Інвестыцыі і вытворчасць

Пра інвестыцыі ў вытворчасць гутарым з начальнікам аддзела эканомікі райвыканкама Святланай Палячэнка.

— Святлана Міхайлаўна, сам тэрмін “інвестыцыі” стаў шырокаўжывальным адносна нядаўна…

— Раней гэта з’ява называлася “капіталаўкладанні” — укладванне грошай у эканомі­ку, развіццё вытворчасці, пэўныя прыярытэтныя галіны.

— Тады патлумачце, навошта ўвогуле ўкладаць мільярды ў прадпрыемствы, абсталяванне. І на ранейшым можна было б працаваць.

— Гэта разважанне дылетантаў. Мэта капіталаўкладанняў — зрабіць эканоміку, вытворчасць яшчэ больш эфектыўнай. Калі б у свой час не было іх, многія прадпрыемствы працавалі б з велізарнымі стратамі, банкруціліся. Патлумачу на прыкладах. На хлебазаво­дзе яшчэ з савецкіх часоў працавалі печы, дзе награвальнымі элементамі былі ТЭНы, якія спажывалі велізарную колькасць электраэнергіі. У пачатку дзвюхтысячных гадоў было прынята рашэнне аб паступовым пераходзе на выкарыстанне ў якасці паліва прыроднага газу. Газавае абсталяванне для хлебазаводаў у Беларусі не выпускаецца, толькі ў Еўропе, каштуе яно вельмі дорага. Аднак, узважыўшы перспектыву, кіраў­ніцтва ААТ “Віцебскхлеб­прам”, куды ўваходзіць наш філіял “Лепельскі хлебазавод”, усё ж такі дало згоду на рэалі­зацыю гэтай праграмы. У выніку выдаткі на энергазабеспячэнне скараціліся ў некалькі разоў, што літаральна за тры — пяць гадоў працы акупіла раней зробленыя капіталаўкладанні.

Не менш маштабная праграма мадэрнізацыі рэалізуецца ў ААТ “Лепельскі малочнакансервавы камбінат”. Там цалкам мяняецца абсталяванне тэхналагічных ліній, што дазваляе пры меншых затратах выпускаць большыя аб’ёмы прадукцыі, вышэйшай якасці, больш шырокага асартыменту. Дарэчы, менавіта ААТ “Лепельскі МКК” і філіял “Лепельскі хлебазавод” з’яўляюцца лідарамі ў выпуску інавацыйнай прадукцыі. Яны кожны год выдаюць на рынак больш як па дзесяць новых відаў сваёй прадукцыі. Пагадзіцеся, без капіталаўкладанняў, інвестыцый такіх поспехаў дасягнуць было б немагчыма.

— Аднак капіталаўкладанні ўсё ж значныя, вымяраюцца мільярдамі рублёў, мільёнамі еўра…

— Ды і выгада ад іх відавочная. Нездарма ж вялікія карпарацыі ўкладаюць у тэхнічнае і тэхналагічнае пераўзбраенне сваіх вытворчых магутнасцяў мільярды. Свет мяняецца, і, каб не адстаць, усім трэба ісці ў нагу з часам.

— Якімі лічбамі характарызуюцца інвестыцыі ў прадпрыемствы Лепельшчыны за пяцігодку?

— Кожны год — па 200 мільярдаў рублёў, а то і больш. За бягучую пяцігодку намечана рэалізацыя 11 інвестыцыйных праектаў. З іх два ўжо рэалізаваныя, паспяхова працуюць. Па яшчэ шасці праектах адкрыты лініі фінансавання, праводзяцца работы. Па трох праектах тэрміны рэалізацыі адсоўваюцца з-за перабояў з фінансаваннем. Спадзяёмся, што ў бліжэйшы час яны ліквідуюцца, і інвестпраекты будуць рэалізаваны ў поўнай меры.

У бягучым годзе са студзеня па май у эканоміку раёна былі ўкладзены 74 мільярды рублёў, што складае 88,9 % ад леташняга паказчыка. На будаўніча-мантажныя работы выдаткавана 35,2 мільярда рублёў, або 47,6 працэнта, на набыццё машын, абсталявання, транспартных сродкаў — 30 працэнтаў. На выкананне іншых работ (падрыхтоўка праектна-каштарыснай дакументацыі, правядзенне праектна-вышуковых работ) — 22,4 працэнта.

 — Калі можна, падрабязней пра некаторыя інвестпраекты.

