Адзін дзень у Заслонаўскім гарнізоне, што на Лепельшчыне

409Нагодай для чарговага наведвання 231-й артылерыйскай брыгады сталі зборы ваеннаабавязаных, якія праводзяцца апошнімі днямі на базе вайсковай часці. На кантрольна-прапускным пункце аўтара гэтых радкоў сустрэў намеснік камандзіра збораў па ідэалагічнай рабоце маёр Андрэй Нікіфараў. Ён коратка распавёў:
— На бягучыя зборы прызваны 60 ваеннаабавязаных запасу, так званых “партызанаў”. З іх 20 чалавек — афіцэры, 40 — салдаты і сяржанты. Абедзве катэгорыі займаюцца па сваёй праграме.
Афіцэры прызваны для атрымання новай вайсковай спецыяльнасці — камандзір агнявога артылерыйскага ўзвода. Усе афіцэры раней праходзілі службу ў вайсковых часцях рознага роду войскаў: супрацьпаветранай абароны, мотастралковых, радыёэлектронных. Рэаліі ўзброеных канфліктаў апошняга часу паказваюць, што ў сучасных боесутыкненнях артылерыі надаецца вельмі важная роля агнявой падтрымкі сухапутных часцей, знішчэння тэхнікі і жывой сілы, дэмаралізацыі праціўніка. Таму наяўнасць падрыхтаванага рэзерву артылерыйскіх спецыялістаў — гэта паказчык гатоўнасці да адбіцця агрэсіі. Заўважу, што большасць заняткаў праводзіцца на міні-палігоне, куды мы зараз і ідзём.
Асноўная задача салдатаў і сяржантаў — абслугоўванне вайсковай тэхнікі і апаратуры. У брыгадзе вельмі шмат баявой тэхнікі, уся яна знаходзіцца на кансервацыі, доўгачасовым захоўванні. Перыядычна трэба правяраць яе стан, боегатоўнасць. Паглядзець, ці працуе рухавік, ці не закісліліся кантакты ў апаратуры. Салдаты ўсё правяраюць, а потым зноў ставяць на кансервацыю.
* * *
410Неўзабаве мы падышлі да парка баявых машын. З брамы бокса выязджала самаходная артылерыйская ўстаноўка 2С5. Магутная гусенічная машына пакрысе рухалася, ледзь-ледзь не чапляючы тракамі краі сцен, аднак механік-вадзіцель быў дасведчаны, вёў самаходку як па нітачцы.
Вучэбная група ўжо знаходзілася на палігоне, мы пагрузіліся на самаходку і выехалі да яе. Аўтар сам у свой час служыў менавіта ў гэтай часці, таму ўвесь дзень успрымаў, нібыта спатканне з маладосцю. Зноў сесці на браню, целам адчуць вібрацыю ад рухавіка — гэта дарагога варта.
Вось мы выехалі за агароджу часці, выбраліся на лясную дарогу. Механік-вадзіцель пакрысе набірае хуткасць, 27-тонная машына разганяецца, але едзе плаўна, на трасе не кідае, як можа падацца на першы погляд. Сам сяджу, напалову высунуўшыся з люка, у час руху стараюся паспець зрабіць некалькі фотаздымкаў.
Прыбываем на месца — былыя жвіровыя кар’еры ў лесе. Група афіцэраў запасу ўжо на месцы, заняткі праводзіць камандзір батарэі збораў старшы лейтэнант Аляксей Пастырчук:
— Таварышы афіцэры, тэма сённяшніх заняткаў — заняцце агнявым узводам баявой пазіцыі і прывядзенне гармат у баявую гатоўнасць. Артылерыйская сістэма 2С5 — адна з найлепшых і самых эфектыўных ва Узброеных Сілах Беларусі, а можа, і ва ўсім свеце. Аднак абыходжанне з ёй патрабуе пэўнага набору ўменняў і навыкаў.
