Итоги выполнения протоколов поручений по критическим замечаниям и предложениям

img_8470 На апошнім сумесным пасяджэнні райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў былі разгледжаны вынікі выканання пратаколаў даручэнняў па крытычных заўвагах і прапановах, агучаных раней пад час сустрэч службовых асоб з жыхарамі вёсак Стайскага і Домжарыцкага сельсаветаў. Першым з трыбуны выступіў старшыня Стайскага сельвыканкама Анатоль Залатуха.

Абход вёсак Стайскага сельсавета праводзіўся з 10 па 23 красавіка, затым канкрэтным арганізацыям, асобам былі дадзены даручэнні. У большасці вёсак крытычных водгукаў, заўваг не паступала. Гэта не значыць, што ўсе праблемы вырашаны. Пытанні разглядаюцца ў рабочым парадку, наладжана сістэма працы з грамадзянамі, рэагавання на іх запыты, задавальнення надзённых патрэб. Аднак, вядома, жыццё вялікае, усё прадугледзець немагчыма, таму розныя моманты ўзнікаюць пад час штодзённай працы.
У вёсцы Будзяўцы жыхары, дачнікі прасілі зрабіць падсыпку дзвюх ямін. Выбоіны ў асфальце ўтварыліся пасля зімы і з цягам часу пагражаюць яшчэ больш разрасціся, прывесці дарогу ў зусім непрыгодны стан. Для вырашэння пытанне накіравана ў ДРБУ-202. Дырэктар прадпрыемства Уладзімір Гірынскі адказаў:
— Мы агледзелі дарогу. Яміны сапраўды вялікія, таму ад ямачнага рамонту там толку будзе мала, трэба рабіць больш грунтоўны. Праўда, адрэзак там адносна кароткі, таму гнаць спецыяльна для яго вялікую колькасць неабходнай тэхнікі немэтазгодна, занадта затратна. Таму мы аглядаем, збіраем, так бы мовіць, заказы з таго боку, каб адным разам зрабіць значны аб’ём рамонтных работ і на працяглы перыяд закрыць накірунак.
Думку развіў старшыня райвыканкама Барыс Яфрэмаў:
— Не менш занепакоенасці выклікае стан дарогі праз вёскі Дзяньгубы, Падлобныя, Заазер’е. У адрозненне ад Будзяўцоў там рух больш інтэнсіўны. Толькі школьны аўтобус праязджае двойчы на дзень, плюс транспарт грамадзян і сельгасфіліяла “Заазер’е”. Магчыма, варта звярнуць на гэтую дарогу больш пільную ўвагу, адшукаць у бюджэце сродкі і паступова, паэтапна давесці яе да ладу.
Два пытанні тычыліся працы раёна электрасетак. У прыватнасці, жыхары Забалацця прасілі перавесіць вулічны ліхтар у сярэдзіну вёскі. Існуючы ліхтар вісіць на слупе ў канцы вёскі. За апошнія месяцы жыхары крайніх дамоў памерлі, мэтазгоднасць вулічнага асвятлення там адпала. Пытанне ўзята на кантроль. Паведамлена, што заданне будзе выканана да канца лета, калі ў сувязі са скарачэннем светлавога дня актуальнасць вулічнага асвятлення ўзрасце.
Другое пытанне было выказана таксама жыхарамі Забалацця. Сутнасць яго ў тым, што энергетыкі, праводзячы планавае абпілоўванне дрэў уздоўж паветраных ліній электраперадач, галлё пакідалі на зямлю, не прыбралі за сабой. Анатоль Залатуха адказаў:
— На днях сітуацыя выпраўлена. Электрыкі сабралі галлё, пагрузілі яго ў прычэпы і вывезлі, пасля сябе пакінулі парадак.
— А куды яны яго падзявалі? — пацікавіўся Барыс Яфрэмаў.
— Не магу адказаць.
— Вось тут узнікае яшчэ адна праблема — эфектыўнае расходаванне сродкаў. Што такое прычэп, гружаны галлём? Гэта азначае, што ён возіць паветра. І так па два, тры, чатыры рэйсы. Іншае выйсце — драбілка. Прапаную паставіць пытанне перад РЭС, “Віцебскэнерга” аб набыцці невялікай драбілкі. Пра такія ёсць шмат ролікаў у інтэрнэце. Буксіруецца за машынай тыпу “ГАЗелі”, працуе ад уласнага бензінавага рухавіка, як у мотаблоках, перапрацоўвае галлё да пяці сантыметраў таўшчынёй, трэскі аўтаматычна грузяцца ў кузаў машыны. За адзін рэйс такая “ГАЗель” можа забраць столькі драўніны, колькі вывозяць тры-чатыры прычэпы галля ў неперапрацаваным выглядзе — эканамічны эфект відавочны. З цягам часу мы будзем вымушаны прыйсці да такога варыянту. Дык навошта марудзіць?
