Ці ёсць будучыня ў школы, у якой няма выпускнога класа

Так здарылася, што сёлета ў Новавалосавіцкай школе… няма выпускнога класа. Вясною выпусцілі даволі вялікі па вясковых мерках дзявяты. Вучыліся дзевяцікласнікі няблага, многія паступілі ў сярэдне-спецыяльныя навучальныя ўстановы. Скажам, Раман Ізмайловіч і Аляксандр Крываносаў вучацца ў Віцебскім вышэйшым каледжы сувязі, Павел Прыстаўка – у сувораўскім вучылішчы.

Прама скажам, не густа вучняў у Новых Валосавічах – усяго дваццаць дзевяць чалавек. І пяцёра займаюцца ў дашкольнай групе дзіцячага садка. Працаваць ва ўмовах малакамплектнай школы – свая спецыфіка. Настаўнікаў хапае па ўсіх прадметах. Пэўныя праблемы былі з выкладаннем замежнай мовы. Сёлета ў школу прыслалі маладога спецыяліста, выкладчыка англійскай мовы, які закончыў Мінскі лінгва-гуманітарны каледж. Паўнавартасныя гурткі ў такой школе арганізаваць цяжка, тым больш, што палова дзяцей – пятнаццаць чалавек – на падвозе. У новым навучальным годзе падвозяць вучняў дзвюх школ – Новавалосавіцкай і Поўсвіжскай – адным аўтобусам. У Поўсвіжы заняткі пачынаюцца а восьмай гадзіне, у Валосавічах – на гадзіну пазней, а заканчваюцца аж а палове на шаснаццатую. Якія тут ужо гурткі? Трэба на аўтобус. І так дзеці амаль увесь дзень то на занятках, то ў дарозе. Стамляюцца. Таму ў школе пайшлі іншым шляхам. Не сталі арганізоўваць гурткі «для галачкі», прэзентавалі гэтыя гадзіны тым школам, дзе яны больш дарэчы. А самі адкрылі адно рознаўзроставае аб’яднанне па інтарэсах «Эколаг». Яўка па жаданні. Хто зацікавіцца, прыйдзе. Уваход свабодны, выхад таксама. Аб’яднанне працуе кожную трэцюю суботу ў межах праграмы шостага школьнага дня. Тут вучні знаёмяцца з родным краем, вывучаюць экалогію і г.д. Плануюць экскурсіі ў лепельскі дэндрапарк, у раённы краязнаўчы і слабадскі школьны музеі.

Праграма школьнага дня даволі разнастайная. Субоце прыдаюць важнае выхаваўчае значэнне. Заняткі ў гэты дзень доўжацца чатыры гадзіны. Першая праходзіць у спартыўнай зале і камп’ютарным класе, а таксама ў піянерскім пакоі. Дзве наступныя – тэматычныя, прысвечаныя ваенна-патрыятычнаму і працоўнаму выхаванню, экалогіі, прафарыентацыі, кожная другая субота – дзень здароўя. Асаблівы акцэнт робіцца на вывучэнні роднага краю, праводзяцца пешыя экскурсіі і паездкі. Гадзіна чацвёртая – кансультацыі – для бацькоў, для дзяцей. У гэты час можна паглыбіць веды па тым ці іншым хвалюючым пытанні. Таксама настаўнікі наведваюць сем’і.

*       *       *

Верасень – самы час падумаць пра зіму. Выбралі на школьным агародзе ўраджай. Неблагія ўрадзілі бульба, буракі, морква. Назапасілі агуркоў, фасолі. Мяркуюць, што запасаў хопіць да вясны. А болей і не трэба, бо захоўваецца гародніна ў падвале, а там даволі цёпла, і таму да вясны што падсыхае, што ў рост ідзе. Так што лепей, пакуль свежанькая, а пасля дакупіць. Свая агародніна з прышкольнага ўчастка, уласна кажучы, патрэбна, каб больш танным і разнастайным зрабіць абед. У прынцыпе абеды для сельскіх школьнікаў бясплатныя, аднак сабекошт разавага харчавання складае крыху больш як адзінаццаць тысяч рублёў, двухразовага – крыху меней дзевятнаццаці. Сабекошт капеечны, а мяса даволі дарагое, таму каб болей на стале было мяса, кампенсуюць сваёй гароднінай. Харчуюцца ўсе, а чацвёра вучняў – двое з мнагадзетнай сям’і і два інваліды – атрымліваюць двухразовае харчаванне.

Да новага навучальнага года збольшага падладзілі школу. Паставілі частку новай агароджы і пафарбавалі, навялі парадак у кабінетах, падфарбавалі парты і стулы. Дапамог лясгас піламатэрыяламі на агароджу. Штогод КУВСП «Лепельскае» выдзяляе зерне, прадаўшы якое, летась, напрыклад, выручылі больш як чатыры мільёны рублёў. Крыху зарабляе школа і сама. Збіраюць макулатуру, рэалізуюць расаду кветак. Сёлета прадалі расады на сем мільёнаў, на пяць – камунальным гаспадаркам, астатнія – магазінам. Аднак апошнім часам вырошчваць расаду стала не выгадна, бо зменшыўся попыт. Частку нерэалізаванай прадукцыі даводзіцца адпускаць «за капейкі», ці высаджваць ля школы. На школьным дворыку гэткае густое і прыгожае буяе зараз восеньскае разнаквецце?

Зменшыўся попыт, панізілася плацежаздольнасць бацькоў, якія пераважна працуюць у сельскай гаспадарцы. А таму школа не «напружвае» бацькоў добраахвотнымі ахвяраваннямі. Прыносяць тыя ў школу хіба што бутылёвую ваду і салфеткі. Піць ваду з-пад крана катэгарычна забаронена санітарнымі нормамі, вось і вырашылі перайсці на бутылёвую.

Навучальны год распачаўся актыўнаю пазакласнаю, пазаўрочнаю дзейнасцю. Дарма што няма гурткоў, тут па-ранейшаму нешта вырабляюць, удзельнічаюць у раённых культурна-масавых і спартыўных мерапрыемствах. Да раённага свята «Багач» вучні малодшых класаў змайстравалі Дамавічка Кузю, які заняў другое месца ў раёне. Граматамі адзначаны таксама гародніна-волат і цуд-гародніна. Сямікласніца Ірына Малярова прыняла ўдзел у раённых спаборніцтвах па асеннім чатырохборстве і заняла трэцяе месца.

Новы навучальны год набірае абароты. Малакамплектная школа жыве сённяшнім днём, але не пакідае і надзеі на лепшае. Скажам, налета ў першы клас прыйдуць шасцёра дзяцей, а значыць, вучняў у школе паболее.

Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>