Душевная искренность продлевает жизнь

img_32061 кастрычніка – Дзень пажылых людзей

У г. Лепелі, побач з гарадскім паркам, ёсць жывапісная вуліца Дзяржынскага. Менавіта на гэтай вуліцы прываблівае ўвагу невялікі ўтульны дом Ганны Маславатай.

Гэту жанчыну ведаюць многія жыхары раёна. Першае, што ўражвае ў час сустрэчы з ёй, гэта яе няспынная жыццё­вая энергія, аптымізм, жаданне ўсюды паспяваць, дарыць людзям радасць і выдатны настрой. Ганна Ільінічна ні хвіліны не сядзіць без справы. У летні час актыўна працуе на агародзе. Кожны год жанчына збірае багаты ўраджай кабачкоў, кавуноў, морквы, буракоў, нарыхтоўвае розныя стравы на зіму і шчыра частуе імі сваіх сяброў. А якія смачныя стравы гатуе Ганна Ільінічна! Духмяныя клёцкі, апетытныя блінчыкі, салаты, бульба з мясам… У кожную страву Ганна Ільінічна ўкладвае часцінку душы. Напэўна, таму яны заўсёды ў яе атрымліваюцца асабліва смачныя. А калі ж у горадзе праводзіцца свята, жанчына бярэ ў рукі гармонік і выходзіць да людзей, каб падарыць ім выдатны настрой. Кожны раз, сустракаючыся з гэтай цудоўнай жанчынай, я не перастаю захапляцца яе душэўнай бадзёрасцю. Вялікае жаданне ўсюды паспяваць, быць побач з людзьмі і не губ­ляць добры настрой, напэўна, і з’яўляюцца сакрэтам даўгалецця Ганны Ільінічны. Сёлета ў красавіку жанчына сустрэла свой 90-гадовы юбілей.
…Як толькі ўвайшла ў дом, дз жыве жанчына, адчула прыемны пах свежай садавіны, свежапрыгатаваных страў. Як звычайна, Ганна Ільінічна завіхалася на кухні.
– Праходзь, калі ласка, мая даражэнькая! Зараз будзем снедаць, – вось так ветліва жанчына кожны раз запрашае да сябе гасцей. Спачатку нават адчуваю сябё няёмка: ёй бы, пажылой жанчыне, лепш прылегчы і адпачыць, а яна не адыходзіць ад пліты!
– А інакш я не магу. Я заўсёды з вялікім задавальненнем частую жаданых гасцей, – прызнаецца жанчына.
Вось так, за кубачкам кавы, я і папрасіла Ганну Ільінічну расказаць пра свой жыццёвы шлях.
…Гады дзяцінства Ганны прайшлі ў вёсцы Новае Сяло Клічаўскага раёна Магілёўскай вобласці. Акрамя дзяўчынкі, у сям’і выхоўвалася чацвёра дзяцей: старэйшая сястра Марыя і браты – Сяргей і Канстанцін. Тата, Ілья Тарасавіч, і маці, Соф’я Сяргееўна Каўко, працавалі ў калгасе. Пэўны час бацька даглядаў коней, затым быў пастухом. Статак жа ў вёсцы заўсёды быў вялікі – каля 200 кароў! Маці працавала на збожжатаку. Руплівыя гаспадары трымалі і вялікую гаспадарку: карову, свіней, кур…
– Мы былі вельмі непаслухмяныя дзеці, – расказвае Ганна Ільінічна. – Старэйшая сястра Марыя павінна была дагля­даць малодшых. Ох, і нялёгка ж ёй было з намі! Аднойчы маленькі Косця палез на гарышча за яйкамі, куды куры часта заляталі, неслі яйкі, і ўпаў. Ён моцна пабіў галаву. Як жа мы спужаліся! Бацькам за работай не было часу даглядаць за намі. Рознае здаралася….