-2-
У вёсках Заазер’е і Пышна з пачатку года былі зачынены паштовыя аддзяленні. Жыхары іх, а таксама бліжэйшых населеных пунктаў выказвалі занепакоенасць зніжэннем якасці аказваемых паслуг, скарачэннем іх спектра, што будуць цяжкасці з атрыманнем карэспандэнцыі і пасылак, выпісваннем газет, унясеннем камунальных плацяжоў. Акрамя гэтага, жыхары вёсак неаднаразова падымалі пытанне аб несвоечасовых дастаўках газет і часопісаў, спазненнях, асабліва пры так званай мотадастаўцы, калі замест паштальёнаў з зачыненых аддзяленняў пошту развозяць на машынах непасрэдна з РВПС.
Начальнік раённага вузла паштовай сувязі Пётр Жарнасек паведаміў, што з жыхарамі вёсак былі праведзены сходы, на якіх растлумачылі сітуацыю, расказалі, як будзе ажыццяўляцца дастаўка пісем, газет, пасылак па новых умовах. Расказалі, што не будзе і праблем з унясеннем камунальных плацяжоў, людзі па-ранейшаму змогуць без затрымкі аплачваць вываз смецця, водазабеспячэнне, электраэнергію і іншыя камунальныя плацяжы як наяўнымі грашыма, так і праз пластыкавыя карткі.
Разам з тым разглядаецца пытанне аб змяненнях у графіках дастаўкі карэспандэнцыі, каб пазбегнуць спазненняў. Пётр Жарнасек патлумачыў:
— Пераважная большасць спазненняў — не па віне раённага вузла паштовай сувязі. Як толькі нам дастаўляюць карэспандэнцыю, пасылкі, мы за 30 — 40 хвілін іх сартуем і развозім па вёсках. Праблема ў тым, што часам у Лепель яна прыбывае са значным спазненнем. Так, па графіку, машына павінна прыбываць у 6.30. Аднак, асабліва зімой, былі выпадкі, калі яна прыязджала да 11 гадзін дня. Адсюль і спазненне.
Пытанне ўзята пад асаблівы кантроль.
Жыхары вёскі Зацякляссе агучылі пытанне небяспекі ад закінутых агародаў. Гаспадары памерлі або выехалі на пастаяннае жыхарства ў гарады, зямля не апрацоўваецца, зарастае пустазеллем. Увесну сухая леташняя трава стварае рэальную пажарную пагрозу. Сельвыканкамы, мясцовыя сельгасарганізацыі стараюцца ўключаць закінутыя землі ў гаспадарчы абарот, пераворваць і засяваць іх. І калі з агародамі на ўскраінах вёсак няма праблем, то ўчасткі ў сярэдзіне населеных пунктаў могуць выклікаць пэўныя цяжкасці. Немэтазгодна, нязручна цяжкай энерганасычанай тэхнікай апрацоўваць участкі па 20 — 30 сотак, на такіх нават немагчыма развярнуцца. Аднак, нягледзячы на праблемы, мясцовыя органы ўлады, сельгасвытворцы стараюцца вырашаць задачы.
-3-
Два пытанні тычыліся медыцынскага абслугоўвання насельніцтва. У першым выпадку жыхары вёскі Звязда прасілі арганізаваць работу мясцовага медыка, па магчымасці скарэкціраваць графік прыёмаў, каб кожны чалавек — асабліва пенсіянеры, якіх пераважная большасць сярод мясцовых жыхароў — без цяжкасцяў мог звярнуцца да яго па неабходную дапамогу. Старшыня сельвыканкама, галоўны ўрач раённай бальніцы Ілья Шандалесаў правялі сустрэчу з мясцовымі жыхарамі, па выніках якой пытанне было вырашана, графік скарэкціраваны.
