Народная проза

У выдавецтве Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта выйшаў зборнік “Народная проза беларусаў Падзвіння”. Укладальнік выдання – дацэнт кафедры айчыннай і ўсеагульнай гісторыі, кандыдат гістарычных навук Уладзімір Лобач. Ён удзельнічае ў палявых этнаграфічных экспедыцыях на поўначы Беларусі, даследуе сімвалічна-рытуальныя аспекты беларускай традыцыйнай культуры, народную медыцыну, міфалогію прасторы і сакральную геаграфію Беларускага Падзвіння, аўтар шэрагу навуковых артыкулаў і адзін з аўтараў энцыклапедычнага слоўніка “Беларуская міфалогія”.

Сярод іншых раёнаў вобласці Лепельшчына ў зборніку прадстаўлена найбольш поўна і разнастайна. Асноўнымі збіральнікамі “народнай прозы” тут сталі студэнты і выкладчыкі Полацкага ўніверсітэта пад кіраўніцтвам самога ўкладальніка выдання, студэнты мінскага “Этнаграфічнага таварыства”, а таксама вучні Велеўшчынскай школы разам з настаўнікам гісторыі, краязнаўцам Валерыем Тухтам. Прымала ўдзел і загадчык сектара этналінгвістыкі і фальклору Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдат філалагічных навук Таццяна Валодзіна.

Зборнік выйшаў у дзвюх частках. У абедзвюх – больш як дзвесце дваццаць невялічкіх твораў, пераказаных жыхарамі нашага раёна і запісаныя даследчыкамі фальклору за апошнія дваццаць гадоў. Гэта казкі, легенды і паданні, тапані­мічныя паданні і г.д. Усе яны прыводзяцца з захаваннем аўтэнтычнай мовы апавядальнікаў, надзвычай пазнавальныя, многія – з гумарам. Як, напрыклад, казка “Клёпак не хапае”, запісаная Таццянай Валодзінай у 2007 годзе ў вёсцы Залессе ад Зінаіды Галай: “Масцера такія, што бочкі рэманці­равалі. Абручы наганялі, усё. А дзед на бабу ўсё гаварыў, калі яна што не так скажаць ці зробіць: “У цябе клёпкі не хватаець”.

Ну. Ён паехаў на базар, а яна асталася адна. А тут прыходзюць і кажуць: ”Каму клёпкі? Каму заклёпкі? Каму нада ладзіць?” А яна: “Ай, людцы мае. Я ж так этага ждала, а то дзед на мяне кажаць: “У цябе клёпкі не хватаець”.

Яны ёй абруч на галаву надзелі, пастукалі, надзелалі клёпак: “Ну, цяпер, бабка, усё ў парадку”. Ну, яна ім заплаціла сколькі нада. Прыязджаець дзед. А яна яму: “Во, дурак, ты казаў, што ў мяне клёпкі не хватаець, а ў мяне вун сколькі не хватаець”. Як даў дзед у косці, можа і паразумнела”.

Тапанімічныя паданні праліваюць святло на паходжанне азёраў і рэк нашага краю: пра Святое возера расказваюць адразу некалькі паданняў, возера Дзявочае ля Парэчча, азярцо Жабінак і культавую крыніцу ля яго, возера Бобрыца ды іншыя. У зборніку таксама  шмат паданняў пра царкавішчы, камяні, урочышчы, валатоўкі.

Асобны раздзел прысвечаны назвам вёсак. Цікавыя здагадкі прыводзіць народ адносна назваў вёсак на Лепельшчыне. “Гаварылі, у нашым возеры дно, а ў Лепелі хрэст [на царкве] і раўняюцца… Выходзіць, што наша возера высока. Затое гара. А чаго Валова гара? Мусіць, на валах канаву капалі. Тут жа Кацярына капала. Ці первая, ці втарая, дык на валах вазілі зямлю,” – дзеліцца досведам Надзея Крыцкая з вёскі Валова Гара.

Альбо яшчэ: “Ішоў цераз балоты рыцар са сваім атрадам, выйшаў на сухое места, пасярод леса, ну як бы на востраў і астаўся там жыць, так і стала наша дзярэўня Вострава”, — разважае жыхар Велеўшчыны Леанід Садоўскі. Тут можна даведацца пра матырынскія ражкі, пра тое, чаму ў Сушы змей няма, ці маюць агульныя карані Окана і вока, і г.д.

Шмат са зборніка можна даведацца пра чары і чараўнікоў, ведзьмаў і ведзьмакоў, а таксама розныя загадкавыя прыродныя з’явы, якія цяжка растлумачыць.

Відавочна, што зборнік вельмі карысны  не толькі студэнтам і навучэнцам для пазнання фальклору, не толькі настаўнікам – як дапаможнік для правядзення пазнавальных пазакласных мерапрыемстваў, але і любому, хто ціка­віцца роднай зямлёю, сваімі каранямі, сваім радаводам – мінуўшчынай.

Віктар ЛЯШЧЫНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>