Навіны трымаюцца на “трох кітах”

443 Калі збочыць налева з «аршанкі» (шашэйкі Лепель — Орша) за сем кіламетраў ад нашага горада, трапіш у Навіны. Вёсачка маленькая — усяго тры жылыя хаты, аднак у даволі выгадным геаграфічным становішчы. Ці не таму ўжо больш як стагоддзе, хоць і абмялеўшы, Навіны жывуць.

Прынамсі, у кнізе «Памяць. Лепельскі раён» прыводзяцца наступныя звесткі пра вёску: “Размешчана за адзінаццаць кіламетраў на паўднёвы ўсход ад горада Лепель. У пачатку ХХ стагоддзя невялічкая вёска Гарадчэвіцкай воласці Лепельскага павета. У 1906 годзе ў ёй было толькі дванаццаць двароў, дзевяноста тры жыхары. На 1997 год налічвалася шэсць падвор’яў і восем жыхароў”.

Навіны ніколі не былі вялікімі, аднак здолелі захавацца. У той час іншыя, больш буйныя, вёскі ці абмялелі, ці нават перасталі існаваць. Чаму? Відаць, прычына — кансерватыўны сялянскі ўклад жыцця, якога спрадвеку прытрымліваліся і прытрымліваюцца жыхары гэтага невялічкага паселішча. Прытаілася вёсачка, схаваўшыся ад бойкага шляху за густым алешнікам ды вербалозам, заслухалася салаўя — мабыць, ­адзінага парушальніка цішыні, занялася нялёгкаю пачэснаю працаю на зямлі. Такім чынам і выжыла. Зямля тут урадлівая. Усё расце, было б каму сеяць. Няма паблізу буйнога вадаёма? Бліжэйшы — за тры кіламетры, у Чэрцах. Аднак не скажаш, што няма вады. На падворку ў бабулі Ксеніі ў студні вадзіцы хапае, хоць вунь якая суш стаіць ужо цэлы год. А чысценькая! Чыстая вада і ў копанках, якіх нарабілі навінцы амаль на кожным падворку. Была ў свой час копанка і грамадская — за вёскаю. Аднак зарасла, стала балацявінаю.

21 верасня 021 У копанцы ў бабулі Ніны жыў нават шчупак, ды які! Рукі развесці. Літаральна днямі зяць з унукамі вылавілі, каб іншую рыбу не пераводзіў. Хатаю сямідзесяціпяцігадовай Ніны Шайтар распачынаецца вёска. Над брамкаю нацягнуты вяроўкі. Каб прайсці ў двор, трэба пакланіцца. Здзіўлены, пытаюся ў гаспадыні, навошта тыя вяроўкі. Аказваецца, каб не пераляцелі курачкі праз тын. Як пераляцяць, адразу трапяць ці ў лапы лісе, ці ў кіпцюры каршуну. Бяда. Рудая хітруга так і пільнуе, каб паласавацца курацінкай. Вось і трымае курэй пад зашчэпкаю, хоць навокал гэтулькі прасторы. Ад чужых каршуноў бабуля Ніна ахоўваецца, а вось свайго, “хатняга”, вырасціла. Аднойчы зяць прывёз птушку, якая, грукнуўшыся ў машыну, параніла крыло. Назвалі Васем, гадавалі. А пасля здалі ў запаведнік. Пра гэта расказала мне яе суседка Ксенія. Калі ўбачыць Ніна каршуна, усміхаецца: “Мо Вася з запавед­ніка ў госці наведаўся…”

Ніна Аляксандраўна — ­адзіны карэнны жыхар вёскі Навіны. Яна тут нарадзілася і не збіраецца нікуды з’язджаць. Тут прайшлі маленства, юнацтва. Праўда, затым быў перыяд, калі з’ехала ў горад, дзе жыла даволі працяглы час і працавала на малочнакансервавым камбінаце. Аднак пасля смерці бацькі вярнулася з сям’ёю маці даглядаць. Так ужо і засталася на бацькаўшчыне, гарадскую кватэру пакінуўшы ўнуку.

— Як вам тут жывецца? — пытаюся. — Як вас абслугоўваюць?

— Няблага. Аўталаўка двойчы на тыдзень прыходзіць. Усё можна купіць.

21 верасня 023— А пошту хто носіць?

— Машына прывозіць. Яшчэ і лепей. Пакуль тая паштальёнка, дык прывязуць і ўкінуць у скрынку мне. Я адна тут “раёнку” выпісваю.

Камунальныя дачка ў горадзе плаціць, яна ў банку працуе. Пенсія ідзе на картачку.

— Мабыць, “весела” вам тут, у хмызняку, тром бабулям. Ці хоць збіраецеся калі разам?

— А як жа! Аўталаўку разам чакаем. Ля Ксеніі на прызбе пасядзім, пагаворым, пасмяёмся.

Ксенія Шайтар і зараз вунь грэецца на прызбе на вераснёўскім сонейку. Убачыўшы фотаапарат, за хусцінку ўхапілася. Захвалявалася:

— Аяёечкі! Трэба ж было хоць як прычапурыцца.

На дзявятым дзясятку не так ужо і важна, ці прыгожая ў цябе хусцінка — не замуж жа сабралася. А ўсё ж трывожна, бо ў газеце пабачаць.

Сама Ксенія — з суседняй Чашніччыны, з Тарасак. У Навіны выйшла замуж. Мікалай яе працаваў у Заслонаве на электрастанцыі, так і пазнаёміліся. Хату паставілі, муж сам усё рабіў.

