Гарадскія кварталы ў полымі згінулі

Вясна. Ноч  з  27  на  28  красавіка  1833 г.  Полымя  ўспыхнула  нечакана ў паўночнай частцы Лепеля. Загарэліся спачатку нежылыя будынкі.  Дзьмуў  моцны  вецер з  Лепельскага. Будынкі ўспыхвалі нібы запалкі. Гарэлі  самыя  густанаселеныя  гарадскія  кварталы.

Ратаваць горад трэба было! А якім чынам? Адказ даюць пісьмовыя крыніцы той веснавой трагедыі: “…не  было  падрыхтавана  ніякіх  пажарных  інструментаў, акрамя  двух  крукоў  і  двух  вілаў… Для  барацьбы  з  агнём  прымалі  меры  ваенныя  размешчанага ў Лепелі Вялікалуцкага  пяхотнага  палка,  ведамства  шляхоў  зносін, чыноўнікі  і  ніжнія  чыны, але  з-за  моцнага  ветру  пажар  нельга  было  патушыць”.

Спецыяльна створаная  камісія  мела  статус  часовай  і  прызначалася  для  раздачы  пазыкі  жыхарам  Лепеля, якія  пацярпелі  ад  пажару. У  склад  камісіі  ўваходзілі  прадстаўнікі  ўсіх  асноўных  гарадскіх  службаў: старшыня, павятовы  кіраўнік  дваранства, гараднічы, павятовы  казначэй, страпчы (чыноўнік  па  судовым  наглядзе), землямер, гарадскі галава і  па  два  дэпутаты ад  хрысціянскага  і  яўрэйскага таварыстваў. Камісія  мела сваю  пячатку,  якой змацоўваліся  прашнураваныя  прыходна-расходныя  кнігі. Усе  рашэнні  прымаліся  калегіяльна  і  занатоўваліся ў адпаведным журнале.

Пайменны  спіс  жыхароў  Лепеля склалі. У першую чаргу выяўляліся грама­дзяне,  якія  найбольш  пацярпелі  ад  стыхійнага  бедства.  Сярод пагарэльцаў было 235  мужчын  і  318 жанчын.

Полымя бязлітасна расправілася з людскім набыткам. Былі  знішчаны  грамадскія, асабістыя  пабудовы, разнастайная  маёмасць. Згарэлі таксама уніяцкая царква, рымска-каталіцкі  касцёл (сапегаўскі, пабудаваны  ў  1604 г.), дзве  яўрэйскія  школы, багадзельня, 102  дамы, 33  лаўкі, нежылыя  пабудовы, 40 галоў  жывёлы. Агнём было  знішчана рухомай маёмасці на 182990 руб., а пабудоў  — на  302710 руб.

Многія  пацярпелыя ад  пажару  туліліся і пераносілі свае гаротныя дні ў  буданах, бараках, блукалі  без  прытулку. Узвядзенне  новага  жылля  зацягвалася. Чаму? Аказваецца, імператарам не  быў  зацверджаны  план  горада, без  якога  ніхто  не меў  права  будавацца. Падрыхтаваны жыхарамі  лес  для  забудовы ляжаў пад адкрытым  небам. Як чакалася, будаўнічы матэрыял пачаў спакваля псавацца.

Хуткакрылай ластаўкай міналі прыдатныя для справы дзянькі. Гара­джане  такім  становішчам  былі  незадаволены.  У жніўні  1834 г.  віцебскі губернатар склікаў лепельскіх гара­джан  для  паведамлення  “манаршай  міласці”  аб  выдачы  пагарэльцам  пазыкі  на  будаўніцтва. Аднак  гэта  дапамога  была  запалітызавана  і  звязвалася  з  пераводам  паслядоўнікаў  уніяцкай  аб’яднанай  рымска-ката­ліцкай  царквы  з  праваслаўнай  у  праваслаўную. Хваравіты працэс  праходзіў  вельмі  цяжка  і  супярэчліва.

Лепельскія  ўніяты  вымушаны  былі  заявіць, што  яны  “далучаюцца  да  царквы праваслаўнай”. Такія пагарэльцы  мелі  прывілеі  перад  іншымі  пры  ўзвядзенні  жылля. Толькі  31  ліпеня  1835 г.  новы  план  Лепеля  быў  зацверджаны імператарам  Мікалаем  І, а  годам  інтэнсіўнага  будаўніцтва стаў  1836-ы. Горад  у  той  час  упрыгожыўся  больш  прасторнай  Базарнай  плошчай  каля  Лепельскага  возера. Пры  ўзвя­дзенні  новых  дамоў  камісія  правярала  план  на  мясцовасці  для  вызначэння  кварталаў  і  згарэлых  месцаў, чарговасці  забудовы. Новыя  дамы  ўзводзі­ліся па  ўзорных  фасадах  і  толькі  пасля  зацвярджэння  плана  губернатарам.

Пазык на  будаўніцтва на  працягу  двух  гадоў  было выдзелена ў памеры 60542 руб. Гэта  сума  складалася  з  трох  частак: першая давалася  забудоўшчыкам, другая — на  закуп матэрыялаў, трэцяя — на заканчэнне будаўніцтва. Першачарговая  дапамога  аказвалася  бяднейшым “добрых паводзін” пагарэльцам.

Памер  пазыкі вызначаўся па колькасці  акон дома, мяркуемага да пабудовы. Такім чынам, на  адно акно выдаткоў­валася 150 руб. Выдаваліся грошы на  рукі  толькі  пасля  прад’яўлення  гаспадаром  плана, фасада  і  пісьмовага  абавязацельства. Пазычальнік павінен быў  расходаваць  пазыку  па  прамым  прызначэнні  і  пагасіць  яе  на  працягу  шасці  гадоў  роўнымі  часткамі. Грошы  выдаваліся  пад  уласнасць  пазычальніка  ці  добранадзейнага паручыцеля за подпісам  не  менш  пяці  заможных  жыхароў,  якія  мелі  дамы. У  выпадку  неплацежаздольнасці пазычальніка пабудаваны  дом  выстаўляўся  на  продаж  для  пакрыцця доўгу.

Пазыкі захоўваліся  ў  лепельскім  павятовым  казначэйстве  і  аналізаваліся членамі  камісіі  штомесячна. Адзін  з  іх  кожны  тыдзень  праводзіў  праверку  ходу  будаўніцтва. Па  заканчэнні  года  ажыццяўляўся агляд  звестак усіх  службовых  устаноў  пры  ўдзеле  землямера  аб  выкарыстанні  сродкаў  па  сапраўдным  прызначэнні. Усе  няпэўныя выпадкі  вырашаліся  шляхам  апеляцыі  да  губернатара. Камісія  не  рабіла  перашкод  жыхарам, якія  будаваліся  без  выкарыстання  пазык. І працавала  яна да  1839 года.  Менавіта  ў  той  час  і  цэнтральная  частка  нашага  горада  з  яе  Саборнай  плошчай  (зараз  Свабоды)  набыла  галоўныя  абрысы, якія  мы  бачым  і  сёння.

Ілья ЯНУШ,

краязнавец.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>