Дарослыя гульні

Мудрага чалавека аднойчы спыталі: “Чым дарослы мужчына адрозніваецца ад маленькага хлопчыка?”. Той на хвілінку задумаўся і адказаў: “Толькі цаной цацкі”. І сапраўды, калі прыгле­дзецца, выслоўе вернае. Хлопчыку патрэбна машынка за дзесяць тысяч беларускіх рублёў – мужчыне за дзесяць тысяч еўра. Малеча будуе домікі кубікамі з канструктара за 20 тысяч рублёў – яго тата будуе дом з кватэрамі па 120 мільёнаў.

Падлетак гуляе ў вайнушку з аўтамацікам за 15 тысяч – мужыкі ж бяруць на свае “вайнушкі” аўтаматы пасур’ёзней, ды і гульні гэтыя называюць па-іншаму – пейнтбол. Нядаўна пабачыў на свае вочы.

Пейнтбол прыйшоў да нас з Заходняй Еўропы. Сутнасць яго ў наступным: замест зброі прымяняюцца спецыяльныя стрэльбы – маркеры, якія сілай сціснутага паветра страляюць пластыкавымі шарыкамі з фарбай. Моц маркера такая, што шарык 68-га калібра (0,68 дзюйма – 17мм) ляціць да 70 метраў, прыцэльна можна страляць да 50 метраў. Пры паражэнні цэлі абалонка шарыка разрываецца і фарба пакідае на вопратцы пляму. Пры пападанні з адлегласці 20 метраў і бліжэй удар настолькі моцны, што на целе застаюцца сінякі. Таму адно з праві­лаў пейнтбола забараняе страляць з маркера ў праціўніка з адлегласці меней трох метраў – верагодна нанясенне траўмы.

Па запрашэнні лепельскага прадпрымальніка Валерыя Асоўскага на тэрыторыю былой верталётнай часці пад Заслонавам прыехалі больш 100 аматараў пейнтбола. Хаця больш правільна іх было б назваць фанатамі. Бо толькі фанатычна адданы такому спосабу баўлення вольнага часу чалавек адважыцца выкласці 150 умоўных адзінак за камплект – маркер і спецыяльную маску для абароны твару. Прычым маркер – самай простай мадэлі.

Пад Лепель у дзень фэсту прыехалі і змагаліся між сабой уладальнікі электронных агрэгатаў, якія прадаюцца па 500 і больш у.а., бывае, даходзіць і да тысячы. Камплекты шарыкаў для стральбы прывозяць з Расіі, там яны каштуюць каля 500 расійскіх рублёў за 500 штук. Якраз аднаму стралку на дзень уволю пастраляць.

Яшчэ адзін з відаў зброі пейнтбаліста – граната, каштуе каля 40 тысяч, за дзень гульні расходуецца па дзве – пяць, у залежнасці ад сітуацыі і напружанасці “бою”. Боепрыпас уяўляе сабой колбу, знешнім выглядам нагадвае знакамітую “лімонку”, начыненую фарбай, а ўнутры – петарда. У ходзе гульні яна разрываецца, апырскваючы ўсіх, хто побач, фарбай. Натуральна, пафарбаваныя выбываюць з бітвы. Дарэчы, фарба ў шарыках і гранатах – харчовы жэлацін, натуральны прадукт, не шкодны для прыроды, да таго ж лёгка змываецца з вопраткі ці ўвогуле сціраецца сурвэткай.

* * *

 Для таго, каб усе байцы выконвалі правілы гульні, за ўсімі падзеямі сочаць суддзі. Звычайна на іх апранутыя маскі і жылеты аранжавага ці ярка-салатавага колеру, як у інспектараў ДАІ. Яшчэ могуць мець шчыты з празрыстага пластыка, каб засцерагацца ад шалёных шарыкаў. На Лепельшчыну прыехалі трое суддзяў міжнароднай катэгорыі, якія ў свой час абслугоў­валі бітвы вядучых пейнтбольных клубаў у Падмаскоўі, пад Санкт-Пецярбургам, у Заходняй Еўропе. Яны завіталі напярэдадні, агледзелі арэны будучых “бітваў” і былі ў захапленні, сказалі: “Умовы для “вайны” – ідэальныя. Ёсць усё: і лес, і балота, парослае кустоўем, і пустыя каробкі будынкаў, і штучныя фартыфікацыйныя ўмацаванні з дашчатых шчытоў і адпрацаванай аўтамабільнай гумы. Усё проста, сурова, без лішніх элементаў, як і трэба на вайне”.

