Бросает за шиворот градусы, словно тот искушенный бильярдист шары в лузу

pyanyiy_za_rulyom_63— Якіх толькі людзей не пабачыў на лаве падсудных за сваю шматгадовую практыку на пасадзе суддзі, — распавёў пры нашай чарговай сустрэчы суддзя суда Лепельскага раёна Мікалай Казлоўскі. — Некаторыя адразу прызнавалі сваю віну, як кажуць, пасыпалі галаву попелам, каяліся. Іншыя, наадварот, вялі сябе нахабна, лавіравалі, блыталіся ў паказаннях. Што ні чалавек — загадка. А яе абавязкова адгадаць патрабуецца, каб вынесці адэкватны прысуд за дзеянні злачыннага характару.
Памятаю судовае пасяджэнне па справе Віктара Рогава (прозвішча зменена). Жыў у адной з вёсак Лепельшчыны. Перад тым быў асуджаны судом Ушацкага раёна. Пакараны папраўчымі работамі на два гады з утрыманнем 25 працэнтаў заробку ў даход дзяржавы. Пазбавілі яго і права займацца пэўнай дзейнасцю, звязанай з кіраваннем усімі відамі транспартных сродкаў на пяць гадоў.
Прысуд суровы. Тут бы за розум узяцца, перагледзець свае адносіны з законам. На жаль, не пачуў ушчуванняў Феміды, працягваў каціцца па нахільнай. Дапускаў зламыснае ўхіленне ад адбывання пакарання. Скажам, уладкаваўся слесарам у цэнтральную раённую бальніцу. Вытрымаў крыху больш за месяц. Звольніўся. Не затрымліваўся і на іншых работах. Па выкліках не з’яўляўся без уважлівых прычын у крымінальна-выканальную інспекцыю Лепельскага раённага аддзела ўнутраных спраў. Папярэджвалі, прыцягвалі да адказнасці. Як з гуся вада! Слова даваў выправіцца, потым парушаў. І ланцужок законанепаслухмянасці борзда размотваўся па жыццёвай сцяжыне маладога мужчыны.
І не толькі тым “праславіўся”. Памятаеце, Віктару паводле пастановы суда забаранялася садзіцца за руль транспартных сродкаў. Нападпітку, кажуць, мора па калена чалавеку. Паплыў па гэтым “моры”. Ды паплыў так жвава! Лепей бы скіраваў сваю мускульную энергію ў працоўнае рэчышча. Ды на “пуп браць” не жадаў. Навошта! Няхай іншыя ўпіраюцца, а яму не з рукі. Вось выпіць — мастак. Кідае за каўнер градусы, нібы той спрактыкаваны більярдыст шары ў лузу. Так напрактыкаваўся, што мог выступаць на чэмпіянатах алкагольных, калі б тыя праводзіліся.
На судзе падрабязна распавядаў пра свае прыгоды. 30 жніўня баляваў у Юркоўшчыне са знаёмымі. Па яго словах, прыняў дозу 0,7 літра віна. Пасля вырашылі хаўруснікі пракаціцца ў гарадскі пасёлак Бягомль Докшыцкага раёна. Паселі ў іншамарку — і па газах! Раўнуў магутны матор “Аудзі-4” , толькі пыл закурыўся ззаду.
Ехалі ў бок Пышна. На павароце ў вёску Віктар прыкмеціў работнікаў міліцыі. Прыкмеціў і агульнавядомы сігнал спыніцца. Не падпарадкаваўся, упарта працягваў рух. Газануў, ды адарвацца ад пагоні не змог. Да чаго б даездзіўся нецвярозы кіроўца, калі б на яго шляху не сустрэліся работнікі дзяржаўтаінспекцыі, сказаць цяжка. Людзі ў пагонах спынілі небяспечную паездку.
Як кажуць, нібы чорт падбухторваў маладзёна. Мусіць, калі ўзяўся за гуж, не хацеў паказацца нядужым. Спадзяваўся на ўдачу. Удача толькі крыва заўсміхалася. Фартуна яўна адвярнулася ад парушальніка.
Атрымаў па заслугах. Канчатковае пакаранне Віктара Рогава выглядае так: пазбаўленне волі на год і дзевяць месяцаў з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму, з пазбаўленнем права кіраваць транспартнымі сродкамі пяць гадоў. У адносінах асуджанага таксама прыменена спецыяльная канфіскацыя аўтамашыны “Аўдзі-4”.
“Гуж”, за які так нахабна ўзяўся персанаж нашага крымінальнага аповеду, аказаўся такім нетрывалым. Фінал сумны. Іншым навука.
Уладзімір ШАЎЧЭНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>