Дзіўны лепельскі гарох і “магутны” ячмень

Міхаілу Кісялевічу няма і трыццаці, аднак ён стварае ўражанне сталага, дасведчанага чалавека. Года паўтара кіруе Лепельскай сортавыпрабавальнай станцыяй новы дырэктар. Было прыемна пазнаёміцца і цікава пагутарыць з маладым, ініцыятыўным гараджанінам, які прыехаў працаваць у вёску. Гаварылі пра справы на сортавыпрабавальнай станцыі і, прынамсі, сортаўчастка, пра калектыў станцыі, пра інфраструктуру мясцовых населеных пунктаў і вясковыя праблемы.

Міхаіл Леанідавіч, ведаю, вы з Мінска. Я

к так сталася, што апынуліся ў “глыбінцы”, на Віцебшчыне? Напэўна, не кожны мінчанін рызыкне…

  — Вось так вырашыў. Дарэчы, бацька мой таксама з вёскі, з Магілёўшчыны. Праўда, затым сям’я пераехала ў Мінск, дзе я і заканчваў школу. Пасля паступіў у Горацкую сельгасакадэмію, з якой па заканчэнні другога курса перавёўся ў Агратэхнічны ўніверсітэт. Між іншым, і сам я ў вёсцы не ўпершыню. Працаваў кіраўніком гаспадаркі на Лагойшчыне.

— Ёсць з чым параўнаць…

  — Параўнанне – на карысць Лепельшчыны. Прынамсі, што да людзей. Разумееце, там блізка сталіца, якая міжволі “вымывае” насельніцтва з вёскі.

Раскажыце пра станцыю: пра яе прызначэнне, задачы, структуру.

 —  Асноўная задача – выпрабаванне сартоў. Справа гэта фінансуецца з рэспубліканскага бюджэту. Маем сортаўчастак, памеры якога штогод розняцца ў залежнасці ад колькасці доследаў, якія праводзім.

А хто вызначае тую колькасць?

 — Селекцыянеры падаюць заяўкі, і не толькі, дарэчы, з Беларусі, а і з Расіі, Украіны, шэрага краін Еўропы. Згодна з гэтымі заяўкамі Мінск даводзіць нам задачу на наступны год. Сёлета, напрыклад, праводзім каля дзевяцісот доследаў і плошча сортаўчастка складае дзевяць гектараў.

Што гэта за доследы?

 — Параўноўваем ураджайнасць культур, вызначаем зімастойкасць, устойлівасць да палягання, да захворванняў і шкоднікаў, да метэаўмоў, да асыпання і г.д. Даём якасную ацэнку сартоў: утрыманне бялка, клятчаткі, крухмалу і г.д.

Самі разводзіце альбо атрымліваеце гатовыя сарты?

 — Самі не разводзім. Насенны матэрыял атрымліваем на Маладзечанскай сартастанцыі.

І колькі гатункаў у вас на выпрабаваннях?

 — Сто семдзесят – азімых і яравых зерневых культур, сорак гатункаў бульбы, сто сорак пяць – шматгадовых траў, сто пяцьдзясят дзевяць – кукурузы, сто дваццаць гатункаў маслічных культур.

І кожная на асобнай градачцы? Гэта ж колькі трэба працы – усё дагледзець, вырасціць! Няўжо ўсё ўручную?

 — Наадварот, амаль увесь працэс механізаваны: сяўба, падкормка, хімпраполка, культывацыя, уборка. Уручную выконваем толькі тыя працэсы, якія не асіліць тэхніка. Напрыклад, высякаем кукурузныя пачаткі, прапускаем іх праз сячкарню. Няма і спецыяльнай тэхнікі для ўборкі траў на кармы.

А якой увогуле тэхнікай апрацоўваецца сортаўчастак?

 — Працуе новы трактар МТЗ-892, два зернеўборачныя камбайны, апрысквальнік. На транспартных работах (адвозка, прывозка) заняты трактар МТЗ-320.

Колькі працуе людзей?

— Кіруе працэсам начальнік аддзела па выпрабаванні сартоў на гаспадарчую карыснасць. Непасрэдна на сортаўчастку — два загадчыкі, сёлета прыходзяць тры маладыя спецыялісты-аграномы, адзін з іх ужо ў нас. Пастаянна працуе механізатар, у заледнасці ад аб’ёму работ – два-тры паляводы. На справе ж усе пералічаныя людзі разам выконваюць работы. Участак доследны, там насамрэч вельмі цікава, кожны раз ёсць чым падзівіцца.

