Интервью с главным врачом Лепельской ЦРБ

image41517013_97ee3ba10aaa9000a8d7af4c3e687800Работа медыцынскіх устаноў нашага раёна сканцэнтравана на прафілактыцы і зніжэнні распаўсюджвання вострых рэспіраторных інфекцый, у тым ліку выкліканых COVID-2019. Пра тое, якая сітуацыя па ўзроўні захворванняў склалася ў нашым раёне, пойдзе размова ў інтэрв’ю з галоўным урачом установы аховы здароўя “Лепельская цэнтральная раённая бальніца” Ільёй Шандалесавым.
— Ілья Юр’евіч, скажыце, калі ласка, колькі захворванняў на каронавірус зарэгістравана ў нашым раёне на сённяшні дзень?
— З 13 сакавіка ў Лепельскім раёне выяўлена адзінаццаць выпадкаў захворванняў на каронавірус, пацверджаных лабараторна. Сярод хворых людзі сярэдняга ўзросту, самаму старэйшаму з іх — 62 гады. Адзін чалавек знаходзіцца ў цяжкім стане. У параўнанні з іншымі гарадамі Віцебскай вобласці колькасць захворванняў у нашым раёне не вельмі высокая.
Акрамя таго, зарэгістравана 25 захворванняў на пнеўманію. У параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года, колькасць выпадкаў пнеўманій узрасла ў два разы.
— Вядома, што для таго, каб пазбегнуць распаўсюджвання віруснай інфекцыі, работнікамі медыцыны ажыццяўляецца шэраг прафілактычных мер. Раскажыце, калі ласка, пра работу ў гэтым накірунку.
— Па-першае, праведзена максімальнае абмежаванне планавай медыцынскай дапамогі як у цэнтральнай раённай паліклініцы, так і ў стацыянары бальніцы. Доступ здаровых людзей ва ўстанову аховы здароўя максімальна зніжаны. Такім чынам, грамадзяне звяртаюцца да нас толькі ў выпадку захворвання. Асобам з павышанай тэмпературай цела мы рэкамендуем не звяртацца ў паліклініку, а выклікаць урача на дом. Гэта, вядома, у значнай ступені садзейнічае бяспецы не толькі самога хворага, а і іншых людзей.
Максімальна абмежаваны доступ наведвальнікаў для атрымання рэцэптаў, правядзення прафілактычных аглядаў.
У цяперашні час не працуе аддзяленне фізіятэрапіі, паколькі правядзенне фізпрацэдур не з’яўляецца экстраным, адменена планавая шпіталізацыя ў хірургічнае і неўралагічнае аддзяленні.
Для аказання належнай медыцынскай дапамогі пацыентам, хворым на пнеўманію, перапрафіляваны неўралагічнае і тэрапеўтычнае аддзяленні. Для хворых на вірусную інфекцыю прадугледжана дваццаць ложкаў у інфекцыйным аддзяленні. Акрамя таго, арганізавана работа двух аддзяленняў рэанімацыі і анестэзіялогіі. Адно з іх прадугледжана для лячэння хворых на вірусную інфекцыю, а другое — для лячэння людзей з іншымі хваробамі. У выпадку паступлення большай колькасці хворых на вірусную інфекцыю мы гатовы перапрафіляваць гінекалагічнае аддзяленне, дзе будзе прадугледжана дваццаць кропак кіслародатэрапіі.
— Ілья Юр’евіч, што вы маглі б параіць жыхарам раёна для захавання ад віруснай інфекцыі?
— У першую чаргу, грамадзянам вельмі важна пазбягаць месцаў з масавым знаходжаннем людзей. Калі ўзнікла патрэба знаходзіцца ў чарзе, у зале з групай людзей, то пажадана захоўваць дыстанцыю адзін ад аднаго ў адзін — паўтара метра. Вядома ж, пасля вулічных прагулак, перад прыёмам ежы абавязкова трэба вымыць рукі гарачай вадой з мылам, апрацаваць іх антысептычным растворам. Наведваючы месцы з масавым знаходжаннем людзей, пажадана апрануць маску. Выкарыстанне масак не гарантуе абсалютнай абароны ад інфекцыі, але ў пэўнай ступені дапаможа засцерагчы ўласнае здароўе.
У бліжэйшы час будзе адзначацца Дзень памінання памерлых — Радаўніца. У гэты дзень раю жыхарам раёна не наведваць магілы сваіх родных, а застацца дома. Паколькі на могілках у гэты дзень звычайна збіраецца шмат людзей, гэта вельмі рызыкоўна для кожнага з іх. Лепш пабываць ля магіл сваіх родных у іншы дзень. Такім чынам кожны з нас праявіць клопат не толькі пра сваё здароўе, а і сваіх родных і блізкіх.
Мы ж, работнікі медыцыны, упэўнены, што прыняцце ўсіх належных мер па прафілактыцы вірусных інфекцый, арганізацыя якаснай медыцынскай дапамогі дазволяць спыніць распаўсюджванне захворвання, і ў бліжэйшы час эпідэмічная сітуацыя значна палепшыцца. Ад усёй душы жадаю ўсім жыхарам раёна моцнага здароўя.
Святлана ВАЗНЯК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>