Матэрыяльная дапамога сем’ям

Неўзабаве праляціць апошні месяц лета. У гэты час многія бацькі актыўна займаюцца падрыхтоўкай сваіх дзяцей да новага навучальнага года. Аб тым, якія катэгорыі сем’яў маюць права на атрыманне матэрыяльнай дапамогі для падрыхтоўкі да новага навучальнага года і якія дакументы для гэтага патрэбны, пойдзе наша размова ў інтэрв’ю з загадчыцай аддзялення па аказанні адраснай сацыяльнай дапамогі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Таццянай Міснік.

— Таццяна Міхайлаўна, скажыце, калі ласка, якая дапамога прадугледжана сем’ям для падрыхтоўкі да новага навучальнага года?

— Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 19 сту­дзеня 2012 года №41, дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога прадастаўляецца ў выгля­дзе штомесячнай сацыяльнай дапамогі і (або) аднаразовай сацыяльнай дапамогі. Штомесячная сацыяльная дапамога прадастаўляецца сем’ям (грамадзянам) пры ўмове, што іх сярэднедушавы даход за дванаццаць месяцаў, папярэдніх месяцу звароту, па аб’ектыўных прычынах не перавышае бюджэт пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва, зацверджаны Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь. Па стане на першага жніўня бягучага года яго памер складае адзін мільён 569 тысяч 130 рублёў. Такая катэгорыя сем’яў (грамадзян) з’яўляецца малазабяспечанай і можа звяртацца за гэтым відам дапамогі, а таксама атрымаць кансультацыю па зборы неабходнай дакументацыі на дзяржаўную адрасную сацыяльную дапамогу ў выглядзе аднаразовай сацыяльнай дапамогі пры цяжкай жыццёвай сітуацыі для падрыхтоўкі дзяцей да новага навучальнага года. Асаблівую ўвагу на гэты факт трэба звярнуць малазабяспечаным шматдзетным сем’ям, якія выхоўваюць трох і больш дзяцей, што вучацца ва ўстановах агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі, а таксама няпоўным сем’­ям, сем’ям з дзецьмі-інвалідамі або бацькамі-інвалідамі.

Аднаразовая сацыяльная дапамога прадастаўляецца сем’ям (грамадзянам), калі сярэднедушавы даход за 12 месяцаў, папярэдніх месяцу звароту, не перавышаў бюджэту пражытачнага мінімуму. Аднаразовая сацыяльная дапамога прызначаецца адзін раз у год грамадзянам (сем’ям) у выпадку цяжкай жыццёвай сітуацыі, калі сярэднедушавы даход не перавышае 1,5 велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму. На першага жніўня бягучага года яго памер склаў два мільёны 353 тысячы 695 рублёў. Сюды ж адносяцца абставіны, цяжкія для самастойнага вырашэння. Гэта поў­ная непраца­здольнасць па прычыне інваліднасці або дасягнення грамадзянамі 80-гадовага ўзросту; няздольнасць да самаабслугоўвання ў сувязі з захворваннем, для лячэння якога патрабуецца працяглае прымяненне лекавых сродкаў; смерць мужа (жонкі), бацькоў (усынаві­целяў), дзяцей (у тым ліку ўсыноўленых); прычыненне шкоды жыццю, здароўю, маёмасці ў вы­ніку стыхійных бедстваў, катастроф, пажараў, іншых надзвычайных сітуацый (абставін) непераадольнай сілы (форс-мажор), супрацьпраўных дзеянняў іншых асоб. Сюды ж можна аднесці і іншыя аб’ектыўныя абставі­ны, якія патрабуюць матэрыяльнай падтрымкі.

Наяўнасць такой сітуацыі пацвярджаецца дакументальна або ўстанаўліваецца камісіяй на аснове акта абследавання матэрыяльна-бытавога становішча.

— Таццяна Міхайлаўна, пры якіх яшчэ абставінах шматдзетная сям’я мае права на атрыманне матэрыяльнай дапамогі?

— Мэтавых выплат аднаразовай сацыяльнай дапамогі, прымеркаваных да першага верасня, Указам №41 не прадугле­джана, таму кожная сям’я па­вінна займацца падрыхтоўкай дзяцей да школы самастойна. Бацькі маюць магчымасць атрымаць матэрыяльную дапамогу і па месцы працы, калі яна прадугле­джана калектыўным дагаворам, палажэннем аб стымуляванні работнікаў, а таксама за лік сродкаў прафсаюза.

 — Скажыце, калі ласка, да якога тэрміну магчыма атрымаць матэрыяльную дапамогу?

— Гэты від дапамогі прадастаўляецца не толькі да першага верасня, а і на працягу ўсяго каляндарнага года. Калі сям’я на працягу года атрымлівала аднаразовую сацыяльную дапамогу і выкарыстоўвала яе на іншыя патрэбы, то яна павінна займацца падрыхтоўкай дзяцей да школы за лік уласных сродкаў.

Усе дадатковыя звесткі можна атрымаць у аддзяленні адраснай сацыяльнай дапамогі ТЦСАН (г. Лепель, вул. Савецкая, д. 35, кабінет №1) або па тэлефоне 4-37-88.

Інтэрв’ю правяла

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>