Аздараўленчы вецер дзьме на Лепельшчыне

ЛетнікВыстраіўшыся ў калону па двое на школьным дворыку, дзеці ажыўлена абмяркоўваюць будучую прагулку ў лес. Толькі што паелі пшоннай кашы, папілі какавы, пазаймаліся ранішняй гімнастыкай. Праўда, у кагосьці так да гэтага часу вочы яшчэ і не адкрыліся.

Лета – і вельмі ж не хочацца падымацца раненька і адпраўляцца ў школьны летнік. Паспаць бы. Ну ды хто рана ўстае, таму Бог дае.

Патрапіў у летнік “Пунсовы ветразь”, які працуе на базе Старалядненскай школы, у Дзень лесу. Неўзабаве адправяцца ў пошуках прыроднага матэрыялу, з якога потым будуць вырабы. Звычайна збіраюць у лесе шышкі, мох, розныя цікавыя карчы і галінкі. Вырабы атрымліваюцца прыгожымі.

Працуе летнік ужо другі тыдзень, а ўвогуле ж разлічаны ён на васямнаццаць дзён. Распачаўся ў першы дзень лета і Дзень абароны дзяцей традыцыйным святам гасціннасці, якое і стала адкрыццём змены. Прайшлі арганізацыйныя зборы, дзяцей пазнаёмілі з правіламі тэхнікі бяспекі. Адбылася музычная праграма “Шырэй круг”.

А потым лісткі на летнім календары пачалі мільгацець усё хутчэй, ішлі дзень за днём, свята за святам. Прайшлі “Вясёлыя старты” і экалагічная віктарына, рыхтавалі на выставу малюнкі на экалагічную тэматыку. Прыходзілі работнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, каб правесці вучэбна-практычныя заняткі “Гадзіна бяспекі”. Не абышлося і без музычных праграм. Да Дня музыкі дзеці падрыхтавалі канцэрт “Новая зорка”, удзельнічалі ў гульнёва-забаўляльнай праграме. Кожны атрад падрыхтаваў дэвіз, слоган, песню. Актыўна папрацавалі Насця Гук, Аня Шапо, Насця Голубева, Ульяна Камека і іншыя, Мікіта Сімановіч быў дзіджэем. Пасля ж былі Дзень гумару, Дзень зямлі.  І абавязкова кожны дзень дзеці займаюцца спортам.

Летнік у Старым Лядне рознаўзроставы, сабраў сорак дзяцей з першага па восьмы клас, працуюць чатыры выхавальнікі. Створаны два атрады – “Непаседы” і “СССР”. Сярод іншых адпачываюць двое дзяцей з сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, шасцёра дзяцей са шматдзетных сем’яў. На кожнага дзіцяці штодня затрачваецца 32222 рублі. Усяго ж на арганізацыю летніка выдзелена дваццаць тры мільёны дзвесце тысяч рублёў. Да ўсяго яшчэ каля 1,3 мільёна рублёў сабралі бацькі. Наладжана трохразовае харчаванне – сняданак, абед і падвячорак. Апошні дзеці атрымліваюць ужо амаль перад самым сыходам. Тут заўсёды свежая гародніна і садавіна, каларыйныя збалансаваныя абеды.

Па вяртанні з лесу дзяцей чакаюць апетытны суп з фрыкадэлькамі, птушынае рагу, абавязкова фруктовы сок, а пасля абеду паласуюцца ёгуртавым крэмам.

Адказная за аздараўленне Таццяна Старавойтава расказвае, што ў летніку вядзецца рэйтынг актыўнасці вучняў і ў канцы змены лепшыя і найбольш актыўныя будуць заахвочаны дыпломамі і салодкімі прызамі.

Ну а пакуль лета толькі пачалося, і працягваецца незабыўная змена ў “Пунсовым ветразі”. Цёплы ветрык ваўсю раздзімае ветразь. Адолена палова шляху. Як кажуць, сем футаў пад кілем!

 Уладзімір МІХНО.

 На здымку: у летніку – перад прагулкаю ў лес.  

  Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>