Падобны пейнтбольны фэст быў ужо не першым на Лепельшчыне, летась восенню да нас на бітву прыязджалі больш 70 байцоў, адбылося ўдарнае шоу са штурмам, прарывамі і іншымі належнымі эфектнымі тактычнымі прыёмамі. Сёлета ж колькасць байцоў пераваліла далёка за сотню. Прычым сярод іншых прыехалі аматары з аднаго з вядучых у рэспубліцы клубаў – мінскага “Irish”, якія “ваююць” ужо каля сямі гадоў, маюць багаты вопыт. Яны таксама адзначылі высокі ўзровень арганізацыі турніру. У гэтай справе вялікая заслуга Валерыя Асоўскага і яго таварышаў па клубу “Joker-pro”.

— Адзін з асноўных накірункаў нашай дзейнасці – забаўляльныя паслугі, пракат пейнтбольнага абсталявання, — распавядае пра сваю справу Валерый. – Мы можам забяспечыць патрабаванні самага рознага кліента, арганізаваць турнір пяць на пяць, дзесяць на дзесяць, нават дуэль адзін на адзін.

— Якія арганізацыі, акрамя “Joker-pro”, удзельнічалі ў падрыхтоўцы турніру?

— Як можаце самі бачыць, дзяжурыць і наглядае за парадкам міліцыя, выязны гандаль забяспечыла райспажыўтаварыства, паходную кухню і прыгатаванне салдацкай кашы – камандаванне      29-ай зенітнай брыгады з Межыцы, музычнае суправаджэнне – за хлопцамі з РДК.

— Якая асноўная задума турніру?

— Усе байцы падзяліліся на дзве каманды – сінія і чырвоныя, пазначылі сябе павязкамі скотчу адпаведнага колеру на рукавах. Сінія сімвалізуюць салдатаў Вермахта, чырвоныя – чырвонаармейцаў. Асноўная задума – бітва за Лепель, як было ў часы мінулай вайны. У першай місіі “сінія” штурмуюць умацаванні, стараючыся іх захапіць. Другая місія – штурм і вызваленне Лепеля “чырвонымі”, “сінія” абараняюцца. У трэцяй і чацвёртай місіях будзе разыграны сцэнарый знакамітага прарыву. Усё задумана так, каб місіі былі люстраныя, каб усе ўдзельнікі змаглі адчуць сябе ў розных ролях.

— Якія абмежаванні ёсць у пейнтболе для ўдзельнікаў?

— Ніякіх. Толькі ўласнае жаданне. Захацеў – купляй ці арандуй рыштунак і – наперад. І няважна, колькі табе гадоў, дваццаць ці пяцьдзясят, мужчына ці жанчына. Дарэчы, сярод байцоў некалькі дзяўчын.

— Якія нестандартныя, казусныя сітуацыі бываюць падчас місій?

— На тое і “вайна”, што там адбываецца ўсякае. Бывала, адвальваліся ад маркераў балоны са сціснутым паветрам. А ціск там у некалькі атмасфер. Уяўляй сабе, як ён лётае на гэтай своеасаблівай рэактыўнай цязе. Шукалі іх доўга, знаходзілі ў кустах, лужынах, балаця­вінках.

Бывала, што хлопцы, ахопленыя азартам гульні, так расхадзіліся, што стралялі адзін у аднаго з адлегласці меншай, чым тры метры. Прыкідваеш, якія пасля такіх дуэляў былі сінякі? Бывала, што шалёныя шарыкі траплялі і ў гледачоў, аператараў, фатографаў, хаця яны, як і суддзі, пазначаюць сябе яркімі жылетамі. А сінякі ў байцоў пасля гульні – звычайная справа.

* * *

 Між тым пачалася першая місія. “Чырвоныя” трымалі пазіцыі, “сінія” іх штурмавалі. Некалькі цікаўных гледачоў, апрануўшы ўзятыя загадзя маскі, залезлі на дах будынка і адтуль паглядалі за развіццём падзей. “Чырвоныя” кваліфікавана выбудавалі сваю сістэму абароны, у некалькі эшалонаў, з падзелам фронту на сектары, з магчымасцю прыкрыцця таварышаў агнём маркераў. Як гэта часта бывае, збоку ад аўтара апынулася пара дасведчаных хлопцаў, якія і ўвялі ў курс справы.

— Вось, бачыш, — расказваў адзін, — мы зараз знаходзімся ў тыле абарончых пазіцый “чырвоных”, хлопцы занялі свае месцы, а “сінія” будуць наступаць ад тых кустоў. Вунь пайшлі ўжо.

— Нешта не відаць іх.

— А ты як хацеў?! Ні ў каго няма жадання лішні раз атрымаць ніжэй спіны шарыкам з маркера.

