401Жыццё мікрабіёлага падзелена дакладна — дванаццаць гадзін ты сярод бактэрый, астатні час — з людзьмі. Вядома, так не кожны дзень, а на змене праз два. Інакш бы можна і самому ператварыцца ў якую-небудзь біфідабактэрыю ці стаць плесняй.

Усе гэтыя мікраарганізмы, з якімі даводзіцца “сябраваць” на змене мікрабіёлагу Алёне Літвінчук, вельмі любяць пагрэцца ў тэрмастатах, дзе, уласна кажучы, і жывуць. За тры гады працы на МКК дзяўчына настолькі прывыкла ды прызвычаілася да такога экзатычнага суседства, што нават і не заўважае. Набіла руку, налаўчылася да аўтаматызму разводзіць розныя растворы, расфасоўваць іх па прабірках. Прывыкла, як, зрэшты, і ўсе яе калегі. У мікрабіялагічнай лабараторыі МКК працуюць восем чалавек. Зранку хо­дзяць па цэхах, адбіраюць пробы прадукцыі. Высяваюць-змяшчаюць іх у адпаведнае асяроддзе, чакаюць выніку. Калі аналіз спрытныя рукі дзяўчат робяць дзесьці за пяць — дваццаць хвілін, то чакаць вынікаў даводзіцца прыкладна ад сутак да пяці. Толькі за гэты час іх “дзецішчы” нарэшце выспяваюць і “расказваюць” пра наяўнасць кішэчнай палачкі, дрожджаў, плесні, біфідабактэрый, выдаюць агульны мікробны лік і г.д.

Зрэшты, чалавеку недасведчанаму мала пра што раскажуць тыя спецы­фічныя мікраскапічнага ўзроўню эксперыменты. Аднак жа кожны з нас жадае есці надзейныя прадукты. Вось і можна сказаць вобразна, што гэтыя дзяўчаты гераічна стаяць на варце нашага здаровага страўніка.

Добра, што ёсць яшчэ і іншае жыццё. І ў тым жыцці Алёна… Аднак жа, хто Алёна ў тым жыцці? Так проста і не скажаш!

Падарожніца? Напэўна, так. Ёй пакарыліся і Піцер, і Масква, яе абдымалі ласкавыя шалёна-салёныя хвалі Чорнага мора, Мірскі замак чакаў з яго таямніцамі. І ўсе яе падарожныя жаданні здзейсніліся, а не здзейснілася толькі адно — жаданне падарожні­чаць яшчэ болей. І ці ж бы яна адна спатоліла той вандроўны сверб, калі б не Аляксандр? Сядуць на веласіпеды інжынер-будаўнік і мікрабіёлаг — і вось яны ўжо абодва турысты. Муж у дадатак яшчэ і рыбак. Ды тут якраз той выпадак, калі жонка не чакае, пакуль муж з уловам багатым шчаслі­ва дадому вернецца, а рада заўсёды скласці яму кампанію.

А можа, Алёна кандытар? Зноў як у цеста ўляпілі. Аляксандру пашанцавала: торцікі, пірожныя розныя, салацікі экзатычныя дэгустуе ён першы. Аднак і жонка не грэбуе сало­дзенькім ды смачненькім. Любіць прыпаднесці мужу цікавыя падарункі з сюрпрызам. Ну чым не сюрпрыз, напрыклад, кветкі з… цукерак. Алёна дэманструе сваё вынаходніцтва на здымку з мабільнага тэлефона. Зірнеш — чыста кветка прыгожая, сярэдзінку пакаштуеш — цукерачка! Альбо вось яшчэ сюрпрыз — велізарны торт з… памперсаў. Не з’ясі, аднак прыкольна.

Памперсы пакуль яшчэ маладой сям’і Літвінчукоў патрэбны хіба што для торта. Ну а пакуль у калысцы не гушкаеш, самы час і пападарожнічаць, і рыбку палавіць, і пакулінарыць, і падзівачыць. Вядома ж, у часіну вольную.

Вольнага часу і зараз бракуе. Хоць жывуць пакуль у інтэрнаце, свайго агарода не маюць, ды абодвум бацькам трэба дапамагаць, дзвюм бабулям. Працуе Алёна спрытна. Пра такіх кажуць: “У руках усё гарыць”. Вось толькі прапалола, ужо вішні абабрала. Першая ў лесе ў ягадах і не апошняя ў грыбах. Працуе спрытна і хораша — залюбуешся. А як жа, каб штосьці мець, трэба дбаць.

Добра, што акрамя працы ёсць у жыцці штосьці і для душы: падарожжы, торцікі, любімы кот па мянушцы Кот, які на іншыя не адгукаецца. А колькі ж з ім набегалася, калі аднаго разу захварэў. Нарэшце — любімая кветка герань на падаконніку. Свет такі прыгожы і шматколерны, не тое, што плесня ў тэрмастатах. Аднак усё разам і ёсць сапраўднае жыццё.

На здымку: мікрабіёлаг Алёна Літвінчук.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>