І раптам пачалася вайна… Бацьку адразу ж прызвалі ў дзеючую армію. Гэта якраз было на Троіцу. Якая ж была вялікая спякота! Я назбірала для таты шмат ягад. Усе прызваныя мужчыны не адыхо­дзілі ад калодзежа. Вось так я і запомніла свайго тату: стаяў, абапершыся рукой на кало­дзеж. Больш я яго не бачыла. Ён загінуў у першым жа баі пад Мінскам. Потым пасля вайны нам расказвалі, як гэта здарылася. Там многіх мужчын забіла бомбамі: адным адарвала ногі, другім – рукі, а тату ж цалкам засыпала зямлёй і аскепкамі. Так мама засталася ўдавой з чатырма дзецьмі на руках.
Ці вучылася я ў школе? Вядома ж, як і ўсе дзеці. Толькі наўрад ці гэта можна назваць вучобай. Дзяцей было вельмі шмат: хадзілі ў школу не толькі з нашай вёскі, а і са шматлікіх хутароў, якія знаходзіліся непадалёк, – працягвае Ганна Ільінічна. – На 25 чалавек была ўсяго адна кніжка. Сёння, напрыклад, я буду штосьці вучыць, на наступны дзень – хтосьці другі і г.д. Канечне, шмат вывучыць не атрымлівалася.
Да таго ж Ганне прыхо­дзілася дапамагаць спраўляцца па гаспадарцы матулі. Дзеці пасвілі кароў.
– Аднойчы мы з Косцікам пагналі іх у поле. Раптам чуем моцны гул. Гэта самалёты ляцелі. Яны, на шчасце, нас не бамбілі, але ўсё роўна нам было вельмі страшна. Памятаю, як мы кінулі кароў – і тыя пабеглі ў розныя бакі, а мы схаваліся ў высокую траву, леглі на зямлю і доўга адтуль не выходзілі, утаймаваўшыся ад страху.
Маці і сястра Ганны Марыя працавалі ў калгасе. Коней не хапала, паколькі іх забралі партызаны. Працаваць за плугам даводзілася жанчынам і дзецям. Хоць вясковая сям’я і трымала вялікую гаспадарку, але ўсё ж ежы не хапала. Днём прыходзілі паліцаі, а ноччу – партызаны. Забіралі яйкі, мяса, сала, адзенне… У вёсцы налічвалася шмат паліцаяў. Вельмі страшны баў час…. Адзін брат Ганны ваяваў у партызанах. За партызана выйшла замуж і сястра Марыя. На ўсё жыццё Ганна Ільінічна запомніла выпадак, як мясцовыя паліцаі злавілі яго, паса­дзілі на калодку, распранулі і білі да таго часу, пакуль з цела не злезла скура…
У вёсцы было шмат ваеннапалонных – 92 чалавекі. Іх трымалі ў гумне за агародамі. Усе мясцовыя жыхары імкнуліся ім дапамагаць. Ганна з іншымі дзецьмі таксама адносілі ім супу.
У час вайны была і яшчэ адна вялікая праблема – не хапала солі. Каб яе дастаць, вяскоўцы насілі на продаж у горад шкуры кароў. Там іх можна было абмяняць на соль. За адну шкуру давалі шклянку солі. Жанчыны хавалі соль пад спадніцамі ў ботах, каб па дарозе яе не адабралі паліцаі.
Вядома ж, патрэбна было адзенне, якое немагчыма было набыць. Спадніцы, кашулі рабілі самі. Камячылі ўручную лён, выбіваючы рукі да крыві. Затым на кроснах ткалі і шылі льняное адзенне.
Часта прыходзілася галадаць, есці падножны корм – шчаўе, лубін, ліпавае лісце і кветкі. Жудасна было бачыць, як у час вайны за вёскай стаялі голыя ліпы: лісце і кветкі аб’елі людзі, а кару садралі на лапці! Лубін быў вельмі горкі. Каб яго з’есці, трэба было вымочваць 2 тыдні. Людзі елі ўсялякія расліны, і ад гэтага ў многіх балеў жывот…
Маці Ганны Ільінічны была вельмі прыгожай і працавітай жанчынай. Да яе заляцаліся многія мужчыны, але яна больш не выйшла замуж. Так і засталася адна – вельмі ўжо яна любіла свайго мужа.
