Аварийную службу вызывали?

gorgazЗ пачатку года спецыялістамі Лепельскага раёна газазабеспячэння праведзена дыягностыка каля 800 адзінак газавага абсталявання, заменена – каля 650.
Кожны з нас крыху ўяўляе сабе, як працуе аварыйная газавая служба. Часам нам здаецца, што гэта праца не такая ўжо і складаная. Жыхар раёна набірае нумар «104», кажа, што ў яго доме ці кватэры адчуваецца пах газу. Прыёмшчык заказаў паведамляе спецыялістам адрас заяўніка. Праз пэўны час, у залежнасці ад адлегласці, «аварыйка» прыбывае на месца. Сама бачыла, як да шматпавярховікаў пад’язджаў аўтамабіль жоўта-чырвонага колеру і ніколі не насцярожвалася, што штосьці здарылася.
Напэўна, з-за ўпэўненасці ў прафесіяналізме гэтых лю­дзей.
Каб зразумець усе тонкасці гэтай важнай прафесіі, адправілася ў Лепельскі раён газазабеспячэння філіяла ВУ «Чашнікігаз».
Трэба ведаць…
– Выкарыстанне прыроднага газу ў быце вельмі зручнае: для ацяплення памяшкання, падагравання вады і прыгатавання ежы. Аднак калі не выконваць правілы эксплуатацыі абсталявання, газ з «сябра» можа ператварыцца ў «ворага», – з такой важнай думкі мы і пачалі размову з галоўным інжынерам Аляксеем Мячыным.
– Якія прыкметы ўцечкі газу і да чаго можа прывесці несвоечасовае ліквідаванне паломкі?
– Першай прыкметай, канечне, з’яўляецца непрыемны характэрны пах – гнілой капус­ты, часнаку, цыбулі і г.д. Уцечка можа прывесці да ўдушша, атручвання і галаўнога болю. Аднак гэта не самае страшнае. У выніку можа адбыцца выбух, шкода ад якога нашмат большая за пажар.
Працоўныя будні
– Змена аварыйна-дыспетчарскай службы пачынаецца з медагляду слесара і кіроўцы спецыялістам Лепельскай цэнтральнай раённай бальніцы, – кажа Аляксей Юр’евіч. – Далей ажыццяўляюцца прыём і здача змены: правяраюцца камплектнасць транспартнага сродку, прыборы радыёсувязі, наяўнасць абавязковага камплекту інструментаў і матэрыялаў для слесара. Кіроўцы таксама абмярковаўюць пытанні стану аўтамабіля.
Пакуль заявак не паступала, цікаўлюся лічбамі.
У наяўнасці маецца 1 спецыяльны аўтамабіль, забяспечаны ўсім неабходным, каб хутка дабрацца на месца, незалежна ад умоў мясцовасці, і ліквідаваць прычыны і наступствы аварыі.
Зазірнула ў салон: гідраўлічныя інструменты, ключы, дамкрат… Усяго – не пералічыць.
Мяне ж зацікавіў адзін незвычайны прыбор – дыстанцыйны лазерны дэтэктар метану, з дапамогай якога можна, не заходзячы ў памяшканне, на адлегласці да 30 метраў, вызначыць, ці ёсць там уцечка газу. Трэба сказаць, вельмі зручная рэч. Дзякуючы ёй, не трэба бегаць па пад’ездах, а можна з вуліцы даведацца, якая ў кватэры канцэнтрацыя газу.
Так, напрыклад, вясной бягучага года па вуліцы Чуйкова г.Лепеля ў шматпавярховіку мужчына ў нецвярозым стане «загазаваў» кватэру. Суседзі патэлефанавалі ў аварыйную газавую службу, бо грамадзянін не адчыняў дзверы. На месца таксама былі выкліканы работнікі РАУС і РАНС. З дапамогай дэтэктара ў памяшканні была хутка вызначана канцэнтрацыя газу.
У аварыйна-дыспетчарскай службе працуюць 15 чалавек, з іх 5 прыёмшчыкаў заказаў, столькі ж слесараў і 5 вадзіцеляў. Кожны работнік тут вельмі важны. Камусьці падасца, што галоўнае, каб слесар добра выконваў сваю працу. Аднак жа не… Вадзіцель таксама павінен умець хутка дабрацца да месца выкліку.
Тут працуюць людзі, якія кругласутачна сочаць за тым, каб у нашых дамах было бесперабойнае і, самае галоўнае, бяспечнае газазабеспячэнне.
– Ці здараюцца «ілжывыя» званкі?
– Так, не заўсёды патрабуецца ўмяшанне аварыйнай службы, але на ўсе тэлефанаванні брыгада выязджае. Часам людзі блытаюць пахі фарбаў і іншых рэчываў з газам. Здараецца, што зачыніліся дзверы, а ў кватэры на пліце патэльня. З 30-40 выклікаў каля 5-10 тых, калі камусьці здалося, што пахне газам. Здараліся і выпадкі, што пах варанай квашанай капусты былі прыняты за ўцечку газу.
Папрасіла Аляксея Юр’евіча ўзгадаць якую-небудзь кур’ёзную гісторыю:
– Аднойчы ў 12 гадзін ночы тэлефануе мужчына і ўзрушана кажа: «Прыязджайце хутчэй. Я газ трымаю пальцам!». Як аказалася, муж і жонка, на ноч гледзячы, вырашылі штосьці пераставіць на кухні. Ім перашкаджаў газавы кран. Гаспадар хацеў адлучыць шланг, а раскруціў сам кран. Запорная прылада перастала выконваць сваю функцыю – і пайшоў газ. Здарыўся і выпадак, што жанчына скардзілася на крадзеж газу з яе кватэры, а вызначыла гэта па даных лічыльніка.
