Гарызонты працы стваральнай (інтэрв’ю старшыні раённага выканаўчага камітэта Барыса Яфрэмава)

IMG_2452 (2)

— Барыс Сяргеевіч, пяцігодка выйшла на фінішную прамую. Многае зроблена на Лепельшчыне дзеля развіцця прамыслова-эканамічнага патэнцыялу, стварэння камфортных умоў для жыцця людзей. Думаю, нашу размову варта пачаць з экана­мічнага блоку, бо рэальны сектар эканомікі — аснова, базіс, ад функцыянавання якога залежаць наўпрост усе галіны народнагаспадарчага комплексу, сацыяльная сфера. Які ключавы лейтматыў скразным стрыжнем праходзіў праз паўсядзённую працу ўладных і гаспадарчых структур?

— Думаю, не адкрыю Амерыкі, калі скажу, што работа органаў кіравання, працоўных калектываў была накіравана на вырашэнне задач і дасягненне параметраў пяцігадовай Праграмы. Штогод на яе аснове распрацоўваліся прагнозы сацыяльна-эканамічнага развіцця, грашова-крэдытнай і бюджэтнай палітыкі рэгіёна.

Аб’ёмы вытворчасці прамысловай прадукцыі ў фактычных цэнах узраслі за чатыры гады ў 4,7 раза, валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі — у 1,2, рознічны тавараабарот гандлю праз усе каналы рэалізацыі  — у 1,4, экспарт тавараў па тэрыторыі — у 1,5.

— Лічбы сведчаць аб дынамічным развіцці эканамічнага арганізма, правільнасці выбранага курсу…

— Былі на гэтым цярністым шляху, вядома, узлёты і падзенні, крызісныя з’явы не абышлі бокам і наш рэгіён. Аднак нашы гаспадарчыя кадры стараліся максі­мальна знівеліраваць негатыўныя наступствы, максімальна задзейнічаць рэзервы росту, адэкватна рэагавалі на выклікі часу. Скажам шчыра, развіццё прамысловасці было нацэлена на максімальнае выкарыстанне створанага ў раёне вытворчага і працоўнага патэнцыялу, мадэрнізацыю вытворчасцей, пашырэнне наменклатуры выпускаемай інавацыйнай прадукцыі, павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці пры зніжэнні спажывання паліўна-энергетычных рэсурсаў.

У прамысловым сектары  найбольш дынамічна развіваецца адкрытае акцыянернае таварыства “Лепельскі малочнакансервавы камбінат”. У адпаведнасці з Праграмай скончана мадэрнізацыя энергетычнай гаспадаркі. У пералік асноўных інвестыцыйных праектаў, што рэалізуюцца ў Рэспубліцы Беларусь, уключаны інвестыцыйны праект «Будаўніцтва цэха па вытворчасці сухога малака з рэканструкцыяй дапаможных вытворчасцей».  Завершана мадэрнізацыя сушыльнай вытворчасці, тэхнічна перааснашчаны малочнатаварныя фермы ў СПФ «Заазер’е». Заверашана мадэрнізацыя будынка маслацэха, будынка кампрэсарных, рэканструюецца старая кацельня пад склад гатовай прадукцыі.

Філіялам «Лепельскі хлебазавод» рэспубліканскага ўнітарнага вытворчага прадпрыемства «Віцебскхлебпрам» устаноўлена флексаграфічнае абсталяванне, набыты дзве энергазберагальныя печы, дзве новыя машыны для нарэзкі хлебабулачных вырабаў, маразільная шафа ў скла­дзе сутачнага запасу сыравіны, дзве машыны для перавозкі хлебабулачных вырабаў з ізатэр­мічнымі фургонамі і іншае абсталяванне.

Тэхнічнае перааснашчэнне вытворчасцей адбывалася на РУПДП «Лепельскі электрамеханічны завод» і ААТ «Лепельскі рамонтна-механічны завод».

Для павелічэння аб’ёмаў вытворчасці камбікармоў, павышэння якасці, пашырэння асартыменту выпускаемай прадукцыі філіялам «Лепельскі» ЗАТ «Віцебскаграпрадукт» у бягучай пяцігодцы працягнута мадэрнізацыя камбікормавай вытворчасці, пабудаваны склад гатовай прадукцыі. У 2012 годзе ўведзена ў эксплуатацыю лінія лушчэння збожжа. Пачата будаўніцтва новай адкормачнай фермы на базе філіяла «Дражна» ў аграгарадку Баброва на 6000 галоў свіней.

— Для падагульнення сказанага назавіце суму інвестыцый…

—  Усяго ў развіццё прамысловага комплексу раёна інвеставана больш як 200 мільярдаў рублёў.

— Барыс Сяргеевіч, раней ільнаводства называлі манетным дваром гаспадарак, а зараз даходнай крыніцай стала малочная галіна…

— Агульная сума інвестыцый на рэканструкцыю васьмі малочнатаварных фермаў за 2011 — 2012 гады і будаўніцтва фермаў у 2013 годзе склала 181,6 млрд руб. З уводам іх у строй за кошт укаранення найноўшых тэхналогій і метадаў утрымання, карм­лення і даення кароў узраслі ­аб’ёмы вытворчасці і якасці малака.

