“Галоўнае — не страціць адзінства…”

img_1579

Імя Веранікі Хомбак вядомае многім жыхарам Лепельшчыны. Сваё жыццё яна звязала з творчасцю і працоўнай энергіяй, мэтанакіраванасцю і аптымізмам зараджае сваіх супрацоўнікаў, усіх акружаючых.

Харэаграфічны калектыў «Сунічкі», які быў створаны ў 1996 годзе пры Стайскай шоле традыцыйнай культуры, уражваў гдедачоў Лепельшчыны цудоўнымі выступленнямі. У 2000 годзе калектыў атрымаў званне «узорны», а з 2001 года яго кіраўніком з’яўляецца Вераніка Хомбак. Калектыў працуе ў фальклорным накірунку – хлопчыкі і дзяўчынкі выконваюць песні, танцы, папулярныя ў часы маладосці нашых бабуль і дзядуляў, таму ўдалыя выступленні вельмі палюбіліся гледачам. «Сунічкі» сталі добра вядомыя не толькі сярод жыхароў Беларусі, а і за мяжой. Не выпадкова ў 2013 годзе харэаграфічны калектыў стаў Заслужаным аматарскім фальклорным калектывам Рэспублікі Беларусь. Сама ж Вераніка Аляксандраўна з 2013 года ўзначальвае Лепельскую дзіцячую школу мастацтваў. Плённа працуючы ў галіне творчасці, Вераніка Хомбак ніколі не была раўнадушнай да праблем людзей, актыўна займалася грамадскай дзейнасцю. Так, жанчына абіралася дэпутатам раённага Савета дэпутатаў 27-га і 28-га скліканняў. Сёлета ж Вераніка Аляксандраўна бу­дзе прадстаўляць Лепельшчыну ў ліку 9 дэлегатаў ад нашага раёна на VI Усебеларускім народным сходзе.
Захапленне
творчасцю
жыве з дзяцінства
Педагог расказвае мне пра свае яркія будні – і я разумею, як шмат значыць для яе ўласная прафесія.
– Упэўнена, што захапленне творчасцю ў вас нара­дзілася яшчэ ў дзіцячыя гады…
– Так. Я заўсёды з цікавасцю сачыла за яркімі выступленнямі на сцэне, вельмі любіла народныя спевы, танцы… Нарадзілася я ў г. Сянно, а пазней наша сям’я пераехала жыць у г. Новалукомль. Тут я і стала ўдзельніцай узорнага харэаграфічнага калектыву «Светлячок». Заняткі харэаграфіяй былі вельмі блізкія для мяне. Пасля заканчэння 9 класаў сярэдняй школы з лёгкасцю паступіла ў Віцебскае культасветвучылішча (зараз Віцебскі каледж культуры і мастацтваў) і паспяхова скончыла ўстанову па спецыяльнасці «Харэаграфічнае мастацтва».
Па размеркаванні Вераніка Аляксандраўна прыехала працаваць выкладчыкам харэаграфіі ў Стайскую дзіцячую школу мастацтваў. Прайшоў некаторы час – і Лепельшчына стала для дзяўчыны дарагім і блізкім кутком. Мясцовыя жыхары палюбілі Вераніку за яе шчырасць, душэўную адкрытасць. Яна ж актыўна ўдзельнічала ва ўсіх мерапрыемствах, якія праводзіліся ў раёне, а да заняткаў харэаграфіяй далучалася ўсё больш юных творцаў. І зараз Вераніка Хомбак з пачуццём асаблівай падзякі ўспамінае Веру Закрэўскую, якая, працуючы на пасадзе загадчыка аддзела культуры райвыканкама, унесла прапанову арганізаваць работу ўзорнага харэаграфічнага калектыву «Сунічкі» з фальклорным накірункам. Паколькі фальклорнай творчасці ў краіне ўдзялялася вялікая ўвага, «Сунічкі» хутка сталі добра вядомыя сярод шматлікіх прыхільнікаў мастацтва. «Мальвіна», «Карманчыкі», «Картуз», «Падыспань», «Ойра», «Базар», «Нарэчанька»… Танцы, якія выконвалі на вячорках нашы бабулі і дзядулі, хутка засвойвалі юныя артысты. Глыбока кранаюць душу калядныя, вясковыя, сямейна-абрадавыя песні. У цудоўных выступленнях адчуваюцца цеплыня адкрытай беларускай душы, любоў да беларускага фальклору. Разам са сваімі педагогамі дзеці знаёміліся са старадаўнімі беларускімі абрадамі і святамі, вывучалі элементы нацыянальнага адзення і збіралі фальклорны матэрыял у вёсках.
– Вяртанне да сваёй духоўнасці, традыцыйнай культуры дазволілі кіраўніку калектыву і яго ўдзельнікам дакрануцца да разбуджанай і сагрэтай цяплом каштоўнай скарбніцы родных месцаў, што з’яўляецца нашай айчыннай культурай, – адзначае суразмоўца.
У час заняткаў народным танцам перш за ўсё надаецца ўвага выхаваўчаму працэсу, бо ўважлівыя адносіны партнёраў адзін да аднаго, да акружаючых – галоўнае правіла народнага танцавальнага этыкету. Вялікае значэнне ўдзялялася кожнаму руху: як запрасіць дзяўчыну на танец, як трымаць яе за руку. Шматлікіх дыпломаў і Ганаровых грамат, якімі «Сунічкі» былі ўзнагароджаны на разнастайных конкурсах і фестывалях, не пералічыць. Заслужаны аматарскі фальклорны калектыў Рэспублікі Беларусь у свой час быў удастоены дыплома лаўрэата абласнога фестывалю-конкурсу фальклорных калектываў, спевакоў, музыкаў і танцораў. «Сунічкі» паспяхова прымалі ўдзел у IV рэспубліканскім фестывалі народнага танца «Беларуская полька», міжнародным фестывалі фальклору ў Чэхіі. У свой час Заслужаны аматарскі калектыў быў узнагароджаны дыпломам I ступені на III абласным аглядзе-конкурсе харэаграфічных аддзяленняў дзіцячых школ мастацтваў у намінацыі «Захаванне рэгіянальных традыцый». Юныя артысты неаднаразова прымалі ўдзел у здымках тэлеперадач Першага нацыянальнага канала «Спявай, душа!»

