“Зарніца” на Люсеніцы

Кожны год у апошнія дні мая збіраюцца на беразе маляўнічага возера Люсені­ца школьнікі. У паходных умовах загартоўваецца цела, у выпрабаваннях і конкурсах – характар і воля да перамогі. Сёлетняя “Зарніца” сабрала 11 каманд, якія прадставілі ўсе гарадскія школы і некалькі вясковых.

Першым і ўдвая адказным заданнем стала абуладкаванне стаянкі. Двайная адказнасць вынікае з таго, што па-першае, дзе паставілі

палаткі, там трэба і жыць, карыстацца ўсімі выгодамі, якія падрыхтуеш сам, а па-другое, за абуладкаванне чысціню і арыгінальнасць выстаўляецца адзнака. Тут трэба ўлічыць, дзе і як выбрана месца. Традыцыйна каманда Бароўскай школы абуладкоўвалася на палянцы, а сёлета размясцілася ў ляску. Чаму так? На пытанне адказала педагог-арганізатар Кацярына Сяргееўна Бярыла:

— Паляна – адкрытая мясціна, сонца занадта прыпякае, а тут, у ляску – цень, абарона ад яркіх сонечных промняў.

Дровы для вогнішча хлопцы спачатку збіралі па наваколлі, а бліжэй да абеду быў арганізаваны падвоз. У хуткім часе ад стаянак пацягнула дымком і водарам свежапрыгатаванай у паходных умовах кашы, супу і нават падсмажанага мяса.

Афіцыйна свята пачалося з урачыстага пастраення і падняцця Дзяржаўнага флага. Гонар падняць флаг атрымалі вучні СШ №1 – пераможцы мінулагодняй “Зарніцы”. Кароткае прывітальнае слова, невялікі напамін пра тэхніку бяспечных паводзін – і спаборніцтвам дадзены старт.

Конкурс страявой падрыхтоўкі ішоў першым нумарам. Хлопчыкі і дзяўчынкі аднесліся да яго з усёй адказнасцю. Вядома, не ва ўсіх атрымлівалася выдатна. Аднак імкненне выглядаць лепшымі, чаканіць крок было бачнае. Лепш за ўсіх адмаршыравала каманда Бароўскай сярэдняй школы. Другое месца падзялілі школьнікі са Слабады і СШ №1.

Пасля абеду пачаліся спаборніцтвы ў стральбе з пнеўматычных вінтовак. Хлопцы, вядома, былі больш трапнымі, аднак і дзяўчаты стараліся ад іх не адставаць. Самымі трапнымі аказаліся вучні зноў жа Бароўскай школы, другімі сталі прадстаўнікі Стай.

Наступнымі былі сілавыя спаборніцтвы па падцягванні на турніку для хлопчыкаў і падняцці цела са становішча лежачы для дзяўчынак. Тут разгарэліся страсці. Пабалець за сваіх сышліся амаль усе вольныя ад дзяжурстваў і гаспадарчых работ зарнічнікі. І калі пры стральбе стараліся захоў­ваць цішыню, каб не замінаць настрою стралкоў, то ля перакладзіны наадварот — крыкамі і воклічамі падбадзёрвалі сваіх. У сілавых практыкаваннях лепшыя вынікі паказала школа №1, наступныя за імі зарнічнікі са Старога Лядна.

Каля 17.00 пачаліся спаборніцтвы па марш-кідку з пераадоленнем паласы перашкод. Калі ў стральбе і сілавых практыкаваннях          удзельнічалі толькі па двое хлопчыкаў і дзяўчынак, то ў марш-кідку беглі ўсе. Хлопцам і дзяўчатам даводзілася бегчы па бервяну, скакаць па купінах, кідаць гранаты, страляць з вінтовак – словам адной сілы ці хуткасці было мала для перамогі. Камандны дух і ўзаемадапамога – складаемыя поспеху ў гэтым відзе спаборніцтва. На вялікі жаль, у першы дзень завяршыць марш-кідок не паспелі: неба зацягнула хмарамі, паліў дождж. Па слізкаму бервяну асабліва не пабегаеш, ды і на іншых этапах не надта прыемна, калі за каўнер ліюцца кроплі, таму спаборніцтвы прыпынілі і прадоўжылі іх зранку, як толькі распагодзілася. У гэтым відзе перамогу святкавалі хлопцы і дзяўчаты з Бароўкі, другімі з мінімальным адставаннем былі прадстаўнікі Стайскай сярэдняй школы.

* * *

 Традыцыйна адным з кульмінацыйных момантаў “Зарніцы” з’яўляецца конкурс мастацкай самадзейнасці. Ля паходнага кастра гучаць песні пад гітару, дзеці паказваюць сцэнкі на розныя тэмы, танцавальныя кампазіцыі. Па выніках творчага конкурсу думка журы па­дзялілася, адны хацелі аддаць перамогу СШ №1, другія – Бароўцы. Аднак, параіў­шыся, прынялі пад увагу тое, што ў складзе бароўскіх артыстаў была адна настаўніца, таму перамогу аддалі СШ №1. Бароўская СШ падзя­ліла другое месца з гімназіяй.

Неўзабаве падышла чарга агляду баявых лісткоў. Яшчэ ў першы дзень камандам былі раздадзены праштампаваныя ватманы. Асноўнай тэмай былі зарнічныя будні, але абавязкова патрэбна было адлюстраваць і тэму Вялікай Перамогі. Усе каманды паказалі палёт фантазіі, творчую думку, аднак найбольш поўна і ярка са сваёй задачай справіліся вучні Стайскай школы, за імі ў турнірнай таблі­цы размясціліся школьнікі з Горак і СШ №1.

Важнай умовай стала абуладкаванне стаянак, навя­дзенне парадку і чысціні, стварэнне зручнасці і наймагчымага камфорту ў паходных умовах. Тут таксама разгарнулася фантазія ўдзельнікаў: як з дапамогай абмежаваных сродкаў і магчымасцей дабіцца найлепшых вынікаў? У гэтай справе большыя шанцы мелі школы, дзе дзейні­чаюць турыстычныя гурткі і секцыі. Найлепшай стаян­кай журы прызнала месца, абуладкаванае вучнямі Стайскай школы, другое месца па­дзялілі СШ №4 і Бароўка.

Апошнім конкурсным заданнем стала эстафета на мясцовасці. Накал страсцей дасягнуў найвышэйшай кропкі, бо розніца паміж лідарамі спаборніцтваў складала толькі бал-паўтара. Школьнікі бегалі, нібыта маланкі, таварышы ад усёй душы балелі за сваіх. Аднак спаборніцтва ёсць спаборніцтва, у ім заўсёды будуць пераможцы і тыя, хто прыйшоў пазней. У эстафеце перамаглі хлопцы і дзяўчаты з СШ №1, другімі сталі школьнікі з Бароўкі, трэцімі – зарнічнікі са Слабадской і Пышнянскай сярэдніх школ.

Канчатковыя вынікі “Зарніцы” былі наступнымі: першае месца – СШ №1, другое – Бароўка, трэцяе – Стаі. Такім чынам, лепельскія вучні здолелі захаваць лідзіруючыя пазіцыі, завая­ваныя ў леташніх спабор­ніцтвах.

Пасля абеду зарнічнікі згортвалі свае стаянкі, тушылі вогнішчы, прыбіралі смецце, каб пасля сябе пакі­нуць толькі чыстую прыроду. Сабе ж падлеткі пакінулі мноства самых яркіх успамінаў і ўражанняў, новых сяброў і знаёмых.

Васіль МАТЫРКА.

 На здымках: трапныя стралкі з Горскай СШ.

Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>