Адлюстраванне светлай душы

IMG_8428 “Праходзьце, калі ласка, мая даражэнькая, я заўсёды вельмі рада гасцям”, — ветліва сустракае мяне на парозе свайго ўтульнага дома Ядзвіга Антонаўна Скарупа. Адразу, як толькі пачула прыемны меладычны голас гэтай жанчыны, сэрца напоўнілася невыказнай пяшчотай. Ад аднаго позірку Ядзвігі Антонаўны зыходзіла столькі цеплыні і жыццёвай энергіі! Нягледзячы на пажылы ўзрост, жанчына мае выдатную памяць, дакладна ведае даты важных жыццёвых падзей, падоўгу можа расказваць пра сваіх дзяцей, унукаў, праўнукаў і ідзе па жыцці за аптымізмам. У яе заўсёды прыгожая прычоска, з густам падабранае адзенне. Ва ўсіх пакоях утульнага дома — асаблівыя парадак і чысціня, расце шмат кветак. Дом, які з усіх бакоў акружаюць пышныя клумбы, пладовыя дрэвы, нагадвае райскі куток, які радуе вочы прахожых сваёй дагледжанасцю і творчым каларытам.

— Гэту прыгажосць стварылі мае дачушкі, — адзначае Ядзвіга Антонаўна. — Разам са мной жыве дачка Марыя. Усе дзеці часта прыходзяць да мяне, клапоцяцца аб здароўі, робяць усе хатнія справы. Я лічу сябе шчаслівым чалавекам, таму што побач са мной мае дарагія дзеткі, прыязджаюць унукі, праўнукі. Гэта мой самы дарагі скарб і найлепшая ўзнагарода ў жыцці. Хутка я буду сустракаць свой юбілей, і ўсе яны прыедуць да мяне.

Прызнацца шчыра, адразу не паверыла, што Ядзві­зе Антонаўне 15 жніўня спаўняецца 90 год. Жанчына, якая змалку займалася нялёгкай вясковай працай, зведала горыч вайны, выгадавала пецярых дачок і працавала больш за 50 год, і зараз поўная жыццёвай энергіі і сіл. Знайшлі сваё жыццёвае прызванне дзеці, пасталелі ўнукі, але кожны з іх па-ранейшаму звяртаецца да дарагой маці і бабулі за карыснай парадай, цёплай падтрымкай.

Гады, быццам імклівыя птушкі, праляцелі непрыкметна. Шмат давялося пабачыць у жыцці, перажыць. На нейкі момант Ядзвіга Антонаўна ў думках вяртаецца на дзесяцігоддзі назад і ўспамінае сваё маленства.

…Дзіцячыя гады Ядзвігі прайшлі ў вёсцы Старыя Валосавічы. Акрамя маленькай Ядзі, у вясковай сям’і Антона Мартынавіча  і Ядзвігі Феліксаўны Парфяновічаў было яшчэ тры сыны і дзве дачкі. Дзяўчынка была зусім маленькая, калі памерла яе маці. Браты пайшлі служыць у Чырвоную армію. Ядзвіга ж засталася жыць з татам і сястрой, у якой было трое дзяцей. Яна ніколі не баялася працы, дапамагала сястры спраўляцца па гаспадарцы, даглядала пляменнікаў. Антон Мартынавіч працаваў загадчыкам фермы. І раптам пачалася вайна…

Тыя жудасныя дні ў памяці Ядзвігі Антонаўны засталіся на ўсё жыццё. У вёску прыйшлі немцы. Для таго, каб калгаснай жывёлай не завалодалі фашысты, Антон Мартынавіч вырашыў раздаць яе вяскоўцам. За гэта яго арыштавалі і накіравалі ў турму, што ў той час знаходзі­лася недалёка ад цэнтра горада. Ядзі было ўсяго пятнаццаць год. Што рабіць? Як выратаваць самага дарагога і блізкага чалавека? Дзяўчына напісала заяву ў камендатуру, сабрала ў сваіх аднавяскоўцаў подпісы як пацвярджэнне таго, што ўся калгасная жывёла знахо­дзіцца ў вёсцы. З гэтай заявай дзяўчына пешшу пайшла са Старых Валосавічаў у Лепель, у турму да таты.

— Перада мной стаяў нямецкі афіцэр, а я са слязьмі на вачах заклінала вызваліць бацьку. “Маю маму таксама звалі Ядзя, яе ўжо няма… Калі ласка, не забірайце майго тату…”

Словы дзяўчынкі гучалі вельмі пранікнёна. Антона Мартынавіча адпусцілі з турмы.

— Адчыняюцца дзверы — і я ўбачыла тату. Сівы, знясілены, ён ледзь ішоў. Разам мы крочылі дадому. Як жа я радавалася таму, што бацька застаўся жывы!