Другая праблема — праходжанне абавязковага перыядычнага прафесійнага медыцынскага агляду работнікамі сельгасарганізацый. Перад пачаткам веснавых палявых работ усе механізатары абавязаны былі прайсці яго, але фактычна не прайшло і паловы. Прычына — нежаданне людзей увогуле заходзіць у бальніцу, бо там перад кожным кабінетам — чарга. На праходжанне медагляду трэба змарнаваць дзень, а то і два. Галоўнаму ўрачу райбальніцы І. Шандалесаву даручана аптымізаваць работу ўстановы.
У вёсцы Пышна тры дрэвы на вуліцы за апошні год ссохлі, сталі ўяўляць небяспеку. Сельвыканкам знайшоў сродкі, за кошт якіх спілаваныя дзве бярозы, яшчэ адна ліпа будзе выдалена бліжэйшым часам.
Пры сустрэчы з жыхарамі Стай было паднята пытанне капітальнага рамонту шматкватэрных дамоў №20 і №22. Людзі скардзіліся, што за гады эксплуатацыі канструкцыі і элементы выпрацавалі свой рэсурс, у пакоях холадна. Дырэктар КУВП “Бароўка” паведаміў, што, паколькі графік капітальных і бягучых рамонтаў на 2018 год складзены, пад яго закладзена фінансаванне, праведзена абследаванне ў Стаях, азначаныя дамы ўключаны ў графік рамонту на наступны год.
Не менш за пяць зваротаў тычылася вывазу смецця, налічэння платы за паслугу. Пад час аб’ездаў звярталі на сябе ўвагу неахайныя кантэйнерныя пляцоўкі ў Ворані, Юркоўшчыне. Жыхары некаторых вёсак прасілі ўстанавіць дадатковыя кантэйнеры, скарэкціраваць графік іх вывазу, каб смецце не назапашвалася. Казалі, што кантэйнерная сістэма вывазу зручная, чалавек у любы зручны для сябе час можа прыйсці і выкінуць пакет з адходамі, варта толькі часцей гэтыя кантэйнеры вывозіць.
Дырэктар КУВП “Бароўка” Уладзімір Аксяновіч патлумачыў:
— Дадзеная праблема мае сезонны характар. Пасля зімы гаспадары дамоў, сядзіб наводзяць парадак, смецце вывозяць на кантэйнерныя пляцоўкі. У выніку там вырастаюць горы. Сюды ж дадайце і смецце, якое выносіцца з могілак, асабліва перад Вялікаднем і Радаўніцай.
На працягу бліжэйшага часу, тыдня-двух, мы вывезем смецце, гор побач з кантэйнерамі не будзе. Наконт дадатковых кантэйнераў пакуль што магу сказаць наступнае. На працягу доўгага перыяду часу КУВП “Бароўка” вядзе аналіз. Мы праглядаем, колькі жыхароў пражывае ў той ці іншай вёсцы, колькі кантэйнераў там патрабуецца па нарматывах, якая аптымальная перыядычнасць вывазу, бо, пагадзіцеся, дзеля аднаго-двух кантэйнераў ганяць МАЗ — гэта таксама недазваляльныя страты. У любым выпадку ў бліжэйшы час мы яшчэ раз аб’едзем указаныя населеныя пункты, паглядзім, прааналізуем. Калі патрабуецца, паставім дадатковыя кантэйнеры.
Аналізуючы звароты жыхароў вёсак Домжарыцкага сельсавета, службовыя асобы дакладвалі наступнае. У вёсках Рожна і Саўскі Бор падымаліся праблемы грамадскіх калодзежаў. У першай вёсцы жыхары прасілі пачысціць студню ля дома №43, у другой — памяняць верх канструкцыі, каб надзейна абараніць ад лісця і смецця. Звярталі ўвагу і на прарыў водаправода ў Рожне каля дома №55, на неабходнасць падсыпкі дарогі на стромым схіле. У вёсках Кветча і Ствольна была праблема старых аварыйна небяспечных дрэваў.
Падводзячы вынікі пасяджэння, Барыс Яфрэмаў сказаў:
— Па Стайскім сельсавеце было абследавана 44 населеныя пункты. У іх жыхары дзевяці вёсак паднялі 23 пытанні. З іх палова, каля дзесяці, тычыцца праблем жыллёва-камунальнай гаспадаркі: вывазу смецця, усталявання дадатковага кантэйнера, аптымізацыі графіка, вывазу галля, спілоўвання аварыйных дрэваў. Па сутнасці, гэтыя пытанні дробныя, вырашаемыя ў рабочым, так бы мовіць, парадку.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: выступае старшыня Стайскага сельвыканкама Анатоль Залатуха.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>