Данесці да кожнага чытача

IMG_5741-626x525 Працягваецца кампанія па падпісцы на перыядычныя выданні на чацвёрты квартал гэтага года. Асноўным распаўсюджвальнікам перыёдыкі, у тым ліку і нашай газеты, з’яўляецца пошта. Мы сустрэліся з начальнікам РУПС Пятром Жарнасекам, каб пра­аналізаваць сітуацыю з падпіскай у цэлым і, прынамсі, на “Лепельскі край” і абмеркаваць шляхі актывізацыі падпісной кампаніі.

— Пётр Васільевіч, як вядома, апошнім часам, на жаль, назіраецца па­дзенне тыражу перыядычных выданняў. Як вы лічыце, чаму?

 — Прычыны розныя, аднак у першую чаргу, на маю думку, паўплываў эканамічны фактар. У няпростых эканамічных рэаліях людзі сталі проста больш ашчаднымі, грошы пачалі лічыць.

Гэтыя самыя рэаліі закранулі, безумоўна, і сферу паштовай сувязі. У выніку аптымізацыі ў шэрагу рэгіёнаў былі скарочаны і стаўкі паштальёнаў. Ці не паўплывала гэта акалічнасць на ход падпіскі?

 — Ні ў якім разе. І гэта пацвярджае статыстыка. У некаторых з гэтых рэгіёнаў назіраецца нават рост. Скажам, у Старым Лядне падпіска вырасла на сорак экзэмпляраў, у іншых жа — Звязда, Зялёны Востраў, Валосавічы, Грыгаравічы, Баброва, Домжарыцы — яна засталася на ранейшым узроўні.

Скажыце, а наколькі можна верыць афіцыйнай статыстыцы? Ці ёсць магчымасць яе пераправерыць?

 — Запэўніваю, статыстыка дакладная. Яе можна лёгка пераправерыць, што мы і робім. Існуе нават спецыяльная праграма ў камп’ютары.

— І ўсё ж… У выніку аптымізацыі паслуга па дастаўцы газет, якую выконвалі паштальёны, заменена мотадастаўкай…

— Так нават зручней. Вы не чакаеце, пакуль, справіўшыся з пенсіямі, паштальён прынясе газету. Машына даставіць карэспандэнцыю хутка. Нашы работнікі, якія працуюць на мотадастаўцы, раскладуць яе па скрынках, якія мы ўстанаўліваем, як правіла, у цэнтры вёскі. Скрынкі на замку.

Гэта мы ўжо раней праходзілі. Было, што і скрынкі ўзломвалі… Ды і хадзіць па газету, асабліва зімой, па галалёдзе, ці кожны згодзіцца? А калі чалавек хворы, інвалід… Іншая справа, калі прыносілі дадому…

 — Фактаў узлому пакуль не зафіксавана. Бываюць выпадкі, калі разносчыкі ідуць насустрач такім хворым лю­дзям. Аднак кожнаму дадому дастаўляць мы не можам. Прыйшоў чалавек, скажам, у магазін ці да аўталаўкі, заадно і забраў сваю газету.

— А як быць з агітацыяй? Ды хоць бы і паштальёнка, якая адною рукою пенсію выдае, другою прымае камунальныя выплаты… Ці дойдуць яе рукі яшчэ і да падпіскі?

— Дойдуць, бо паштальёны зацікаўлены, ім даводзіцца план, ад выканання якога залежыць зарплата. А ў тых рэгіёнах, дзе мотадастаўка, мы аб’ядналі дні выплаты пенсіі, работнікі прымаюць камунальныя выплаты і афармляюць падпіску.

— Паштальёна скарацілі, старым і нямоглым цяжка дабрацца да пошты, каб падпісацца на перыёдыку. Як быць?

— Скарочаны толькі агульны штат паштальёнаў, а пенсія ўсё роўна выдаецца паштальёнамі паўсюль. Пры гэтым прапаноўваецца і падпісацца на газеты. А заадно і аплачваюць камунальныя паслугі.

— А калі разам з мотадастаўкаю і падпіску афармляць?

