Аблічча горада Лепеля

O  Добраўпарадкаванне — такая справа, якой нельга займацца перыядычна, час ад часу, гэта трэба рабіць пастаянна, планамерна. Да такой высновы прыходзіць любы, хто хоць раз дакранаўся да гэтай працы. Хаця для большасці гараджан добраўпарадкаванне іх малой радзімы часцей зводзіцца да ўдзелу ў двух суботніках ды падтрымліванні парадку каля свайго жылля. Аднак калі ўзняцца крыху вышэй…

У мінулым годзе была зроблена капітальная рэканструкцыя вуліц Караленкі, Полацкі тракт, Садовай, замест старога, выбітага асфальту на іх з’явілася новае пакрыццё. Далей — наступны этап.

Вось, напрыклад, заезд у горад з шашы Мінск — Віцебск з боку аўтазапраўкі. АЗС №33 не так даўно рэканструявалі, на месцы былой запраўкі вырас сучасны аўтазаправачны комплекс з тэрміналамі, крамай, аснашчаны сонечнымі батарэямі. На ім прыемна заправіць аўто, набыць патрэбны тавар, адпачыць. А што за ім? За комплексам заставалася недагледжаная тэрыторыя, грунтавая дарога, кустоўе, нагрувашчаная зямля. А гэта ж аблічча горада, твар, які бачыць кожны госць, збочваючы з трасы.

Увесну там пачаліся земляныя работы. Спланавалі грунт, затым была зроблена адсыпка шчэбнем, пакладзены асфальт, абуладкаваны тратуары. Мікрараён індывідуальнай забудовы атрымаў зручныя вуліцу і праезды. На абліччы горада адной непрыемнай рысай стала менш

Штогод у мікрараёнах Лепеля ўзрастаюць па два-тры новыя шматкватэрныя дамы, вядзецца і індывідуальная забудова. Натуральна, што пасля будоўлі застаецца шмат друзу, смецця. Аднак гор яго не відаць, бо паралельна з будаўнічымі работамі вядзецца і вываз, выдаленне адходаў. Пасля сябе будаўнікі пакідаюць толькі асфальтаваныя дарожкі, па­д’езды, тратуары, абуладкаваныя бардзюрамі, газоны і высаджаныя дрэўцы. Так, напрыклад, зроблена каля нядаўна ўведзенага ў эксплуатацыю 40-кватэрнага дома па вуліцы Калініна.

Асобна варта спыніцца на абуладкаванні дзіцячых гульнёвых пляцовак. Справа ў тым, што за апошнія гады ў рэспубліцы значна ўзмацніліся патрабаванні да іх. Пытанне бяспекі моцна трымаецца на першым плане. Калі ля прыватнага дома бацькі для сваіх дзяцей могуць зрабіць любыя турнікі, горкі, арэлі і іншае, то для вырабу і мантажу дзіцячых забаў у грамадскіх месцах могуць быць прыцягнуты толькі спецыялізаваныя прадпрыемствы. Яны павінны мець адпаведныя ліцэнзіі і сертыфі­каты бяспекі на ўсю сваю прадукцыю, даваць гарантыю. Натуральна, што тавар і паслугі такіх прадпрыемстваў каштуюць на парадак даражэй, чым тавар і паслугі мясцовых прадпрыемстваў.

З-за апошніх перамен у заканадаўстве ў горадзе ў бягучым годзе не абуладкоўваліся новыя дзіцячыя пляцоўкі. Аднак пытанне іх узвядзення стаіць вельмі востра, асабліва ў мікрараёнах новай забудовы, дзе жыве шмат маладых сем’яў з маленькімі дзецьмі. Таму на наступны год абуладкаванню дзіцячых пляцовак будзе ўдзелена асаблівая ўвага, будуць спецыяльна выдзелены сродкі на набыццё і ўстаноўку горак, турнікоў і іншых забаў для малечы.

Васіль МАТЫРКА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>