Индивидуальные тренировки на озере Лепельское

gintoft1gintoftВерасень, а шостай гадзіне вечара прагульвалася па пляжы. Здавалася б, хто ў такі час можа быць ля вады, ад якой вее ўжо добрая прахалода. Заўважаю адзінокую байдарку на вадзе, у якой сядзіць хлопец 12-13 гадоў у яркай камізэльцы. Што ён адзін там робіць?… Аднак, падышоўшы бліжэй, заўважаю на беразе мужчыну, які штосьці кажа, паказвае рукамі.

Села на арэлі і назіраю, як адбываецца трэніроўка. Хлопец старанна працуе вёсламі, аднак раптам няўдача спасцігае яго — бультыхнуўся ў ваду. Падумалася: “Напэўна, скончыліся заняткі”. Аднак — не… Зноў сядае ў байдарку і працягвае трэніравацца.

Якімі ж павінны быць вытрымка, загартоўка ад холаду і жаданне дасягнуць выніку…

Веславанне

— Лічу, што гэта адзін з самых цяжкіх у фізічным плане відаў спорту. Тут важныя і цягавітасць, і сіла, і хуткасць.

Аднак у большасці выпадкаў кар’ера весляра ў вялікім спорце залежыць ад яго самога. Можа быць здольны чалавек, а займаецца без жадання, таму і не дасягае вяршыняў. А вось хто хоча чагосьці дамагчыся, абавязкова будзе мець добры паказчык, — з такой размовы адбылося маё знаёмства з трэнерам па веславанні на байдарках і каноэ Міхаілам Гінтаўтам.

Вельмі часта спартсмены, якія пачыналі займацца гэтым відам спорту, вяртаюцца настаўнікамі ў тое месца, дзе самі спасцігалі азы. Так атрымалася і ў Міхаіла Дзмітрыевіча.

Дарога ў прафесію

Сам родам з Лепеля, вучыўся ў СШ №2 імя І. М. Ерашова, потым у вучылішчы алімпійскага рэзерву, Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры.

Спорт заўсёды прыцягваў Міхаіл, на той час ён займаўся больш гандболам і футболам. А пасля заняткаў спяшаўся на возера, каб пасядзець з вудай, пабыць на ўлонні маляўнічай прыроды.

Аднойчы ўбачыў, як байдаркі і каноэ прыгожа рухаюцца па вадзе, і не змог утрымацца, каб не паспрабаваць сябе ў гэтым спорце.

Такім чынам, у 11-гадовым узросце трапіў на базу Віцебскай абласной спартыўнай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву прафсаюзаў па веславанні на байдарках і каноэ «Альбатрос», якая размешчана ля гарадскога пляжу.

Заснавальнікам на Лепельшчыне гэтага віду спорту стаў Валерый Якаўлевіч Харкевіч і адразу захапіў заняткам шмат падлеткаў. Яго апантанасць любімай справай прыцягвала не толькі хлопцаў, а і дзяўчат.

— Вельмі люблю ваду, таму гэты спорт прывабіў і мяне, — кажа Міхаіл. — Праўда, больш актыўна стаў займацца веславаннем з 13 гадоў.

Добрая фізічная загартоўка, вялікае жаданне і сапраўдныя прафесіяналы-настаўнікі далі свае вынікі. Удзельнічаў у рэспубліканскіх спаборніцтвах, з якіх заўсёды прыязджаў з прызавымі месцамі, у камандным заліку таксама станавіўся лідарам, быў членам юнацкай зборнай Беларусі.

Міхаіл Гінтаўт з’яўляецца майстрам спорту Рэспублікі Беларусь. Каля 20 гадоў працоўнага стажу, кожны дзень трэніроўкі падлеткаў — без гэтага трэнер не ўяўляе ўжо свайго жыцця. Такая захопленасць любімай справай адбіваецца і на вучнях, якія дасягаюць вяршыняў і праслаўляюць нашу Лепельшчыну.

Сямейныя справы

У сям’і Гінтаўтаў двое дзяцей, якія з дзяцінства прывучаны да актыўнага, нават спартыўнага, ладу жыцця. Сын Аляксандр таксама займаўся веславаннем, дасягаў высокіх вынікаў на спаборніцтвах, зараз жыве ў сталіцы нашай рэспублікі. Стэфанія ў гэтым годзе заканчвае сярэднюю школу №1, асноўны ўпор робіць зараз на вучобу. Жонка Вольга працуе харэографам у Бароўскай школе мастацтваў.

Гінтаўты маюць дыхтоўны дом у маляўнічым месцы ля лесу і возера. У вольны час завіхаюцца на сядзібным участку, дзе заўсёды клопатаў хапае.

Вырашыла пазнаёміцца з хлопцам, з якім займаўся трэнер увечары.

Дзмітрый Кузьмічонак займаецца веславаннем тры гады ў Міхаіла Дзмітрыевіча. У большасці сваёй — на каноэ, але ўжо спрабуе свае моцы і на байдарцы. З вялікім задавальненнем прыходзіць у гэтае месца і гатовы займацца ўвесь вольны час.

— Як вадзічка? — пытаю ў хлопца пасля “купання”.

— Халодная, але такія сітуацыі перыядычна здараюцца, таму прывык, — смяецца ў адказ.

Да трэнера прыходзяць і хлопцы, якія ўжо скончылі школу, але не забываюць любімае месца. Так, напрыклад, лепяльчане Павел Байкоў і Ілья Бумага зараз набываюць прафесію “Абслугоўванне і эксплуатацыя жылых дамоў” у аграрна-тэхнічным каледжы. Пяць гадоў займаліся веславаннем у гэтага ж трэнера. Прагульваючыся ўвечары, завіталі на пляж, бо ведаюць, што там павінен быць іх педагог.

* * *

Сёння калектыў «Альбатроса» — гэта фанаты сваёй справы. Яны тут дзеля спорту, гэтым жывуць. Яны ствараюць усе ўмовы і імкнуцца, каб дзеці ў будучыні траплялі ў нацыянальныя каманды.

Наталля ХРАПАВІЦКАЯ.

Дзмітрый Кузьмічонак спрабуе сябе ў веславанні на байдарцы.

Павел Байкоў і Ілья Бумага сустрэлі былога трэнера падчас прагулкі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>