За гады рэалізацыі Праграмы (2011 — 2014 гг.) паказчыкі вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі з году ў год павялічваюцца. Толькі за першае паўгоддзе селетняга года валавая вытворчасць малака склала 13941 т., надой на карову — 2198 кг.  Атрымана з бюджэту на падтрымку сельскагаспадарчай вытворчасці  17992 млн  руб.

— Вялізныя сродкі скіроўвае дзяржава на перааснашчэнне сельскай гаспадаркі. І кожны ўкладзены рубель павінен прыносіць высокую аддачу.

— Сапраўды, на тэхнічнае і тэхналагічнае перааснашчэнне аграрнага сектара з дапамогай аптымізацыі структуры і складу машынна-трактарнага парка ў земляробстве і жывёлагадоўлі за 2011 — 2014 гады накіравана і асвоена 567 млрд рублёў.  За мінулыя чатыры гады набыта 20 збожжаўборачных  і 5 кормаўборачных камбайнаў, 5 камбінаваных глебаапрацоўчых пасяўных агрэгатаў, 33 трактары, 5 грузавых аўтамабіляў, 20 машын і агрэгатаў для ўнясення ўгнаенняў, 26 касілак, 8 грабель, 10 прэс-падборшчыкаў, 108 адзінак іншай сельскагаспадарчай тэхнікі. Сёлета  плануецца набыць у лізінг 23 трактары на суму 5,3 млрд рублёў.

— У адным інтэрв’ю нельга ахапіць нават праз коску ўсе аспекты эканамічнага развіцця. Ды і не будзем ставіць сабе такую мэту. Мы ўжо сказалі, што народнагаспадарчы арганізм рэгіёна функцыянуе дынамічна. Цяпер варта закрануць хаця б пункцірна сацыяльную сферу…

—  Здадзена за чатыры мінулыя гады 63 тыс.кв. м. жылля, а сёлета плануецца ўвесці ў эксплуатацыю 15,8. Устаноўленае заданне выканана пераважна сіламі ДКУБП «Лепельская ПМК-75» і індывідуальнымі забудоўшчыкамі. На долю апошніх прыходзіцца 30,8 тыс. кв.м, падрадным спосабам узведзена 32,1.

Значны аб’ём выкананы на добраўпарадкаванні вуліц мікрараёна «Садовы», заасфальтаваны вул. Садовая, першы і другі завулкі Садовыя, вул. Чапаева і Войкава  і інш. Апрача гэтага пабудавана 46,6 км. газаправодаў, ­адзінаццаць — сетак водаправода.

 — Лепяльчане ацэньваюць дзеянні ўлады і па тых высілках, якія  затрачаны на ўдасканальванне гандлёвага абслугоўвання, набліжэнне сеткі крам да так званай крокавай даступнасці…

— Згодны. І на гэтым шляху, шчыра скажу, зроблена нямала. Далейшае развіццё атрымала сетка прадпрыемстваў гандлю і сэр­вісу. Лепельскім райпо адкрыты тры гандлёвыя аб’екты і тры  — грамадскага харчавання. Уве­дзены ў эксплуатацыю крама «Ганна» ААТ «Віцебская бройлерная птушкафабрыка» і «Рублёўка» ПГПУП «Кафэ «Сем вятроў». Адкрыты магазін на аўтазаправачнай станцыі РДУП  “Беларуснафта-Віцебскаблнафта­прадукт» па вуліцы Чуйкова. У ДЛГУ «Бярэзінскі біясферны запаведнік» адчыніла дзверы кафэ на 35 пасадачных месцаў на тэрыторыі турыстычнага комплексу «Ніўкі», а ў ПГПУП «Кафэ «Сем вятроў» — рэстаран «Рублёўка» на 70.

 —  Менавіта дзякуючы рытмічнай працы рэальнага сектара эканомікі новы імпульс на Лепельшчыне атрымалі і сацыяльная сфера, культура, адукацыя.

— Палітыка ў галіне адукацыі была накіравана на рэалізацыю мер па ўдасканаленні адукацыйнага працэсу, умацаванні і развіцці матэрыяльна-тэхнічнай базы вучэбна-выхаваўчых устаноў, забеспячэнні і павышэнні прафесійнай кампетэнтнасці педагагічных кадраў. Пашырана сетка дадатковых адукацыйных паслуг, у тым ліку на платнай аснове — адкрыты гурткі англійскай мовы, тэатральнай накіраванасці і інш.

У галіне фізічнай культуры і спорту акцэнт робіцца на прыцягненне насельніцтва да рэгулярных заняткаў фізічнай культурай і спортам. Створана сучасная матэрыяльна-тэхнічная база аб’ектаў фізкультуры і спорту.

У раёне дзейнічаюць 44 установы адукацыі, працуе 40 устаноў культуры, 20 бібліятэк, тры дзіцячыя школы мастацтваў, раённы Дом культуры, Цэнтр рамёстваў, раённы краязнаўчы музей і г.д.

У бягучай пяцігодцы прыкметна ўмацавалася матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў аховы здароўя. На гэтыя мэты накіравана звыш дзевяці  млрд руб.

Кажуць, працоўныя вышыні скараюцца руплівым гаспадарам Бацькаўшчыны. А руплівасці і працавітасці лепяльчанам не пазычаць. Наперадзе ў нас безліч велічных спраў, якія абавязкова стануць светлай явай заўтрашняга дня роднага краю.

Інтэрв’ю правёў

 Уладзімір ШАЎЧЭНКА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>