Чым пахне сырадой у Новых Валосавічах на Лепельшчыне?

122 Хто зараз трымае на падворку карову? Адны скажуць – рупліўцы, другія запярэчаць – дзівакі, і пры гэтым усміхнуцца, маўляў, гэта справа не для іх.

Трымаць карову – і запрэгчы сябе ў кабалу штодзённых клопатаў? Дык пайшоў вунь у магазін – і якога хочаш табе малака: хочаш – тлустага, хочаш абястлушчанага, а калі пажадаеш, то і вяршкоў купіш, і смятанкі. «Хіба тое малако?» — абураюцца ўладальнікі кароў, ні ў якае параўнанне яно не ідзе з цёпленькім сырадойчыкам прама з-пад каровы ды з апетытнаю пенкаю. І гэтая спрэчка можа цягнуцца бясконца.

Як бы там ні было, але жыццё паварочваецца не на карысць уладальнікаў буйной рагатай жывёлы. З кожным годам іх у вёсцы становіцца ўсё меней і меней. І калі раней у полі пасвіліся вялікія статкі ўласных кароў, то зараз уладальнікаў рагуль засталося літаральна адзінкі, хоць ты помнікі ім стаў пры жыцці. І адна з такіх кандыдатаў на прыжыццёвы помнік – жыхарка Новых Валосавічаў Людміла Гарыслаўка.

Цікава, што Людміла паходжаннем зусім не вясковая, бацькі яе жылі ў Лепелі, а ў Валосавічах была бабуля, да якой і прыязджала ўнучка нібыта на адпачынак. Ды які ж адпачынак у вёсцы? То за тое, то за гэта рукі зачэпяцца, выйдзеш на вуліцу – не пасядзець, не пагуляць, а зрабіць штосьці, асабліва цёплым сезонам, які займае ў апошнія гады ўсе тры чвэрці года. Як упражэшся ранняй вясною, дык і позняй восенню ці ўздыхнеш.

Толькі лайдак у вёсцы летца на прызбе прасядзіць, не схамянецца. Людзі ж з сапраўдным вясковым менталітэтам шчасцем, а не заганаю лічаць працу, і не важна, дзе яны нарадзіліся – ці ў вёсцы, ці ў горадзе.

Спакойна засталася Людміла жыць у Новых Валосавічах, калі выйшла замуж за мясцовага вальшчыка лесу Сяргея Гарыслаўку. На той час у яе ўжо была прафесія повара. Неўзабаве купілі невялікую хатку пачалі яе перабудоўваць, перайначваць на свой лад. Хтосьці падумае, што пачалі з вокнаў ці з падлогі. Ды не – з… хлявоў, якіх не было побач. А без хлявоў, на думку гаспадароў, і жыцця няма, і шчасця. Хлявы пабудавалі, купілі кароўку, купілі свіней. Зараз можна было і за хату брацца. У гаспадара рукі залатыя, Сяргей бадай увесь рамонт у хаце сам рабіў. Прайшлі гады, і колькі ж іх прайшло з таго дзевяноста восьмага, як пажаніліся, і ўсё ў іх ёсць у хаце ды на падворку: і дах перакрылі, і вокны модныя паставілі, і агароджу з металапрофілю, і ваду падвялі, і машыну пральную аўтамат купілі.

У свой час Людміла па спецыяльнасці працавала, ды часіны змяніліся, выбар працы ў вёсцы стаў не гэткім багатым ды разнастайным. Давялося пайсці санітарачкай у амбулаторыю. А ў санітаркі ведаем, якая зарплата. І што б яна мела на свае два мільёны рублёў? Дачка вунь на платным вучыцца – Даша паступіла ў Полацк у гандлёвы каледж, Саша падрастае, сын ужо ў шосты ходзіць. Што б яна мела, калі б ні карова, ні цялушка, ні свінні, ні гусі, ні куры?

Хтосьці на падворку кветкі саджае ды любуецца, а Гарыслаўкі – бульбачку, бурачкі, агурочкі, цыбульку,  зерне. Гектар агароду. Есць там месца і кветкам, ды толькі любавацца імі часу не хапае. Бо ўсё лета Людміла ў закатках і засолках адпачывае, а «на курорт» выязджаюць з Сяргеем на веласіпедах у лес па ягады. На ягадах летам зарабляюць, хоць і невялікія грошы, аднак яшчэ адна зарплата.

Як можна паспяваць абрабіць гектар агароду, дагледзець жывёлу, «пакалыміць» у ягадах, нарыхтаваць запасаў на зіму, калі абодва працуюць – гэта пытанні да гаспадароў, бо нават мне, чалавеку вясковаму, цяжка такое растлумачыць. У вальшчыка лесу цяжкая праца, дадому прыйдзеш – рукі калоцяцца ад пілы. Нялёгкі клопат і санітарчын: усё прыбраць і ў амбулаторыі, і на вуліцы. Усё ж медыцынская ўстанова. Тут стэрыльнасць і чысціня павінны быць заўсёды. І растворы зрабіць… Ды што там! Патрэбна санітарачцы быць дбайнай і гаспадарлівай, каб паспяхова справу сваю рабіць. Такая ж дбайная ды гаспадарлівая Людміла і дома.

А яшчэ па гаспадарцы дапамагае Гарыслаўкам трактарок. Гадоў пяць як купілі, нават крыху пазычалі, затое зараз не шкадуюць. Трактарок даўно сябе і апраўдаў, і акупіў, і што б увогуле без яго рабілі!

Спытаўся ў Людмілы пра яе любімую страву, як-ніяк повар. Засмяялася: «Усё б з’ела, каб хто наварыў». І я яе добра разумею… Спытаўся пра любімую кветку – толькі рукою махнула ў адказ. Відаць, яе думкі вандравалі дзесьці ў іншым вымярэнні і ў іншай плоскасці.

Між іншым, кожная жанчына сама нагадвае тую ці іншую кветку… Людмілу хочацца параўнаць з рамоначкам палявым – такая ж сціплая, не патрабавальная і разам з тым вельмі прывабная, прыгожая ў сваёй несамавітай прастаце…

Уладзімір МІХНО.

На здымку: Людміла Гарыслаўка.

 Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>