“Мая Лепельшчына — мой гонар”

Станаўленне грамадзяніна пачынаецца з роднага краю, сваёй вёскі і горада. Сучасны чалавек павінен ведаць свае карані, традыцыі свайго народа, любіць cваіх бацькоў, свой дом, сваю краіну, з павагай адносіцца да іншых народаў.

Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне — адна з асноўных частак выхаваўчага працэсу. Патрыятызм непарыўна звязаны з грамадскасцю. І ў гэтым тандэме ёсць вялікая роля нацыянальнай культуры.

З мэтай фарміравання нацыянальнай самасвядомасці вучняў на аснове вывучэння гісторыка-культурнай спадчыны роднага краю быў створаны праект «Выхаваць беларуса». Яго ўдзельнікі — гурткоўцы і кіраўнікі гурткоў Цэнтра дзіцячай творчасці, настаўнікі, вучні школ горада і раёна, іх бацькі. Праект ажыццяўляецца ў некалькі этапаў, але ўсе яны накіраваны на выхаванне ў падрастаючага пакалення паважлівых адносін да нацыянальнай спадчыны, традыцый, звычаяў і культуры народа, фарміраванне грамадзянскай і патрыятычнай жыццёвай пазіцыі вучняў. План рэалізацыі праекта складаецца з некалькіх раздзелаў: “Народна-абрадавыя традыцыі беларусаў”, “Традыцыйныя рамёствы беларусаў”, “Гісторыя роднага краю”, “Нацыянальная мова” і іншыя.

У Лепельскім раёне з лютага 2011-га па люты 2012 года праводзіцца акцыя “Мая Лепельшчына — мой гонар”. Вызначаны аргкамітэт, складзены план і палажэнні аб правядзенні раённых конкурсаў, святаў і выстаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Па выніках удзелу ў мерапрыемствах акцыі (згодна з рэйтынгам) будуць вызначаны тры ўстановы адукацыі, якія атрымаюць грашовыя ўзнагароды.

У рамках акцыі ўжо прайшоў конкурс творчых работ «Славутыя мясціны Лепельшчыны». На жаль, адгукнуліся на яго толькі тры ўстановы адукацыі: Стайская, Поўсвіжская сярэднія школы і Старалядненская сярэдняя школа-сад. Вынікі конкурсу яшчэ падво­дзяцца.

На базе Цэнтра дзіцячай творчасці адбыўся фальклорны фестываль «Кола святаў вясны». Ён сабраў шмат удзельнікаў і гледачоў. У час мерапрыемства можна было пазнаёміцца з выставай гурткоўцаў Цэнтра дзіцячай творчасці, пагуляць у розныя гульні. Аднак больш за ўсё гледачоў сабрала імправізаваная «сцэна», дзе разгарнулася асноўнае дзеянне — выступленне фальклорных калектываў школ горада і раёна. Удзельнікам фестывалю неабходна было паказаць фрагмент беларускага абрадавага свята веснавога цыкла, у які павінны былі ўвайсці гульні, прымаўкі, прыказкі, танцы і песні. Выступленні трэба было пабудаваць на мясцовых матэрыялах, бо журы было вельмі кампетэнтнае — Вольга Шкіранда, метадыст па фальклору раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра народнай творчасці і Таццяна Пшонка, загадчыца дзіцячага аддзела раённага Дома культуры. Гледачы пачулі веснавыя карагодныя песні, якія спявалі нашы бабулі, прынялі ўдзел у розных гульнях, убачылі беларускія танцы «Базар», «Ойра», «Падыспань» і іншыя.

Усе выступленні канкурсантаў аказаліся настолькі яркімі, што вызначыць пераможцаў было складана. Першае месца падзялілі фальклорныя калектывы Стайскай і Пышнянскай сярэдніх школ. Асабліва хочацца адзначыць выступленне апошніх. Дзеці разам з кіраўніком Людмілай Шыпуляй і акампаніятарам Уладзімірам Грынем выйшлі на сцэну ў беларускіх нацыянальных касцюмах, спявалі песні, танцавалі, проста сыпалі са сцэны прыказкамі і прымаўкамі. Гледачы не шкадавалі ў адрас артыстаў шчодрых апладысментаў. Уявіце, што ўдзельнікам гэтага калектыву ўсяго па шэсць-сем год. Адразу бачна, што любоў да радзімы, яе традыцый у дзяцей выхоўваецца з маленства.

Алена МІСЬНІК,

метадыст Цэнтра дзіцячай творчасці.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>