— Ён у калгасе трактарыстам быў, — усміхаецца бабуля, — а я ў полі рабіла. Таксама ў свой час на Дошцы гонару вісела.

Мужа даўно няма, у хаце прасторна і крыху вусцішна. На зіму Ксенія ездзіла да дачкі ў Чашнікі. У горадзе добра, аднак у Навінах ёй лепей. Ды Валі і самой у роднай вёсцы падабаецца, часта прыязджае. Унучка ў Маскве жыве, унук — у Віцебску. Чацвёра праўнукаў таксама наведваюцца ў Навіны.

А “замыкае” вёску хата Веры Цімафееўны Семянько. Бабуля і сама ўвесь час, нават удзень, на зашчапцы — не дагрукацца, не даклікацца.

—  А што, як раптам… — разважае. — Вунь і міліцыя рэкамендуе зачыняцца.

Яе можна зразумець. Сапраўды, хата наводшыбе, як на хутары. Ці мала хто з кустоў выпаўзе. Адзінота адбілася і на характары…

Зрэшты, бабуля Вера не пазбаўлена гумару. Ды і на свае восемдзесят з доўгім “хвастом” не выглядае — ні  зморшчынкі на прасветленым твары.

Цікава, з гумарам распавядае яна пра сваю маладосць:

— З Двор Паддуб’я хадзіла на Заслонава праз Навіны. Тут і падпільнаваў мяне Іван Семянько, ды і не адпусціў. Давялося замуж ісці. Я кароў даіла, Іван у брыгадзе працаваў. Раней жылі ў бярэзніку, а пасля новую хату пабудавалі.

Зрэшты, жыццё ў Веры Цімафееўны не надта вясёлае. Двух сыноў пахавала. Аднаго — маленькім, другі захварэў ужо ў сталым узросце. Трэці Верын сын Віктар у Чэрцах жыве і працуе.

 *  *  *

21 верасня 025 Такім чынам, вёска трымаецца на трох яе жыхарах. Пажартаваў: “На “трох кітах”. Ды мяне са смехам паправілі: “На трох кіях”. А вось жа трымаецца, жыве!

У свой час у Веры, як і ў яе суседак, былі немалыя гаспадаркі. Жывёлу бабулі звялі, хіба ў агародзе пакуль корпаюцца, ды дзеці з унукамі прыязджаюць, дапамагаюць, ствараючы вёсцы прэзентабельны імідж.

А некалі ў Навінах была моладзь, гармонік граў, на вечарыны збіраліся, на танцы па суседніх вёсках бегалі. Праўда, цяжка паверыць, што ў пачатку мінулага стагоддзя было тут пад сотню жыхароў. Аднак і да вайны, і пасля народу хапала. Бабуля Ніна налічыла недзе каля сарака аднавяскоўцаў. Прынамсі, прыгадала наступных жыхароў, якія ў пераважнай большасці насілі прозвішча Шайтар — Агап’я і шасцёра яе дзяцей, у якой муж Васіль з вайны не вярнуўся. Аляксандр і Ефрасіння, Еўдакея з сынам, Антуніна, сёстры Вера і Кацярына, Ірына з Іванам, што маладым памёр, Палашка з дзецьмі. Аднаго з яе сыноў, Міколу, як забралі ў вайну на акопы, так і не прыйшоў. А яшчэ была Марфа Сініца з двума сынамі, Яўхім і Настася Семянько з васьмю дзецьмі.

На фронце быў Васіль Шайтар, яго аднавясковец Аляксандр з тым жа самым прозвішчам трапіў у палон. Прыйшло паведамленне, што прапаў без вестак, аднак пасля вярнуўся. Жыццё Васіля і Ганны Сініцы скончылася ў доме для састарэлых.

Пераважна жылі ў вёсцы простыя, працавітыя людзі, патомныя хлебаробы, сяляне, на чыіх плячах зямля трымалася. Аднак былі і памечаныя божаю іскрынкаю таленту. Андрэй Шайтар зухавата расцягваў мяхі гармоніка і весяліў усю акругу. Аляксандр Шайтар спрытна рабіў хамуты, майстраваў сані і калёсы. У Навінах гулялі вяселлі і ладзілі адпраўкі ў армію. Мясцовую моладзь у пяцідзясятыя гады на адпраўках аднавяскоўца Міхаіла Шайтара зафіксаваў аб’ектыў фотаапарата. Гэты рарытэтны здымак сярод іншых захоўвае ў альбоме бабуля Ніна.

У кожнай вёскі — свая гісторыя і свой лёс. Сённяшнія жыхары Навін і, скажам так, апошнія іх жыхары, вядома, ужо не памятаюць, не ведаюць, адкуль пайшла назва іх вёскі. Магчыма, гэта ведалі іх бацькі, ці нават дзяды, прадзеды. Аднак яны шчыра захоўваюць адданасць роднаму куточку і тыя дзедаўскія традыцыі, на якіх заўсёды трымалася вёска. А трымалася яна “на трох кітах” — на нялёгкай сялянскай працы, паразуменні і ўзаемадапамозе.

Уладзімір МІХНО.

 На здымках: вясковая моладзь у пяцідзясятыя гады — злева направа стаяць Леанід Семянько, Іван, Ліза, Ніна, Соня, Аляксей, сядзяць Міша, Коля і Андрэй Шайтары; Ніна Шайтар — карэнная жыхарка Навін; няма нідзе лепей для Ксеніі Шайтар, як на прызбе ля роднай хаты; гаспадыня крайняй навінскай хаціны Вера Семянько.

 Фота аўтара

і з сямейнага архіва

Ніны Шайтар.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>