Праз нейкі час ён ажаніў­ся. Голад, холад, хваробы… У 1943 годзе немцы пачалі збіраць моладзь і накіроў­ваць на работу ў лагеры. Усіх вяскоўцаў сагналі ў клуб. Людзей больш старэйшага ўзросту адпусцілі, а моладзь пагналі ў Заслонава, адтуль — у Лепель. Размеркавалі ў дзве шарэнгі: больш моцных — у адну, а больш слабых — у другую. Я ж трапіла да першай групы. З Лепеля нас адправілі ў бок Беразіно. Везлі працяглы час, нарэшце мы апынуліся ў Польшчы. Жылі ў невялікім пасёлку ў драўляных бараках. Акрамя беларусаў тут было шмат моладзі з іншых гарадоў Расіі і іншых краін. Што­дзень нас накіроўвалі на вакзал насіць скрыні з боепрыпасамі. Немцы нас не білі, але часта з грэблівасцю крычалі: “Швайнэ, арбайтэн!”

Так праходзілі доўгія цяжкія месяцы ў нямецкім лагеры. Спаць даводзілася на драўляных нарах. Моладзь па чарзе паліла ў печы. Кожную раніцу вязняў выводзілі і ставілі ў шарэнгу, рабілі пералік. І вось, нарэшце, настала светлая сакавіцкая раніца.

­­— Як звычайна, мы чакалі, калі нас выведуць на вулі­цу і пачнуць пералік, але за намі чамусьці ніхто не прыходзіў, — успамінае Ядзвіга Антонаўна. — Раптам убачылі нашых салдат… Тую вялікую радасць, якую адчуў кожны з нас, стрымаць было немагчыма. За намі замацавалі салдатаў для суправаджэння і накіравалі ў Брэст, дзе выдалі дакументы, затым адправілі ў бок Улы. Шмат прыходзілася ісці пешшу, паколькі цягнікоў амаль не было. Нейкі дзядуля сплёў для мяне лапці, на той час гэта было самым лепшым падарункам. Як жа радаваліся, калі даведаліся пра светлы Дзень Перамогі!

Вярнуўшыся ў родныя мясціны, Ядзвіга пайшла працаваць у калгас. Вядома, што мужчынскай сілы не хапала, коней не было, таму жанчынам прыхо­дзілася выконваць розныя работы: і за плугам хадзіць, і сена нарыхтоў­ваць, і жаць… Праца была вельмі нялёгкай, затое на душы — вялікая радасць, бо скончылася вайна. На работу моладзь ішла з песнямі.

Тут жа, на роднай Лепельшчыне, Ядзвіга сустрэла і сваё шчасце.

— Аднойчы мы з дзяўчатамі прыйшлі на танцы, якія арганізоўваліся ў Весялове, у будынку былой школы, — успамінае мая суразмоўца. — Сюды прыходзілі хлопцы і дзяўчаты з Карсашчыны. Я была ў кірзавых ботах — самым лепшым у той час абутку, які набыла за вядро ягад. Раптам да мяне падыходзіць Леанід. Мы былі знаёмыя яшчэ да вайны, але за некалькі год службы ў Чырвонай арміі, ён стаў яшчэ больш мужным, статным. Пасля танцаў Леанід праводзіў мяне, сустрэчы паўтараліся зноў і зноў… У навагоднюю ноч ён зрабіў мне прапанову рукі і сэрца.

14 студзеня 1947 года маладыя зарэгістравалі шлюб, а другога лютага адзначылі вяселле. Госці жаніха прыехалі за маладой нявестай на конях, разам з імі быў і гарманіст. Ядзвіга ж, апранутая ў пяшчотную вышываную сукенку, уразіла ўсіх гасцей сваёй прыгажосцю.

Леаніду як удзельніку вайны ад калгаса была выдзелена драўніна для будаўніцтва дома. Такім чынам, у маладой сям’і з’явілася ўласнае жыллё. Да вайны Леанід Станіслававіч скончыў Лепельскае педвучылішча і быў размеркаваны працаваць настаўнікам у вёску Таронкавічы, а затым — у Карсашчыну. У адной частцы дома была размешчана школа, а ў другой — жыла маладая сям’я настаўніка.  У 1947 годзе ў маладой сям’і на свет з’явілася першая дачушка Людміла, у 1950-м — Марыя. Праз чатыры гады нарадзілася Рэгіна, праз тры — Станіслава, а ў 1967 годзе сваім з’яўленнем на свет парадавала бацькоў дачушка Лілія. Па шчаслівай волі лёсу дзень нараджэння старэйшай дачкі Людмілы супаў з днём нараджэння таты, а другая дачка Марыя нара­дзілася ў адзін дзень з матуляй.

Вясковая сям’я жыла небагата. У хатнім пакоі былі размешчаны стол з газавай лямпай, некалькі ложкаў і швейная машынка. Ядзвіга Антонаўна, клапатлівая матуля, па вечарах шыла для сваіх дачушак прыгожае адзенне. Змалку бацькі вучылі дзяцей працавітасці, прывівалі цікавасць да вучобы.