— Калі ласка. Самым значным пунктам інвестыцыйнай актыўнасці ў раёне па праве лічыцца ААТ “Лепельскі малочнакансервавы камбінат”. На яго долю прыпадае большая частка інвестыцый. З завершаных праектаў — поўная мадэрнізацыя энергетычнай гаспадаркі з заменай усяго ацяпляльнага абсталявання. Калі раней на выпуск аднаго кілаграма сухога малака расходвалася, умоўна скажам, дзве гігакалорыі цяпла, то цяпер — паўтары. Разам з гэтым новае абсталяванне дазваляе выпрацоўваць не толькі цеплавую энергію, а і электрычную, якая спажываецца тут жа. Усё гэта дае эфект эканоміі, якая ў выніку выліваецца ў зніжэнне сабекошту прадукцыі.

Па-другое, на прадпрыемстве цалкам заменена халадзільнае абсталяванне. Працэсы ахаладжэння па вызначэнні вельмі энергаёмістыя, аднак новае імпартнае абсталяванне дазваляе на гэтым этапе эканоміць яшчэ да 20 працэнтаў электраэнергіі. Вось з такіх, здавалася б, нязначных момантаў складваецца агульная карціна эфектыўнасці.

Аднак прадпрыемства на гэтым не спыняецца. У бягучым годзе рэалізуецца буйны інвестпраект — будаўніцтва цэха па вытворчасці сухога малака з рэканструкцыяй дапаможных магутнасцяў. Для гэтага камбінат яшчэ летась у поўным аб’ёме заказаў і зрабіў праектна-каштарысную дакументацыю, якая сёлета ў пачатку года прайшла экспертызу. Выбраны генеральны падрадчык і арганізацыя, якая будзе ажыццяўляць тэхнічны нагляд, заключаны дагаворы генеральнага падраду і на пастаўку абсталявання, адкрыта крэдытная лінія.

Праектам прадугледжана пашырэнне вытворчасці з магчымасцю павелічэння асартыменту выпускаемай прадукцыі. У прыватнасці, плануецца пабудаваць новы трохпавярховы цэх, дзе будуць комплексна ажыццяўляцца прыёмка, першасная падрыхтоўка, сушка цэльнага і абястлушчанага малака. Магутнасць цэха — да дзвюх з паловай тон сухіх малочных прадуктаў за гадзіну. Разам з тым на гэтым жа абсталяванні можна будзе прымаць і перапрацоў­ваць сыроватку. Гэта павінна дазволіць павялічыць аб’ём перапрацоўкі малака на 300 тон за суткі, выпуск сухога малака — на 12 тысяч тон за год. Каштарыс праекта складае 463,5 мільярда рублёў, у тым ліку на будаўніча-мантажныя работы — 268,9 мільядра. Тэрмін рэалізацыі — 2015 — 1017 гады.

— Якія крыніцы фінансавання такога маштабнага праекта?

— Банк развіцця спецыяльна для гэтага адкрывае фінансавую крэдытную лінію.

— Апошнім часам на самых розных узроўнях ідзе размова пра важнасць прыцягнення прамых замежных інвестыцый. Чаму да іх такая пільная ўвага?

— Пачнём з самага пачатку. Каб рэалізаваць праграму мадэрні­зацыі, набыць новае абсталяванне, прадпрыемству патрэбны грошы. Дзе іх узяць? Першая крыніца — уласныя назапашаныя сродкі. Аднак сучаснае абсталяванне, тым больш замежнай вытворчасці, каштуе вельмі дорага, сваіх сродкаў прадпрыемствам часцей за ўсё не хапае. Таму яны звяртаюцца ў банкі па крэдыты. Гэта другая крыніца.

У сваю чаргу, дзяржава зацікаўлена ў развіцці пэўных, прыярытэтных галін вытворчасці, перапрацоўкі, таму праз Банк развіцця фінансуе такія праекты. Аднак гэта дадатковая нагрузка на бюджэт. Таму зараз на першы план выходзіць прыцягненне суб’ектамі гаспадарання інвестыцый замежных партнёраў, крэдытных арганізацый для ўласнага развіцця. Інвестыцыямі могуць быць не толькі грошы, а і абсталяванне, тэхналогіі, важная інфармацыя.

У бягучым годзе, на жаль, су­б’екты гаспадарання Лепельшчыны не надта актыўна прыцягвалі замежныя інвестыцыі. У прыватнасці, толькі паляўнічая гаспадарка “ЛябурХантФіш” атрымала 6,9 тысячы долараў у выглядзе заёму ад заснавальніка. У далейшым жа спадзяёмся на больш актыўную пазіцыю нашых гаспадарнікаў, бо замежныя капіталаўкладанні — гэта яшчэ і магчымасць выхаду на міжнародны рынак, нарошчвання экспарту.

Гутарыў

Васіль МАТЫРКА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>