Зараз мы стаім на ўскрайку лесу, на паляне трэба заняць пазіцыю і прывесці нашу ўстаноўку ў гатоўнасць да стральбы. Камандзір узвода разам са старшым афіцэрам батарэі, афіцэрам-тапографам, камандзірамі гармат аглядае месца і вызначае пазіцыю для кожнай гарматы. Пажадана, каб пры гэтым прысутнічалі і механікі-вадзіцелі, бо ім потым трэба будзе непасрэдна прыводзіць самаходкі. Для прыкладу, у дадзеным выпадку лепшай будзе пазіцыя вунь на тым прагале, метраў за 150 перад намі. Зараз механік-вадзіцель выведзе туды баявую машыну.
Запусціўся рухавік самаходкі. Да вызначанай пазіцыі можна было пад’ехаць па пясчанай дарозе, аднак механік-вадзіцель вырашыў прабрацца па-іншаму, наўпрост, па крутым пясчаным спуску, праз кустоўе і быльнік. Машына спакойна, без напругі мінула ўсе перашкоды і выйшла ў зададзеную кропку. Засталося ўражанне незвычайнай магутнасці, моцы, якая разам з тым спакойная, ураўнаважаная, мэтанакіраваная. Падышлі афіцэры, заняткі працягваліся далей.
* * *
Пакуль ідзе агляд тэхнікі, вырашыў крыху пагутарыць з вайскоўцамі. Звяртаюся да старшага збораў капітана запасу Аляксея Маліноўскага:
— Раскажыце крыху пра сябе.
— Жыву ў Наваполацку, працую ў камерцыйнай фірме ТАА “Юджын” спецыялістам па матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні.
— Дзе праходзілі тэрміновую службу?
— Там жа, у ваенным гарадку пад Полацкам, у войсках супрацьпаветранай абароны (СПА). Пасля служыў у выпраўленчай калоніі, дзе атрымаў вайсковае званне. Ужо некалькі гадоў мінула, як пакінуў службу, але вось прызвалі.
— Ці адчуваецца адрозненне паміж войскамі СПА і артылерыяй?
— Скажу так, што вайсковыя часці, ваенныя гарадкі — браты-блізняты, жыццё ў іх арганізавана падобным чынам. Пад’ём а шостай гадзіне, заняткі згодна з раскладам, прыём ежы па рэжыме, адбой.
З гэтай думкай не пагадзіўся лейтэнант запасу Вадзім Залатуха з Полацка:
411— Я тэрміновую служыў спачатку ў Тросніцы пад Мінскам, потым — у Оршы. Абедзве былі часцямі супрацьпаветранай абароны, у Тросніцы я быў планшэтыстам-аператарам сувязі, а ў Оршы займаўся маскіроўкай. Там у асноўным служба праходзіла ў памяшканнях, на пунктах баявога дзяжурства, а ў артылерыі — у полі, на пазіцыях. Кожны дзень сюды прыходзім, вывучаем дзеянні з гарматай.
— А самі вы адкуль, кім працуеце?
— Жыву ў Полацку, заканчваў радыётэхнічны факультэт Полацкага дзяржуніверсітэта. Зараз працую ў мясцовым аддзяленні прадпрыемства “Белтэлекам”, дапамагаю кліентам у падключэнні паслуг byfly i zala.
— Бачу, вас з Полацкага боку даволі шмат…
— Нас на зборах шасцёра. У першыя ж дні пазнаёміліся. Жывём літаральна побач, а да гэтага адзін аднаго не ведалі. Пасябравалі ўжо, абмяняліся нумарамі тэлефонаў, кантактамі ў сацыяльных сетках.
* * *
На тым развіталіся. Афіцэры працягвалі заняткі па раскладзе, а мы з маёрам Андрэем Нікіфаравым рушылі ў часць, дзе ў боксах другая група вайскоўцаў запасу — салдаты і сяржанты — займалася абслугоўваннем тэхнікі. Падыходзім да сховішча тэхнікі. Адчынена крайняя брама бокса, з яе выглядае лёгкабраніраваны шматмэтавы артылерыйскі цягач МТЛБУ — стандартнае шасі для рознай апаратуры і комплексаў.
