Парад матацыклаў у Лепелі

ALP_1175 Многія госці свята горада, прыйшоўшы да парку, звярнулі ўвагу на кавалькаду матацыклаў самых розных вытворцаў і дызайнаў. Двухколавыя жалезныя коні выстраіліся перад касцёлам у дзве шарэнгі, а іх гаспадары… рушылі ў храм.

Аказваецца, адным з арганізатараў гэтага мерапрыемства быў ксёндз касцёла св. Казіміра.

— Ксёндз Андрэй, як прыйшла ідэя?

— Я сам матацыкліст. Яшчэ калі служыў у Італіі, звярнуў увагу на папулярнасць двухколавага транспартнага сродку сярод італьянцаў. А потым набыў і сабе матацыкл BMW. Гэта хуткасная, спартыўная мадэль. Служачы там у касцёле, была традыцыя ўвесну бласлаўляць матацыклы і матацыклістаў перад адкрыццём мотасезона і ўвосень — па закрыцці. Збіралася да 700 — 800 матацыклаў. Вось і падумалася, чаму б гэтую ідэю не рэалізаваць у Лепелі? Паспрабаваў правесці блаславенне перад закрыццём сезона, прымеркаванае адначасова да свята горада. Першы блін, як бачыце, не выйшаў комам.

— Як вам удалося сабраць такую колькасць байкераў?

— Мне аднаму, вядома, не ўдалося б справіцца. Ролю галоўнага арганізатара ўзяў на сябе Валерый Асоўскі, кіраўнік пейнтбольнага клуба JokerPro. Ён іх сабраў, арганізаваў, яму і слова.

— Сабраць байкераў было самай легкай справай, бо мы па сваёй прыродзе вельмі хуткія на пад’ём, — уключыўся ў гутарку Валерый. — Я і сам езджу на Suzuki — спартыўным матацыкле. А сабраць усіх дапамаглі сацыяльныя сеткі. Адгукнуліся ў асноўным байкеры з нашай вобласці.

— Ксёндз Андрэй, задам вам асабістае пытанне: які матацыкл прыцягнуў вашу асаблівую ўвагу?

— Honda Gold Wink — перакладаецца як залатыя крылы. Гэта магутны, прыгожы матацыкл з V-падобным рухавіком, прыехаў на ім, дарэчы, лепяльчанін, я яго ведаю наглядна.

У касцёле перад гасцямі прагучала арганная музыка і песні ў выкананні Таццяны Івашкевіч. Ксёндз Андрэй з кафедры прамовіў:

— Не важна, якая вопратка на чалавеку: ці сутана, ці дзелавы гарнітур, ці скураныя куртка і штаны ў заклёпках. Важна тое, якая душа ў чалавека, якія яго думкі, памкненні і, як вынік, учынкі. Усе мы, незалежна ад роду заняткаў, аб’яднаныя лю­боўю да нашай Айчыны, молімся за яе, паважаем нашых братоў, сяброў, усіх людзей. Гэтая любоў і павага павінны праяўляцца і ў час, калі едзеш па дарозе. Важна, каб і на асфальце вадзіцелі і пешаходы паважалі адзін аднаго. Няхай з вамі будзе Божае блаславенне і апека святога Хрыстафора — памочніка тых, хто ў дарозе.

Пасля гэтага адбылося асвячэнне і блаславенне матацыклаў.

Увесь гэты час госці свята выкарысталі для таго, каб бліжэй разгледзець байкі, фатаграфаваліся. Многія з іх яны да гэтага бачылі хіба што ў кіно ці ў інтэрнэце. Спытаўся ў старшага інспектара па адміністрацыйнай практыцы АДАІ РАУС Мікалая Кураннога:

— Наколькі карэктна, на ваш погляд, паводзяць сябе на дарогах сучасныя байкеры?

— З пачатку года ў раёне зарэгістравана 13 дарожна-транспартных здарэнняў. З іх адно адбылося з удзелам матацыкліста, у выніку яго адзін чалавек атрымаў траўмы. А на дарогах вобласці за гэты ж час адбылося 14 ДТЗ з удзелам матацыклістаў. У іх загінулі восем чалавек, дзевяць атрымалі раненні.

— Ці не плануеце падобныя мерапрыемствы праводзіць рэгулярна? — пытаюся ў Валерыя Асоўскага.

— Скажу нават больш. У планах арганізаваць у Лепелі байкерскі клуб. Гутарыў з многімі матацыклістамі, амаль усе падтрымліваюць гэтую ідэю. Параюся з байкерамі з іншых гарадоў. Думаю, што ў бліжэйшы час нешта такое створым. А тады ўжо лягчэй і прасцей бу­дзе арганізоўваць іншыя мерапрыемствы.

Зроблены апошнія фотаздымкі, хлопцы і дзяўчаты абмяняліся тэлефонамі і адрасамі ў інтэрнэце — можна і збірацца ў дарогу. Пляцоўка зноў запоўнілася гулам рухавікоў. Бліскучая, храміраваная кавалькада плаўна выязджала на вуліцы.

Васіль МАТЫРКА.

 На здымку: пад час праезду на плошчы Свабоды.

Фота Аляксандра АСТРОЎСКАГА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>