Газета-партизанка

 

Няўмольна бягуць гады, але раённая газета заўсёды была разам з чытачом. Першы нумар яе выйшаў у лістападзе 1930 года. Шмат перешкод і цяжкасцяў сустрэла выданне на сваім 90-гадовым шляху. Разам з усім народам газета вяла барацьбу з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, пазней заклікала сваіх чытачоў адбудоўваць гарады і вёскі. І зараз яна разлятаецца ў розныя куткі раёна, каб расказаць жыхарам Лепельшчыны пра навіны ў сферах адукацыі, культуры, медыцыны. Асвятляюцца таксама тэмы экалогіі, турызму. Не забываецца ваенная тэматыка, разгляд праблемных пытанняў. У газеце кожны год з’яўляюцца новыя рубрыкі. Сёння раёнка з’яўляецца адным з любімых выданняў многіх жыхароў нашага раёна.

Напярэдадні юбілею пачынаем цыкл публікацый пра наш “Лепельскі край”. І першы артыкул хочацца прысвяціць самаму складанаму перыяду як для людзей, так і газеты.

* * *

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны на пэўны час прыпыніўся выхад газеты. Аднак Бюро Лепельскага падпольнага райкама партыі прыняло рашэнне аб арганізацыі ў першыя гады вайны партызанскай друкарні.

Ужо ў красавіку 1942 года аднавіўся выпуск «Калгаснай праўды». Рэдактарам газеты быў зацверджаны Клім Раманавіч Пацэйка. Дарэчы, ён жа з’яўляўся рэдактарам «Калгаснай праўды» і ў пасляваенны час аж да 1962 года.

Паліграфічнай базы падпольны райкам на той час не меў. Пачаўся пошук шрыфтоў, фарбы, паперы. Клім Пацэйка да гэтага перыяду быў супрацоўнікам ушацкай раённай газеты «Прымежны калгаснік» і ведаў, што напярэдадні акупацыі гарадскога пасёлка Ушачы абсталяванне друкарні было схавана ў калодзежы. Там жа быў і друкарскі станок, які можна было выкарыстоўваць для выдання невялікага фармату газет і лістовак.

Ва Ушачы накіравалася група з пяці чалавек, аднак іх абстралялі фашысты. Пазней, у кастрычніку 1942 года, сіламі двух партызанскіх злучэнняў акупантаў выбілі з Ушачаў. Дасталі станок, а таксама пад падлогай былой друкарні сабралі пяць кілаграмаў шрыфту.

Жыхар вёскі Ваўчо Карп Усцінаў перадаў партызанам каля 10 кілаграмаў паперы і дзве бляшанкі фарбы. Усё гэта даставілі ў вёску Антунова Ушацкага раёна, дзе размяшчаўся штаб брыгады Дуброўскага.

Небяспечная праца…

Аднак патрэбны былі работнікі. З вёскі Пліна Ушацкага раёна ў партызанскую брыгаду прыйшлі наборшчыцы з былога «Прымежнага калгасніка» Вольга Конах і Насця Косава. У трэцім партызанскім атрадзе змагаўся з ворагам кулямётчык Уладзімір Качан. Ён да вайны працаваў у друкарні. Уцёк з фашысцкага лагера Ілья Панін, які добра ведаў наборную справу. Іх адправілі на работу ў друкарню. Таксама сюды накіравалі Паўла Краснова, які да вайны паспеў скончыць 4 курсы БДУ. Красноў добра складаў вершы, сатырычныя подпісы пад палітычнымі карыкатурамі. Карэктарам стала Ія Аляксандраўна Ягорава, настаўніца-бежанка з-пад Веліжа.

У рэдкалегію ўвайшлі Аляксандра Зянюк, Мікалай Гуціеў і Павел Усцінаў.

…Пасля арышту друкароў-падпольшчыкаў газета стала выходзіць у лясах, дзе партызаны наладзілі выданне чарговых нумароў. Газета-партызанка мела тыраж 300–500 экзэмпляраў. Усяго іх, згодна з архіўнымі звесткамі, выпушчана 112. Вельмі шкада, што газетныя лісты амаль не захаваліся. Праўда, у экспазіцыі Лепельскага краязнаўчага музея змешчаны чатыры нумары за 1943 год.

3 нецярпеннем чакалі ў атрадах, вёсках газету «Калгасная праўда». Яна была органам Лепельскага падпольнага райкама партыі. Старонкі друкаванага выдання былі запоўнены кароткімі паведамленнямі аб справах народных мсціўцаў, аб зверствах фашыстаў.

48 нумароў газеты выйшла за гады акупацыі раёна. Газета імкнулася своечасова інфармаваць сваіх чытачоў аб падзеях на франтах, раскрывала антычалавечую сутнасць фашызму, заклікала грамадзян уступаць у партызанскія атрады.

Так, напрыклад, у артыкуле «Блізка час расплаты» расказвалася пра дзікія зверствы фашыстаў на акупіраваных тэрыторыях: «Але блізка час расплаты. Чырвоная армія на ўсіх франтах б’е заклятага ворага. У тыле днём і ноччу не даюць спакою фашыстам народныя мсціўцы».

Былі і звесткі аб тым, што робіцца за лініяй фронту. Так, чытачоў усхвалявала публікацыя «У Грузіі пачалася сяўба», у якой расказвалася пра хлебаробаў, якія працуюць у полі.

Падрыхтавала Наталля ХРАПАВІЦКАЯ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>