Четыре десятилетия на газетной ниве

u-200

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

u-20

У сярэдзіне снежня 1965 года Васіль Хаванскі ўпершыню пераступіў парог рэдакцыі газеты “Ленінскі сцяг”. У той час яшчэ нават не здагадваўся, што ўсё далейшае жыццё будзе звязана з гэтай установай.

Як ён казаў, больш за 40 гадоў жыцця з нататнікам і алоўкам праляцелі як адно імгненне, і ніколькі аб гэтым не шкадаваў.

Увогуле, прысвячаць сябе журналістыцы не збіраўся, хоць і здольнасці да трапнага мастацкага слова праяўляліся ў юнацкія гады: пісаў вершы-частушкі, якія нават друкаваліся ў “Калгаснай праўдзе”.

Нарадзіўся Васіль Рыгоравіч у вёсцы Пляшкі былога Несінскага сельсавета Лепельскага раёна ў 1941 годзе. Толькі ўявіць можна, колькі давялося перажыць яму ў дзяцінстве — у ваенны і пасляваенны перыяды.

Юнаком далучыўся да нялёгкай сялянскай працы — рупіўся паляводам у калгасе імя Леніна і ніякіх планаў на будучае не будаваў.

Аднак газета вельмі часта станавілася на яго шляху. Пасля тэрміновай службы на флоце добры знаёмы, ваенны журналіст, прапаноўваў Васілю Рыгоравічу працаўладкавацца ў рэдакцыю “На страже Заполярья” — гэта газета Паўночнага флоту, куды малады хлопец дасылаў неаднаразова свае замалёўкі і нарысы пра маракоў. Калі звярнуўся да галоўнага рэдактара ўстановы, той прапанаваў крыху пачакаць, паўгода, пакуль у Міністэрстве абароны зацвердзяць новыя штаты.

Аднак мужчына разумеў, што прычына не ў тым. Папросту яму адмовілі, бо не меў спецыяльнай адукацыі.

У маладыя гады хацелася пабываць у шматлікіх краінах, вырашыў пападарожнічаць. Аднак і тут няўдача… У замежжа яго не пусцілі, бо служыў у адмысловых войсках, даваў падпіску на 15-гадовае маўчанне.

Што рабіць? Толькі вяртацца дадому. Па дарозе на вакзал заўважыў хлопец шыльду “Рэдакцыя газеты “Арктическая звезда”. Зазірнуў… і пашчасціла: на той момант якраз была вакантная пасада супрацоўніка ў сатырычным аддзеле.

Пэўны час папрацаваў у рэдакцыі, але па сямейных абставінах давялося паехаць на радзіму. Вопыт працы з публіцыстычным словам ужо быў, таму адразу накіраваўся ў “Ленінскі сцяг”. Намеснік рэдактара К. Пацэйка толькі паспачуваў, вакантных месцаў для творчых работнікаў не было.

Зноў паехаў на Поўнач: былы аднавясковец паклікаў на руднік па здабычы апатыту. Здавалася, што жыццё наладжваецца. Прайшоў шлях ад вучня да бурыльшчыка глыбокіх свідравін, пачаў зарабляць неблагія грошы — да 300 рублёў.

Перакрэсліла планы тэлеграма ад рэдактара лепельскай газеты І. Алексіна. Ды яшчэ і жонка мела вялікае жаданне вярнуцца на радзіму. Сям’я збірае чамаданы і рушыць у Лепель.

Пачаў свой працоўны шлях Васіль Хаванскі ў раённай газеце на пасадзе загадчыка сельгасаддзела. Аклад на той час быў каля 100 рублёў. Здавалася, нядрэнна, але было з чым параўнаць. Пэўны час былі ваганні вярнуцца на Поўнач.

Пасля прыняцца рашэння застацца журналіст актыўна ўзяўся за пошукі цікавай інфармацыі. Нататкі, рэпартажы, замалёўкі ліліся ў творчага работніка і карысталіся вялікай папулярнасцю сярод жыхароў раёна.

На той час “Ленінскі сцяг” выходзіў тры разы на тыдзень, выдаваўся на два раёны — Лепельскі і Ушацкі. Шмат кіламетраў “скалясіў” Васіль Рыгоравіч у дождж і спёку, мароз і завею, ведаў, што робіцца ў кожным кутку двух раёнаў.

Як жа дабіраўся журналіст у суседні раён? Спачатку з аўтастанцыі на рэйсавым транспарце да Ушачаў, а там як пашанцуе. Калі — на малакавозе, калі — на бензавозе. Часцей — пехатой ці на перакладных да цэнтраў гаспадарак. Хоць у рэдакцыі і быў старэнькі “Масквіч-408”, але ён больш прастойваў у гаражы.

Летам 1996 года стала вядома, што ў ліку іншых адноўлены і Ушацкі раён, а гэта казала аб тым, што там будзе свая газета. Неўзабаве так і атрымалася — “Патрыёт” пачаў выходзіць са студзеня 1997 года.

Праз год старанні журналіста былі заўважаны кіраўніцтвам, і Васіля Рыгоравіча прызначылі адказным сакратаром. У той перыяд ужо больш знаходзіўся ў будынку рэдакцыі. Да яго ўсе творчыя супрацоўнікі прыносілі матэрыялы, а яму трэба было іх вычытаць, выправіць і зрабіць макеты палос. Потым стаў намеснікам галоўнага рэдактара, а з 1984 па 2001 год кіраваў увесь працэс газеты — аж да выхаду на заслужаны адпачынак.

За перыяд працы ў рэдакцыі Васіль Рыгоравіч паказаў сябе сапраўдным журналістам і адказным кіраўніком. Ён выступаў у розных газетных жанрах. Асабліва ў яго атрымлівалася крытыкаваць нядбайных гаспадарнікаў. І рабіў ён гэта не толькі ў прозе, але і вершах.

Вялікую ўвагу надаваў выхаванню маладых кадраў, зацікаўліваў іх працай на газетнай ніве. Пад яго кіраўніцтвам журналісты ўдасканальвалі сваё майстэрства і працавалі на карысць чытачам.

Васіль Рыгоравіч заўсёды праяўляў сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю, быў членам партыйнай арганізацыі раёна, членам бюро РККПБ, выбіраўся дэпутатам. За перыяд працы ў рэдакцыі быў узнагароджаны шматлікімі граматамі.

Пасля выхаду на заслужаны адпачынак Васіль Хаванскі не забываў рэдакцыю, якая стала для яго родным месцам, заўсёды прыносіў публікацыі, гутарыў з работнікамі, даваў карысныя парады, у тым ліку і мне.

Наталля ХРАПАВІЦКАЯ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>