Цікавым, каларытным чалавекам быў ураджэнец вёскі Забалацце Стайскага сельсавета журналіст і празаік, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Пётр Дудо

Г-9 Цікавым, каларытным чалавекам быў ураджэнец вёскі Забалацце Стайскага сельсавета журналіст і празаік, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Пётр Дудо, таму зусім не выпадкова і яго вырашыў увекавечыць у сваёй карціне таленавіты лепельскі мастак Аляксей Ляшчоў.
Нарадзіўся Пётр Дзмітрыевіч 4 верасня 1911 года ў сялянскай сям’і. Калі хлопчыку споўнілася толькі тры гады, трагічна загінуў на франтах Першай сусветнай вайны яго бацька Дзмітрый Арцёмавіч Дудо. Маці Кацярыне Ігнатаўне давялося адной выхоўваць двух сыноў Пятра і Ягора. Пётр Дзмітрыевіч быў першым памочнікам маці ў гаспадарчых справах, з маленства авалодаў навыкамі нялёгкай сялянскай працы, навучыўся настойліва пераадольваць цяжкасці паўсядзённага жыцця.
У 1935 годзе Пятра Дудо прызвалі на службу ў Чырвоную армію. Пачынае выступаць у друку з артыкуламі і апавяданнямі. У 1939 годзе становіцца членам КПСС. У 1940 годзе скончыў Камуністычны інстытут журналістыкі імя С.М.Кірава ў Мінску, працаваў намеснікам рэдактара газеты “Вольная праца” ў Беластоку. Тут сустрэў і пачатак вайны.
Нямала франтавых дарог пракрочыў Пётр Дудо. Быў палітработнікам, супрацоўнікам армейскага друку. За баявыя подзвігі Пётр Дзмітрыевіч узнагароджаны двума ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, медалямі. У пасляваенны час працаваў карэспандэнтам газеты “Во славу Родины”. З нарысамі і апавяданнямі выступаў у рэспубліканскім друку, напісаў аповесць “Першы салют” і сатырычную камедыю “Чортаў тузін”. 23 лютага 1958 года на 47-м годзе жыцця сэрца Пятра Дудо перастала біцца. Свой апошні прытулак ён знайшоў на Вайсковых могілках у Мінску.
Тэма Вялікай Айчыннай вайны шырока адлюстравана ў творчасці пісьменніка і журналіста, праходзіць праз яго нарысы, нататкі, апавяданні.
Асабісты ўдзел у адной з найбольш вырашальных бітваў вайны на Курскай дузе даў Пятру Дзмітрыевічу багаты творчы матэрыял для напісання аповесці “Першы салют”. Пісьменнік робіць трапныя, дакладныя замалёўкі вайсковага быту, сваім вострым мастацкім пяром паказвае рэальныя баявыя аперацыі, у тым ліку па знішчэнні танкаў ворага. Вельмі адметнымі, незабыўнымі людзьмі паўстаюць перад чытачамі аповесці яе героі — франтавік Макар Галаўнёў, салдаты Волкаў і Амельчанка, сяржант Драздоў, афіцэры Ліквішвілі і Батанін, урач Прыгодава і іншыя.
Нягледзячы на жорсткія ўмовы вайны, знайшлося месца ў аповесці і тэме кахання, высокіх чалавечых пачуццяў. Гэта таксама тады дапамагала абаронцам Айчыны наблізіць час Вялікай Перамогі.
Упершыню аповесць “Першы салют” была надрукавана ў №6 часопіса “Полымя”, а ў выглядзе асобнай кнігі выдадзена ў 1958 годзе.
У творчай спадчыне Пятра Дудо асаблівай увагі заслугоўвае сатырычная камедыя “Чортаў тузін”, якая знайшла сваю дарогу да чытача ўжо пасля смерці пісьменніка — упершыню была апублікавана ў №5 часопіса “Полымя” за 1959 год, асобнай кнігай выйшла ў 1963 годзе. У ёй дзейнічаюць як станоўчыя, так і адмоўныя персанажы. Адмоўныя тыпы спрабуюць палепшыць свой дабрабыт за кошт дзяржавы і сумленных працаўнікоў. Творчымі сродкамі сатыры і гумару, трапным мастацкім словам Пётр Дзмітрыевіч развенчвае ліхіх людзей, паказвае ўсю іх нікчэмнасць і прымітыўнасць, робіць вартымі смеху і грэбавання.
Было б вельмі добра, каб мастацкія творы пісьменніка былі перавыдадзены і знайшлі сваё дастойнае месца ў бібліятэках, у тым ліку і нашага раёна.
Мікалай ГАРБАЧОЎ.
На здымку: партрэт Пятра Дзмітрыевіча Дудо, які намаляваў мастак Аляксей Ляшчоў (творчы псеўданім Manchado).
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>