сярод некранутай прыроды… спадарожнікавую талерку на бярозе і дзве, мужчынскую і жаночую, прыбіральні, што мелі зусім не закінуты, а вельмі нават прыстойны выгляд. Зрэшты, гэтыя пабудовы былі тут не адзінымі. Непадалёк высіўся шацёр з красамоўнаю беларускаю назваю «Крыніца». Рэдакцыйная машына спынілася ля кавярні. Вельмі ж хацелася пабачыць гаспадароў гэтага экзатычнага шатра, які мне чымсьці нагадаў вя­лізную армейскую палатку, аснашчанана спутнікавым тэлебачаннем.

На ганку нас сустрэў не гаспадар, а гаспадыня. Строга запыталася, хто мы і… не пусціла. Як аказалася, мы зрабілі спробу зайсці не ў саму кавярню, а ў харчблок. Усё зразумела: кухня — святое і няма там чаго рабіць нам. Гаспадыня ветліва прапанавала зайсці ў абедзенную залу, інтэр’ер якой нам вельмі спадабаўся. Чыста, акуратна, прыгожыя столікі з крэсламі, дэкаратыўнае сядзенне, выразанае з калоды. Ёсць і знадворная частка залы пад адкрытым небам — для аматараў пачаставацца на сонейку.

Гадоў шэсць у Заслонаве працуе прыватнае сямейнае кафэ, якое трымае сям’я Ляўковічаў. Ён ваеннаслужачы, яна былы фельчар, Сяргей і Наталля вырашылі заняцца бізнэсам. Наладзілі стасункі з ААТ «Крыніца», чый брэнд і ўпрыгожвае шацёр. Насамрэч кафэ пры дарозе назвы не мае, а «Крыніца» выдзеліла ў карыстанне Ляўковічам не толькі шацёр, але і абсталяванне, неабходнае для разліву піва і квасу, а таксама мэблю. Мабыць, затое, што прадпрымальнікі гандлююць гэтым самым півам і квасам і такім чынам ствараюць «Крыніцы» рэкламу.

Зрэшты, напіткі, алкагольны і безалкагольны — не адзінае ў асартыменце кавярні. Тут можна смачна, а галоўнае — нядорага, перакусіць. Ды што там перакусіць — паабедаць. Напрыклад, сёння гаспадары прапануюць у меню, напісаным, як у школе, крэйдаю на дошцы, порцыю пельменяў за пятнаццаць тысяч, чабурэк за дзесяць і суп-лапшу ўсяго за восем тысяч рублёў. Што ж, па-мойму, цалкам прымальныя цэны. Акрамя таго, тут можна папіць соку, пачаставацца рознай саладэчаю. Дзеля гэтага гаспадарам самім давялося рабіць драўляную частку кафэ, дзе размяшчаецца кухня.

— Ці шмат наведнікаў? — пытаюся ў гаспадыні. — Месца ж не надта бойкае…

— Чаму? — адказвае. — Дзе яшчэ знойдзеш больш прынаднае месца, як не на ўлонні прыроды, асабліва летам? Наведнікаў бывае шмат, а ў выхадныя дні і яшчэ болей.

— І талерку ўсталявалі? Бясплатны дадатковы камфорт?

— Тэлевізар працуе на працягу ўсяго дня. І санвузлы абсталявалі.

— Якія ж гэта санвузлы? Звычайныя паходна-палявыя пры­біральні…

— А вы зазірніце…

І сапраўды, на ўлонні дзікай прыроды Ляўкові­чы абсталявалі санвузел з усімі зручнасцямі і нават умываль­нікам. Чаму ж не вітаць такі прыватны бізнэс, вектар якога скіраваны не толькі на атрыманне прыбытку, але і на культуру абслугоўвання.

Кафэ пры дарозе нам спадабалася. Перадыхнулі — можна ехаць далей…

М. ВАЛОХА.

  На здымку: гаспадыня кафэ пры дарозе Наталля Ляўковіч.

 Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>