На выпадак спрэчных сітуацый размова прыёмшчыка заказаў са спажыўцом газу заўсёды запісваецца. На транспартных сродках таксама ўстаноўлены відэарэгістратары. Яны ж, пераносныя, ёсць і ў кожнага слесара.
– Колькі часу трэба на зборы брыгады?
– Ад моманту паступлення заяўкі да выезду на месца праходзіць не больш за 5 хвілін, – далучаецца да размовы майстар Цімур Прускі. – Аварыйныя выезды, на шчасце, здараюцца нячаста. Таму вадзіцель і слесар выконваюць таксама рамонтна-тэхнічныя заяўкі. Аднак, як толькі ім паступае па рацыі паведамленне аб сур’ёзным выкліку, хлопцы адразу накіроўваюцца па адрасе.
Перад выездам…
Прыёмшчык заказаў Наталля Макаркіна, якая працавала ў дзень майго наведвання газавай службы, па тэлефоне заўсёды даведваецца пра прычыну выкліку і пры ўцечцы газу расказвае, як паводзіць сябе ў такой сітуацыі: «Адчыніце акно, не паліце запалкі, не карыстайцеся электрапрыборамі і мабільным тэлефонам. Хутка прыедуць спецыялісты».
Дзейнічае спецыяліст строга па інструкцыі, за 13 гадоў працы мае вялікі вопыт у размове з узрушанымі грамадзянамі, заўсёды імкнецца іх супакоіць.
У дыспетчарскай існуе дзве лініі «104» і адна – для прыёму заявак. Навошта так шмат?… На выпадак, калі раптам патэлефануюць адразу два спажыўцы газу з сур’ёзнай праблемай.
Аднак часам людзі, каб хутчэй даць заяўку на рамонт, набіраюць «важную» лінію, не задумваючыся, што ў гэтую хвіліну можа камусьці спатрэбіцца сур’ёзная дапамога. Таму даводзіцца іх пераводзіць на іншую лінію.
– Колькі за змену прыкладна паступае заявак?
– Па-рознаму. Так, напрыклад, у вялікія маразы паступае да 20 выклікаў. Даводзілася прыцягваць да працы іншыя брыгады, каб у лю­дзей не размарозілася сістэма ацяплення.
– Хто ў большасці вінаваты ў здарэннях?
– Часцей за ўсё ў аварыйных сітуацыях вінаватыя спажыўцы газу. Суп выкіпеў і заліў канфорку, штосьці перасоўвалі на кухні і парушылі трубу… У такім выпадку трэба своечасова выклікаюць аварыйна-газавую службу, а не спрабаваць ліквідаваць паломкі самастойна, – кажа Цімур Прускі.

gorgaz1Ад тэорыі да практыкі…
Ну, вось і выклік. Па словах чалавека, які патэлефанаваў на «104», не паступае прыродны газ.
Спецыялісты хутка збіраюцца, апранаюць спецыяльныя камізэлькі, каскі. За некалькі хвілін прыязджаем на месца выкліку – у раён Пясчанкі.
Слесар Дзмітрый Сільвановіч адразу з прыборам накіраваўся да скрыні для газавага лічыльніка. Потым разам з майстрам Цімурам Прускім зайшлі ў дом.
– Газавая пліта ў працоўным стане, – кажуць мужчыны. – Хутчэй за ўсё, праблемы з газавым катлом, які лепяльчанін не змог распаліць. Пасля праверкі газавага абсталявання аварыйная заяўка была пераведзена ў статус рамонтнай. Да выканання рамонту грамадзянін не зможа карыстацца катлом.
Пасля вяртання ў адміністрацыйны будынак пагутарылі на тэму, якую неаднаразова ўзнімалі нашы чытачы, – выкарыстанне газавай пліты пасля заканчэння тэрміну эксплуатацыі.
– Нагадайце, з якога перыяду пачынаецца гэты тэрмін…
– З моманту перадачы карыстальніку, іншымі словамі – з дня адзнакі ў гарантыйным талоне. Калі ж талон згубіўся – з года выпуску. Аднак «жыццё» пліты можна падоўжыць, для гэтага трэба зрабіць дыягностыку. Першая можа працягнуць тэрмін эксплуатацыі аж на 4 гады – усё залежыць ад стану.
Часам людзі атрымліваюць прадпісанне аб замене, але ігнаруюць выкананне яго. Пліта знешне можа выглядаць як новая, а ўсярэдзіне яна зношаная. Да старых часта няма запчастак. За такія парушэнні магчымае адключэнне ад газазабеспячэння, – патлумачыў Аляксей Мячын.
* * *
На заканчэнне хочацца звярнуцца з просьбай да жыхароў раёна. Калі хтосьці адчуў пах газу ў закрытым памяшканні, першай справай трэба спыніць яго падачу, зачыніць кран над плітой або вентыль на балоне. Абавязкова трэба адчыніць вокны і дзверы ў кватэры і неадкладна тэлефанаваць па нумары «104».
Забараняецца карыстацца электрапрыборамі, запальваць агонь, курыць і тэлефанаваць у загазаваным памяшканні. Вельмі важна выдаліць людзей і хатніх жывёл.
– Разумны чалавек заўсёды імкнецца засцерагчы сябе ў меру сваёй дасведчанасці. Спадзяёмся, што дзякуючы гэтай публікацыі чытачы пашыраць свае межы ведаў. Часам звычайныя няўважлівасць, грэбаванне дробязямі ды і проста чалавечы фактар прыводзяць да бяды. Неабходна быць уважлівымі, берагчы сябе і сваіх блізкіх! – адзначыў начальнік Лепельскага раёна газазабеспячэння ВУ «Чашнікігаз» Дзмітрый Буланчыкаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>