Дырэктар Матырынскай СШ на Лепельшчыне лічыць, што яе вучні самыя лепшыя

43Вучыцца на настаўніцу Надзя Пашкоўская пайшла, можа, не столькі «дзякуючы», колькі «насуперак». Трэба сказаць, што ў дзяцінстве была яна дзяўчынкай упартай і настойлівай. Бацькі да педагогікі ніякага дачынення не мелі.

Маці працавала ў Лёзна на гароднінасушыльным заводзе варшчыцай, апетытныя саліла агурочкі, памідоркі. Бацька круціў баранку. Па бацькавай лініі амаль уся радня была медыкамі. Яны і думалі, што Надзя папоўніць дынастыю, ды не дачакаліся. Пасля школы дзяўчына заявіла, што пойдзе ў педагагічны і павезла дакументы ў Віцебск. Цяперашні ўніверсітэт тады называўся педінстытутам імя Кірава. А калі прыйшоў выклік, маці ад шчасця заплакала. А потым і кажа бацьку: «Трэба ехаць купіць нашай Надзі якую вопратку. Купілі ёй прыгожанькую жоўтую імпартную кофтачку. Усім спадабалася. Амаль усе аднакурсніцы ў ёй перафатаграфаваліся.
— Не паверыце, — распавядае Надзея Іванаўна, — сама даўно ўжо ў школе, а трымценне перад сваімі настаўнікамі засталося дагэтуль. Многіх мы проста баяліся. Памятаю, дзяўчаты-аднакласніцы зрабілі модныя на той час прычоскі і прыйшлі на ўрокі. Як прыбегла завуч, як пачала крычаць. Хіба ж так можна? Былі вельмі строгія. Я ўжо дырэктарам была, ідзём мы з маці, а насустрач — вельмі строгі настаўнік з майго дзяцінства. Я маці прашу на другі бок дарогі перайсці. Яна смяецца: “Чаго ты баішся, ты ж ужо дырэктар”. Аднак былі і іншыя. Настаўніца рускай мовы знарок мяне пасля ўрокаў пакідала, дазваляла пад яе наглядам правяраць сшыткі, ведаючы, што я вельмі люблю гэтую справу. Можа, яна мяне і падштурхнула да выбару прафесіі.
Пасля інстытута яны з сяброўкай Таццянай выбралі Лепель. Надзя першай ішла па размеркаванні. Прапанавалі роднае Лёзна. Яна — нізашто. Яе ў Лепель, а сяброўку ў Багушэўск ледзь не адправілі, тая ў плач. Зайшлі разам і заявілі: «У нас у Лепелі ўжо кавалеры ваенныя». Камісія здалася.
Жаніхамі тады, вядома, яшчэ і не пахла…. Хацелася ж абавязкова разам у адну школу трапіць. А месцаў не было. Урэшце знайшлі магчымасць адправіць абедзвюх у Матырына. Тагачасны дырэктар Марыя Аляксандраўна падалася дзяўчатам надта строгай, нават спалохаліся. Затое яе прозвішча — Галай — спадабалася Надзі. Іронія лёсу — неўзабаве і сама яна стане насіць такое прозвішча. Галаёў у Матырыне хапае. За аднаго з іх — Аляксандра, калгаснага вадзіцеля — яна неўзабаве выйдзе замуж.
А на той час, у сярэдзіне жніўня васьмідзясятага, бацька-вадзіцель перавозіў дачку на грузавіку ў ціхмяную вёсачку на Лепельшчыне на сталае жыхарства. Ці такая ўжо ціхмяная? Нават яшчэ ў дзевяностыя ў Матырынскай школе вучылася пад сто трыццаць дзяцей.
Спынілася на кватэры ў Зоі Ковель. Дагэтуль ёй удзячная. Зоя Раманаўна прыняла кватарантку, як сваю, шмат чаму навучыла, заўсёды дзялілася вопытам. Яна таксама ў свой час працавала тут дырэктарам…
Надзея Іванаўна Галай узначальвае Матырынскую школу вось ужо дваццаць пяць гадоў. Няпростыя гэта былі гады. Урбанізацыя дала аб сабе ведаць: скарачалася вясковае насельніцтва. Зараз у Матырыне вучацца ўсяго трыццаць пяць дзяцей. Працаваць у малакамплектнай школе і няпроста, і цікава ў адначассі. Ведаеш кожнага вучня, яго характар, здольнасці, яго магчымасці і мары, бачыш дзяцей наскрозь.
— Маці мне любіць паўтараць: “Толькі не крычы на дзяцей”. А чаго на іх крычаць? Паезджу, бывала, па іншых школах, на іншых дзяцей нагляджуся, пасля ў сваю вяртаюся гордая. Мае дзеці самыя лепшыя, самыя прыгожыя. У нас зараз бадай адны хлапчукі. Акуратненькія, чысценькія, ветлівыя, культурныя — якія ж яны прыемныя! За што крычаць на іх?.. Ну, бывае, вядома, і пазлуешся, але ж усё з любоўю.
Вырошчваюць расаду. Гаспадарка дапамагае. Пятнаццаць апошніх гадоў на базе школы працаваў аздараўленчы летнік. Напярэдадні гэтага навучальнага года адрамантавалі падлогу ў спартыўнай зале, падладзілі дах і паслалі лінолеум у дзіцячым садку. Дагэтуль яшчэ пры школе дзейнічае інтэрнат, дзе жывуць пяць дзяцей з аддаленых Караевічаў. Сёлета адкрылі педагагічны клас на базе дзясятага, у якім дзеці на павышаным узроўні вывучаюць матэматыку і родную мову. Маюць поспех матырынцы і ў спартыўным жыцці. Пяцікласнік Раман Аўгусціновіч і дзесяцікласнік Дзяніс Пляшко былі на абласных спаборніцтвах па зімовым мнагабор’і. Васьмікласнік Яўген Бяляк паедзе на абласныя спаборніцтвы «Снежны снайпер».
— Якім павінен быць дырэктар? — пытаюся ў Надзеі Іванаўны.
— Прынцыповым, тактоўным. Яго павінны паважаць, а не баяцца. І дзяцей любіць трэба. Я ганаруся калектывам, з якім сёння працую. Гэта мае аднадумцы, з якімі адну справу робім, вопытныя, кваліфікаваныя, добрыя душою людзі.
І ёй таксама ёсць кім ганарыцца, гэта найперш свае дзеці. Таццяна — педагог, Дзіма, як і бацька, вадзіцель. Цікава, якую сцяжыну абярэ цяпер яшчэ маленькая, трохгадовая ўнучка Соня? Галоўнае — каб вырасла сапраўдным чалавекам.
Не забываюць роднай школы выпускнікі. Нядаўна ў Матырыне сабраліся выпускнікі, што пакінулі сцены школы трыццаць пяць гадоў таму! Былі прыемныя ўспаміны, падарункі, адчувалася ўсё тая ж сімпатыя і павага — нязменныя спадарожнікі якаснай педагогікі.
Надзея Галай неаднаразова атрымлівала граматы як абласнога, так і рэспубліканскага ўзроўню. Пазалетась была ўдастоена высокага звання «Выдатнік адукацыі», сёлета дэлегавана на раённы злёт перадавікоў. Аднак самую высокую адзнаку яе працы стаўляюць дзеці. І кожны дзень, і кожны год яе трэба пацвярджаць — павагай і любоўю.
Міхась ВАЛОХА.
На здымку: Надзея Галай.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>