Главный приоритет — человек и его потребности

milyjВажны для краіны форум адбудзецца з 11 па 12 лютага бягучага года ў Мінску. Плануецца, што ўдзел у мерапрыемстве прымуць 2700 чалавек, сярод іх 9 жыхароў Лепельшчыны. Дэлегатам Усебеларускага народнага сходу абраны і старшыня Лепельскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Юрый Мілы.

– Юрый Уладзіміравіч, што вы адчуваеце напярэдадні падзеі, важнай для ўсіх грамадзян краіны?
– Адчуваю гонар за аказаны давер і вялікую адказ­насць, бо Усебеларускі народны сход – гэта важная дыялогавая пляцоўка рэспубліканскага ўзроўню, дзе ёсць магчымасць абмеркаваць важныя пытанні палітыкі, эканомікі і культурнага жыцця нашай краіны. Тут будуць прыняты важныя для дзяржавы рашэнні.
Лічу, што самае галоўнае на сходзе – гэта абмен думкамі. Кожны дэлегат будзе прадстаўляць пэўную сферу, адпаведны рэгіён. Мяркую, што не выпадкова абраны прадстаўнікі розных структур: культуры, навукі, сельскай гаспадаркі…
Адзначу, што прафсаюзы ўнеслі шэраг важных прапаноў. У першую чаргу яны накіраваны на паляпшэнне матэрыяльнага становішча работнікаў. Асабіста я лічу прыярытэтнымі пытанні занятасці і заработнай платы.
Нам усім неабходна пры­слухоўвацца адзін да аднаго, і такім чынам мы зможам прыйсці да агульнага рашэння, дапаможам у развіцці свайму рэгіёну і краіне ў цэлым.
А яшчэ на VI Усебеларускім народным сходзе будзе распрацоўвацца новая Канстытуцыя краіны. Дэлегаты выступяць з ініцыятывамі і прапановамі.
* * *
Яшчэ ў школьныя гады Юрый Уладзіміравіч быў актывістам, ахвотна падтрымліваў цікавыя ідэі сваіх сяброў. Магчыма таму ў сваім далейшым жыцці ён мае актыўную пазіцыю і працуе на карысць людзей. У 1994 годзе хлопец скончыў сярэднюю школу №1 горада Лепеля. Затым набыў спецыяльнасць механіка ў аграрна-тэхнічным каледжы. Увесь гэты час прымаў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці ўстаноў адукацыі.
Тэрміновую службу праходзіў у 231‑й артылерыйскай брыгадзе, якая дыслакуецца ў вёсцы Бароўка.
Пасля праходжання службы ў 2000 годзе пачаў свой прафесійны шлях з пасады галоўнага спецыяліста па рабоце з пярвічнымі арганізацыямі ў раённым камітэце ГА «Беларускі патрыятычны саюз моладзі», які праз пэўны час быў рэарганізаваны ў «Беларускі рэспубліканскі саюз мола­дзі». Атрымаўшы вопыт у гэтай сферы дзейнасці, Юрый выконваў абавязкі 2 сакратара, а пазней стаў і 1 сакратаром.
У гэты ж час Юрый стаў студэнтам меліярацыйна-будаўнічага факультэта Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Скончыў установу ў 2009 го­дзе, атрымаўшы спецыльнасць «Меліярацыя і водная гаспадарка».
У 2012 годзе Юрый Ула­дзіміравіч быў прызначаны дырэктарам ААТ «Лепельскі райаграсэрвіс». У 2015-м, калі пачалі ўтварацца раённыя аб’яднанні прафсаюзаў, Юрый Уладзіміравіч узначаліў гэтую структуру на Лепельшчыне, а таксама стаў членам савета Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.
Юрый Уладзіміравіч ніколі не быў раўнадушным да праблем людзей, заўсёды актыўна дапамагаў ім у вырашэнні шэрага набалелых пытанняў. Не выпадкова ён быў абраны дэпутатам раённага Савета дэпутатаў 25, 26, 27 і 28 скліканняў.

Сямейнае становішча
У сям’і Мілых расце 2 дзяцей. Дачцэ Анастасіі хутка споўніцца 17 гадоў, малодшаму Максіму – 3. У вольны час Юрый і Юлія разам з дзецьмі з задавальненнем выяз­джаюць на прыроду. Менавіта сярод непаўторных краявідаў можна аднавіць сілы, атрымаць зарад энергіі і добрага настрою, лічаць бацькі.
Юрыя па праве можна назваць патрыётам сваёй малой радзімы, бо за шмат гадоў у яго нават не ўзнікала думкі змяніць месца жыхарства, тым больш пераехаць у вялікі горад.
За 6 гадоў працы Юрыя Уладзіміравіча на пасадзе старшыні Лепельскага раённага аб’яднання прафсаюзаў чула ў яго адрас ад жыхароў раёна шмат добрых слоў. Ён імкнецца ажыццявіць у сваёй рабоце новыя, цікавыя ідэі, умее арганізаваць запамінальныя мерапрыемствы. Дзякуючы Юрыю Ула­дзіміравічу на Лепельшчыне сталі традыцыйнымі ўшанаванні працоўных дынастый у арганізацыях і на прадпрыемствах.
Старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі філіяла «Лепельскі МКК» ААТ «Віцебскі мясакамбінат» Таццяна Крывель:
– Прафсаюзная работа вельмі карпатлівая, патрабуе штодзённай увагі. Даводзіцца вырашаць не толькі матэрыяльныя пытанні, а і асабістыя, сямейныя. Прафсаюз клапоціцца пра тых, хто захварэў, пра работнікаў, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку, маюць цяжкае фінансавае становішча. Усе гэтыя пытанні – на кантролі ў старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў. Да Юрыя Уладзіміравіча можна звярнуцца з любым пытаннем і прапановай. Ён заўсёды падтрымае і дасць параду.
Хочацца пажадаць дэлегатам і надалей мець актыўную пазіцыю і рабіць усё магчымае дзеля вырашэння надзённых пытанняў лю­дзей, якія аказалі ім давер.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>