Там трое чалавек у рабочай вопратцы завіхаюцца каля аднаго з цягачоў. Сяргей Каштанаў тэрміновую службу праходзіў у Заслонаве на пасадзе механіка-вадзіцеля БМП-2, Аляксей Савянкоў — былы пагранічнік. А вось Аляксандр Раманенка жыве і, працуе ў Лепелі і тэрміновую службу таксама праходзіў на Лепельшчыне. А дакладней — у гэтай жа часці. У 2003-м годзе гэта быў 231-ы артылерыйскі полк. Аляксандр быў якраз механікам-вадзіцелем МТЛБУ. Пасля звальнення ў запас мужчыну яшчэ раз прызывалі, тады ён амаль месяц служыў у Заслонаве, быў механікам-вадзіцелем самаходнай гарматы, а зараз — зноў у Бароўку, дзе яшчэ служаць шмат афіцэраў і прапаршчыкаў з часоў яго тэрміновай.
— Аляксандр, якія вашы абавязкі на гэтых зборах?
— Абслугоўванне тэхнікі. У боксах на доўгатэрміновым захоўванні, кансервацыі стаіць шмат баявых машын, апаратуры, многія яшчэ выпуску часоў Савецкага Саюза. Напрыклад, камандна-штабная машына (КШМ), на якой мы зараз знаходзімся, 1978 года выпуску. Прабег у ёй зусім малы, каля тысячы кіламетраў. Так і ў пераважнай большасці. Аднак нават у такіх умовах тэхніку трэба перыядычна правяраць, аглядаць. Вось мы прынеслі два акумулятары, падключылі іх да сістэмы. Без запуску рухавіка далі электраэнергію, можна праверыць, пратэставаць апаратуру. Пасля праверкі і замены няспраўных дэталяў зноў ставім КШМ на кансервацыю і — да наступнай машыны. За дзень паспяваем агледзець адну-дзве машыны. Бывае, што на адну больш за дзень даводзіцца затраціць.
— Паўсюдна выкарыстоўваюцца высокія тэхналогіі, інтэрнэт, GPS, WI-FI. А тут — тэхніка 1978 года выпуску…
— Дазвольце з вамі не пагадзіцца, — уключаецца ў размову маёр Нікіфараў. — Гэта тэхніка мае шмат плюсаў, моцных бакоў, якія пры ўмелым выкарыстанні дапамогуць пераўзыйсці значна больш тэхнічна аснашчанага праціўніка. Напрыклад, праціўнік адключыў інтэрнэт, GPS, WI-FI — і што вы будзеце рабіць з высокатэхналагічным абсталяваннем? А савецкая тэхніка па задуме цалкам аўтаномная. Радыёстанцыям, лакатарам, артылерыйскім сістэмам не патрэбна знешняя дапамога, што робіць яе больш трывалай і жывучай.
— Чым займаецеся ў мірным жыцці? — зноў пытаюся ў Аляксандра Раманенкі.
— Я індывідуальны прадпрымальнік, займаюся дрэваапрацоўкай: дзверы, вокны асадзіць, мэблю адрамантаваць, зрабіць новую. Мая жонка Лізавета знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці. Дачушцы Веры ўжо тры гады, а сыночку Мішу — год.
* * *
Не толькі службай жывуць вайскоўцы на зборах. Па вечарах, калі застаецца крыху вольнага часу, можна заняцца фізкультурай, пагуляць у футбол ці валейбол. У спякотныя дні пасля палявога выхаду ці працы ў боксах можна асвяжыцца пад душам. А яшчэ ўсім запомніўся канцэрт, які паказалі самадзейныя артысты дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра “Жамчужына”.
Васіль МАТЫРКА.
На здымках: на зборах ваеннаабавязаных.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>