— На гэта ў паштальёна па суправаджэнні проста фізічна не хопіць часу, бо маршрут расцягнуты часам да ста пяцідзесяці кіламетраў і болей.

 — Колькі разоў у ты­дзень выязджаюць на маршруты работнікі аўтадастаўкі?

— Пяць разоў, з аўторка па суботу ўключна, згодна з дзяржаўнымі сацыяльнымі стандартамі.

— Хто і як кантралюе своечасовасць дастаўкі паштальёнамі і аўта­транспартам? Якія меры прымаюцца?

— Працоўны дзень пачынаецца з сямі гадзін у вадзіцеля. Яму выдаецца пуцявы ліст, дзе ўказаны маршрут руху. Там пазначана, калі ён павінен выязджаць, калі прыбываць на той ці іншы аб’ект. Па прыездзе ў РУПС адзначаецца час прыбыцця на страхавым участку. А ў дарозе кантралюем наступным чынам: на машыны ставім навігатары, на адной ужо ёсць, на ўсе астатнія плануем паставіць у бліжэйшы час. Выпадкаў адхілення ад маршруту не зафіксавана.

— А можа, варта было б, каб з пэўнай перыядычнасцю, скажам, раз у квартал, у кожны рэгіён выязджаў адмыслова работнік вузла паштовай сувязі і праводзіў падпіску? Заадно і пошта арганізавала б гандаль сваімі таварамі. Да агітацыі маглі б падключыцца і журналісты. Магчыма, і работнікі культуры не адмовіліся б нас падтрымаць выязным канцэртам… 

— Наконт гандлю — наўрад ці ў нас знойдзецца такі тавар, які б акупіў выдаткі. Аднак у прынцыпе лічу такі варыянт прымальным. Згодзен. Хачу толькі ўдакладніць: не варта рэалізацыю гэтай ідэі перакладваць на плечы толькі адной пошты. Так, мы з’яўляемся арганізацыяй, якая распаўсюджвае перыёдыку, зацікаўлены ў росце тыражоў, бо падпіска складае васямнаццаць працэнтаў у агульнай скарбонцы нашага прыбытку. Аднак мы прадпрыемства, якое займаецца і іншымі відамі паслуг. А разам — калі ласка. Чаму б і не? І яшчэ адна заўвага. Колькі б мы тут ні абмяркоўвалі, як актывізаваць падпіску на вёсцы, лічу, што дзейнічаць трэба ў іншым накірунку — па буйных прадпрыемствах, на якіх якраз і знізілася колькасць падпісчыкаў. Больш таго, многія прадпрыемствы і арганізацыі несвоечасова разлічваюцца за ведамасную падпіску. Скажам, МКК завінавацілася нам сто дваццаць дзевяць мільёнаў, ад­дзел адукацыі, спорту і турызму — восемдзесят чатыры, ПМК-75 — трынаццаць, Бярэзінскі запаведнік — дзесяць і г.д.

— Раней на кожным прадпрыемстве былі так званыя грамадскія распаўсюджвальнікі, якія займаліся падпісной кампаніяй. А ці ёсць яны зараз?

— Ёсць на кожным прадпрыемстве.

Сапраўды дапамагаюць ці толькі лічуцца?

— Рэальна працуюць. Мы з імі адмыслова заключаем дамовы.

— Назавіце лепшых грамадскіх распаўсюджвальнікаў.

— Наталля Атрошчанка з ЦРБ, Ірына Пух — з малочнакансервавага камбіната, Вольга Прывада — райспажыўсаюза, Аляксандр Калінічэнка — РАУС і іншыя. Усяго ж у нас дваццаць восем грамадскіх распаўсюджвальнікаў.

— А які дадатак да заробку атрымлівае паштальён за падпіску?

— Тры працэнты ад сумы прынятай падпіскі пры ўмове стапрацэнтнага выканання планавага задання.

— Думаю, чытачам варта ведаць прозвішчы паштальёнаў, якія найлепш праводзяць падпісную кампанію.

— Галіна Александровіч з Лепеля, Людміла Хацько з Баброва, Ніна Ляднёва з Каменя, Марына Сямёнава з Домжарыцаў і іншыя.

Гутарыў

Уладзімір МІХНО.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>