— У дзяцінстве мы ўсёй сям’ёй хадзілі ў лес, нарыхтоўвалі дровы, збіралі грыбы, працавалі на гаро­дзе, дапамагалі бацькам ва ўсіх справах, — успамінае дачка Ядзвігі Антонаўны Рэгіна Леанідаўна. — Я вельмі ганарылася тым, што менавіта мой тата стаў маім першым настаўнікам. І хоць на занятках да вучняў ён адносіўся строга, мы ўвесь час адчувалі яго душэўную цеплыню, падтрымку. Нашы бацькі сталі для мяне і ўсіх маіх сясцёр прыкладам шчырасці, увагі і добразычлівасці. Мы ніколі не пачулі ад іх ніводнага грубага слова. Паважлівыя адно­сіны адзін да аднаго сталі для нас прыкладам у далейшым жыцці.

Праз некаторы час, калі пачалі закрывацца невя­лікія сельскія школы, Леанід Станіслававіч быў пераведзены на працу настаўнікам пачатковых класаў у сярэднюю школу №1, а затым — у Чэрскую школу. Некаторы час ён працаваў дзяжурным у райваенкамаце. Аднак Леанід Ста­ніслававіч быў не толькі выдатным настаўнікам, а і майстрам на ўсе рукі. Ён займаўся будаўніцтвам дамоў, вырабляў бочкі, плёў кошыкі з лазы. Любая справа ў яго руках кіпела. Ядзвіга Антонаўна шмат год аддала працы ў ДЛГУ “Лепельскі лясгас”, іншых арганізацыях. І нават пасля выхаду на пенсію жанчына працягвала працаваць. Пайшла на заслужаны адпачынак толькі ў восем­дзесят год. Самаадданая працаўніца і шматдзетная маці Ядзвіга Антонаўна ўзнагароджана двума медалямі.

Знайшлі сваё жыццёвае прызванне і дзеці. Старэйшая дачка Людміла скончыла Гарадоцкі сельгастэхнікум і амаль сорак год прысвяціла рабоце інжынера. Разам са сваёй сям’ёй яна жыве ў Віцебску. Дачка Марыя звязала сваё жыццё з медыцынай. Скончыла Лепельскі філіял Аршанскага медыцынскага вучылішча. У свой час працавала ў Шумілінскім раёне, а потым, вярнуўшыся на Лепельшчыну, была медсяст­рой у кардыёлага, неўрапатолага, а зараз — у кабі­неце эндакрынолага раённай паліклінікі. Рэгіну прывабіла работа ў галіне культуры. Жанчына скончыла Гродзенскае культ­асветвучылішча, затым — Мінскі інстытут культуры. Спачатку працавала інспектарам аддзела культуры, затым 25 год аддала рабоце ў аддзеле ЗАГС, а апошнія тры гады была галоўным спецыя­лістам аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама. Станіслава Леанідаўна не адзін дзясятак год аддала рабоце з дзецьмі. Набыла спецыяльнасць выхавальніка ў Полацкім педагагічным вучылішчы, затым удасканаліла веды па сваёй спецыяльнасці ў Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя М. Танка і шмат год працавала выхавальнікам, метадыстам у дзіцячым садзе №4 г. Лепеля. Малодшая дачка Лілія скончыла Мінскі інстытут замежных моў і разам са сваёй сям’ёй жыве ў Мінску, працуе старшым выкладчыкам англійскай мовы ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце.

Жыццё непрадказальнае, і немагчыма прадбачыць, дзе чалавека спасцігне няшчасце. У 1991 годзе Леанід Станіслававіч пайшоў з жыцця. Тры гады таму не стала і Станіславы Леанідаўны.

Родныя захоўваюць у сэрцах дарагую памяць аб іх і не даюць адолець суму дарагую матулю, бабулю і прабабулю. Дзевяць унукаў і дзевяць праўнукаў сталі сапраўднай узнагародай для Ядзвігі Антонаўны. Трое праўнукаў сталі студэнтамі ВНУ.

Родныя часта прыязджаюць да дарагой, любімай мамачкі, бабулі і прабабулі, і тады бацькоўскі дом напаўняецца асаблівай цеплынёй. Гучаць песні, не сціхаюць жарты і смех. Напярэдадні 90-гадовага юбілею бабулі родныя падрыхтавалі для Ядзвігі Антонаўны цудоўнае свята. Унукі прачытаюць вершы, выкажуць найлепшыя пажаданні. І кожны раз у час цёплых віншаванняў на вачах у Ядзвігі Антонаўны выступаюць слёзы шчасця… Шмат цяжкасцей жанчыне прыйшлося пабачыць у жыцці, але за шчырую працу, душэўную адкрытасць і чысціню яна атрымала найвышэйшую ўзнагароду — магчымасць ісці па жыцці з цёплай падтрымкай дарагіх сэрцу людзей, якія сталі яе выразным адлюстраваннем.

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.

 На здымку: Ядзвіга Антонаўна Скарупа са сваімі дочкамі Людмілай, Рэгінай і Марыяй.

Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>