Уся сям’я Ганны Ільінічны мела музычныя здольнасці. Сястра і браты добра спявалі, гралі на гармоніку. Часта іх запрашалі граць на вяселлях. З 12 гадоў Ганна Ільінічна грала на бубне. Выступленні дзяцей прыносілі хоць невялікі даход сям’і. Стары бубен у Ганны Ільінічны захаваўся да цяперашняга часу. На ім яна і зараз іграе на многіх мерапрыемст­вах у культурна-адукацыйным цэнтры ў в.Стары Лепель і радуе многіх гасцей.
– Нялёгка было жыць і пасля вайны. Даводзілася шмат працаваць. У 1949 годзе я выйшла замуж за суседскага хлопца. У той жа год у вёску прыехаў вярбоўшчык. Ён агітаваў маладых людзей ехаць на працу на будоўлях. Я паехала працаваць у Мінск. Атрымала жыллё недалёка ад Чэрвеньскага рынка. Ні вокнаў, ні дзвя­рэй, ні святла спачатку не было. Вокны былі забіты дошкамі. Потым з часам была падведзена элект­рычнасць. Па картках кожны дзень выдавалі па 200 грамаў хлеба на аднаго чалавека. Мы пабудавалі 12-павярховы дом. У мае абавязкі ўваходзіла замешваць уручную і пераносіць па паверхах цэментны раствор. Потым я перавозіла будаўнічыя матэрыялы на тачанцы з адным колам. Ка­ціць яе трэба было акуратна па адной дошцы. Аднойчы кола саскочыла з дошкі – і мяне прыціснула. Я страціла прытомнасць і прачнулася ў бальніцы. Вельмі балела ў грудзях. 2 тыдні праходзіла лячэнне. Аказалася, што я была цяжарная…
У 1951 годзе мужа Ганны Ільінічны забралі ў армію. Яна засталася адна з дзіцяці на руках. Грошай на жыццё не хапала. Жанчыне прыйшлося пакінуць сына ў вёсцы маці і паехаць разам з сястрой у горад Мурманск. Абяцалі, што там можна ўладкавацца на працу юнгай на гандлёвае судна і атрымаць нядрэнны заробак. У плаванне даво­дзілася адыходзіць на 6-12 месяцаў.
– Разам з іншымі я пайшла запісацца, але там была вялікая чарга. Мы прастаялі суткі, і так нас не ўзялі, – успамінае Ганна Ільінічна.
Аднак затым жанчыне пашанцавала. Разам з іншымі дзяўчатамі іх узялі на працу правадніцамі. Адразу выдалі прыгожую форму. Ганне Ільінічне вельмі падабалася гэта праца.
– Жылі мы ў вагонах. ­Ад­зін вагон быў прызначаны на 2 сям’і. Зімой прыходзілася паліць у печы днём і ноччу, каб не змерзнуць. У хуткім часе ў Архангельскай вобласці я сустрэла свайго мужа. Ён быў вельмі здзіўлены, убачыўшы мяне там. Вельмі раззлаваўся, што я пакінула сына і паехала працаваць так далёка. Муж не зразумеў мяне… Мы хутка рассталіся.
У Мурманску Ганна Ільінічна пражыла да 1982 года. За гэты час сустрэла добрага чалавека, за якога і выйшла замуж. У сям’і нарадзілася двое дзяцей. Аднак, калі муж і жонка выйшлі на пенсію, ім вельмі захацелася вярнуцца на радзіму. Прыехалі ў Лепель, набылі ўтульны домік. Вось ужо 17 год, як муж Ганны Ільінічны пакінуў жыццё.
– Аднак я імкнуся не па­даць духам. Кожны дзень сустракаю з выдатным настроем, люблю спяваць і запрашаю да сябе ў госці добрых людзей. Напэўна, гэта і дорыць мне жыццёвую энергію і прыліў новых сіл, – шчыра прызнаецца Ганна Ільінічна.
На развітанне пяшчотна абдымаю гэту мілую жанчыну і ад душы жадаю ёй, вядома ж, моцнага здароўя, заўсёды быць такой жа вясёлай, пазітыўнай і з году ў год ўражваць нас задорнай ігрой на гармоніку.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>