Тым часам “сінія” наблізіліся – і пачаўся бой. Ляпалі маркеры, шарыкі лёталі ва ўсе бакі, разбіваліся аб ствалы дрэваў, гуму, шчыты, за якімі схаваліся байцы. Над усёй пляцоўкай лунаў дух азарту і барацьбы. Я спусціўся на зямлю і пайшоў у самую гушчу бою, каб зрабіць некалькі кадраў. Адчуваў сябе сапраўдным ваенным карэспандэнтам, ваенкарам. Напэўна, так у вайну дзейнічалі Канстанцін Сіманаў, Ілья Эрэнбург, Пімен Панчанка, Пятрусь Броўка, Максім Танк, якія ў той час былі ваенкарамі. Уварочваўся ад шарыкаў, пераскокваў з месца на месца, каб не замінаць стралкам. Усё ж цалкам сухім з баёў не выйшаў, у першай і другой місіях атрымаў па “раненню”, камуфляжныя штаны расквеціліся яшчэ парай плямаў. Байцы, у якіх пацэлілі, тут жа падымалі руку, уставалі ў поўны рост і пакідалі поле бітвы, за гэтым пільна глядзелі суддзі і арбітры. Вярнуўся на сваё назіральнае месца на даху – і працягваю гаворку з мужчынамі.

— У мінулай гульні мне здорава заехалі ў спіну, — успамінае адзін з іх. – Мы тым разам штурмавалі будынак. Я – у дзвярны праём, а з-за вугла — баец праціўніка, шарахнуў з маркера менш, як з двух метраў, я аж на каленачкі прысеў. Потым агледзеў – сіняк быў на дзве далоні, рэбры, дзякуй богу, цэлыя.

— Пейнтбол мог бы стаць выдатным спосабам вучобы ў арміі, — выказваю меркаванне.

— Адназначна, — падхоплівае маю думку другі субяседнік і развівае яе, — тут выгада і эканамічная, і ў навучанні. Шарыкі таннейшыя за патроны як баявыя, так і халастыя. Да таго ж, наша гульня – найлепшы спосаб навучыць салдата паводзінам пад абстрэлам, што трэба рабіць, каб у цябе не патрапілі, а ты, наадварот, паразіў праціўніка. Гульня – выдатны спосаб трэніровак узаемадзеяння ў малых падраздзяленнях да 30 – 50 чалавек і іх камандзіраў. Словам, карысць відавочная. Не разумею толькі, чаму вайскоўцы не пераймаюць наш вопыт.

Пакуль доўжыліся дзве місіі, на паходнай кухні прыгатавалі смачную салдацкую кашу. Да кухні цугам пацягнулі­ся стомленыя, але задаволеныя байцы. Многія жартавалі пра “наркомаўскія” сто грамаў.

* * *

 Пасля абеду бітва працягвалася. У наступных місіях накал страсцей не сціхаў, а, наадварот, разгараўся яшчэ больш. Каманды, хлопанне маркераў, выбухі гранат – міжволі адчуваў сябе на вайне. Каманды з азартам ішлі на штурм будынкаў, дзе заселі падраздзяленні праціўніка. Калі задача місіі была выкананая, над пляцоўкай разнеслася гучнае “УРА!!!”

Пасля пяці гадзін, калі баі завяршыліся, суддзі селі за справу, трэба было вызначыць лепшых. Па выніках турніру медалямі трох ступеняў былі ўзнагароджаны 30 найбольш адважных і ўмелых байцоў. Завяршылася свята шматгадзінным рок-канцэртам, дзе на адной пляцоўцы выступілі гурты з Лепеля, Полацка, Наваполацка і іншых гарадоў. Музыка над лесам гучала да поў­начы.

— Сёння ўдалося зрабіць свята, — дзеліцца ўражаннямі Валера Асоўскі, — людзі прыехалі, пагулялі, адпачылі, выплеснулі адрэналін, запасліся эмоцыямі і ўражаннямі на доўгі перыяд. Вядома, часта падобныя мерапрыемствы правесці не ўдасца. Наколькі валодаю інфармацыяй, недзе праз месяц адбудзецца новая вялікая гульня, праўда, недзе ў іншым месцы рэспублікі. Вось туды паеду і там настраляюся, нагуляюся, бо сёння за арганізацыйнай працай не было ні часу, ні сіл ні на што. Тут, на Лепельшчыне, летам абавязкова пастараемся арганізаваць яшчэ адзін вялікі пейнтбольны турнір, а пакуль што запрашаю ўсіх жадаючых да нас, у “Joker-pro”.

Васіль МАТЫРКА.

 На здымках: абарончы бой.

Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>