Здольны арганізатар, паспяховы кіраўнік
Разам з любімай работай Вераніка Аляксандраўна набыла вышэйшую адукацыю – «на выдатна» скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры мастацтваў» па спецыяльнасці «Сацыяльная педагогіка». Багатыя тэарэтычныя веды Вераніка Аляксандраўна паспяхова праяўляе, працуючы на пасадзе дырэктара Лепельскай дзіцячай школы мастацтваў.
– Галоўная задача, якую ставяць перад сабой педагогі школы мастацтваў, – удзяліць як мага больш увагі кожнаму выхаванцу, раскрыць яго індывідуальнасць і захапіць творчасцю, – адзначае кіраўнік. – Кожнае дзіця – гэта цудоўны свет, і кожнаму ўласцівыя пэўныя здольнасці. Вельмі важна заўважыць іх і, быццам іскры, дапамагчы разгарэцца ярчэй. Разам з тым неабходна лю­біць дзіцяці, атуляць яго ўвагай і цеплынёй. Вельмі прыемна, што нашы вучні адчуваюць гэта і прыходзяць на заняткі з задавальненнем.
Вераніка Аляксандраўна паспяхова праяўляе сябе не толькі ў якасці педагога, а і здольнага арганізатара, умелага кіраўніка. Унутранае памяшканне школы мастацтваў нагадвае райскі куток. Для вучняў і педагогаў тут створана асаблівая ўтульнасць. У будынку ўстаноўлены новыя сучасныя вокны, дзверы. Сцены упрыгожваюць фотаздымкі вучняў, цудоўныя карціны юных мастакоў. У гэтыя ж зімовыя дні фае школы нагадвае снежнае царства – раду­юць вока ўзорчатыя папяровыя сняжынкі, прыгожыя самаробкі. Пабываўшы ў такім будынку аднойчы, дзіцяці абавязкова захочацца прыйсці сюды яшчэ раз.
– Можна з упэўненасцю сказаць, што педагогі школы і нашы выхаванцы складаюць адну вялікую творчую сям’ю. Выкладчыкі становяцца для дзяцей сапраўднымі сябрамі, аднадумцамі, і гэта дапамагае ім у авалоданні мастацтвам. Нашы выхаванцы паспяхова выступаюць у прэстыжных творчых конкурсах, фестывалях і дасягаюць значных вышынь. Гэта і з’яўляецца нашым галоўным вынікам працы, – дзеліцца Вераніка Аляксандраўна.

Любімая
сям’я
Сапраўднае шчасце жанчына знайшла не толькі ў прафесіі, а і ў сям’і. Надзейным памочнікам, аднадумцам для Веранікі Аляксандраўны стаў муж Ігар. Мужчына клапоціцца пра матэрыяльнае забеспячэнне сям’і, працуе кіроўцам філіяла «Лепельскае ДРБУ-202» РУВП «Віцебскаблдарбуд». Сын Яўген звязаў сваё жыццё са службай ва Узброеных Сілах, мае званне капітана. Хлопец стварыў сваю сям’ю – маладыя бацькі выхоўва­юць дачушку Еву і сына Лёву. Такія якасці, як мэтанакіраванасць і працавітасць, у сваёй маці пераняла дачка Лізавета. Дзяўчына скончыла гімназію імя І. Ерашова з залатым медалём і зараз з’яўляецца студэнткай эканамічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта. Лізавета асвойвае нялёгкую спецыяльнасць эканаміста-аналітыка.

Шчырае пажаданне
– Прымаць удзел у падзеі рэспубліканскага маштабу – вялікая адказнасць. Што вы лічыце важнай думкай, якую патрэбна данесці ўдзельнікам VI Усебеларускага народнага сходу?
– Жыхары Беларусі ніколі не павінны забываць пра тое, што мы – адзіны народ. Нас заўсёды аб’ядноўвалі ўзаемадапамога, узаемавыручка – і гэта галоўнае. Нельга забы­ваць пра тое, што нашы ўчынкі з’яўляюцца прыкладам для нашых дзяцей, наступных пакаленняў. Таму ад таго, як мы паводзім сябе зараз, зале­жыць далейшы шлях моладзі. І толькі мы можам стаць для яе ўзорам адказнасці, свядомасці і працавітасці.

 

Тэкст і фота: Святлана ВАЗНЯК.

На здымку: дэлегат VI Усебеларускага народнага сходу Вераніка Хомбак.

 

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>