 — Не быў там даўно, але запомніў у свой час экзатычны гатунак бульбы, каліўе якой слалася па зямлі і крыху вілося, а чым можаце здзівіць зараз?

 — Скажам, гатункамі гароху, які, наадварот, не сцелецца па зямлі, а расце роўненька. Думаю, гаспадарам дойнага статка такая культура будзе цікавай.

Сортаўчастак – толькі падраздзяленне станцыі ў цэлым?

 — Скажам так, сортаўчастак нават і з дзяржаўнай датацыяй не можа сябе ўтрымаць. Даводзіцца займацца пазабюджэтнай дзейнасцю. У цэлым на сортавыпрабавальнай станцыі тысяча дзвесце дваццаць гектараў сельскагаспадарчых угоддзяў. Вырошчваем зерневыя і зернебабовыя, бульбу, кармавую групу. Займаемся продажам элітнага насення і адкормам буйнарагатай жывёлы. Летась вырасцілі добры ўраджай ячменю “Магутны”, які даў у сярэднім 34,7 цэнтнера з гектара ў бункернай вазе, гэта значыць прама з поля. Прадалі трыста пяць тон элітнага зерня, з іх сто пяцьдзясят пяць – гаспадаркам Лепельшчыны, сто дзесяць – на Ушаччыну, трыццаць – на Талачыншчыну, дзесяць тон — на Чашніччыну.

Своечасова разлічваюцца гаспадаркі?

 — На жаль, не заўсёды. Таму частку разлікаў атрымліваем па бартэры – быкамі, цялятамі. На Ферме ў Людчыцах вырошчваем трыста дваццаць сем быкоў. Праводзім рэканструкцыю фермы ў Дрымаўшчыне: падымаем сцены, каб туды праходзіла буйнагабарытная тэхніка, перакрываем дах пад утрыманне жывёлы ў летні час. Для большай асветленасці змайстравалі канёк з полікарбанату, зрабілі па перыметры фермы міні-меліярацыю. Гэта ферма будзе прызначацца для бяспрывязнага ўтрымання жывёлы і разлічана на сто дваццаць галоў. Цялят-малочнікаў можна будзе паставіць там.

Адкуль возьмеце цялят-малочнікаў? У вас жа адны быкі.

— Зноў жа, па бартэры атрымліваем, за кошт узаемаразлікаў.

А колькі тэхнікі задзейнічана на ўсёй сартастанцыі?

 — Дзевяць трактароў, два зернеўборачныя камбайны, а разам з сортаўчасткам чатыры, кормаўборачны, два пагрузчыкі, грузавы МАЗ і тры спецмашыны. Апошнім часам набылі з адтэрміноўкай выплаты два трактары МТЗ-82, па праграме селекцыі насенняводства купілі трактар МТЗ-1523. Манціруем новую зернесушылку магутнасцю дзесяць тон зерня за гадзіну, якую набылі ў лізінг.

 — Ці шмат людзей занята на сортавыпрабавальнай станцыі?

 — Калектыў невялікі, аднак і не маленькі – сорак шэсць чалавек.

Паколькі сам жыву ў Чэрцах, маю права заўважыць, што вёска выглядае не лепшым чынам. Ды і вы, ездзячы на працу з Лепеля, напэўна, гэта заўважылі. І дарога пакідае жадаць лепшага, і дамы, асабліва ў новым мікрараёне, не старыя яшчэ, не спарахнелыя, аднак пакінутыя гаспадарамі, якія падаліся ў горад, вёскі не ўпрыгожваюць. Што вы на гэты конт думаеце?

 — Сапраўды, не ўпрыгожваюць. Некалькі дамоў мы спрабавалі выставіць на продаж, аднак першапачатковы ацэначны іх кошт даволі вялікі, ахвотнікаў купіць не знайшлося. Трэба займацца пераацэнкаю…

 — І ёсць у вёсцы стадыён, які застаўся спадчынай ад былой базавай школы. Школы няма, стадыён фактычна грамадскі. Трэба ўсім разам яго даглядаць. Летась сяк-так скасілі сіламі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і не без пасрэдніцтва нашай газеты. Сёлета, дзякуй богу, парупіліся дбайныя прыватныя гаспадары – чысценька выкасілі траву козам. І козам добра, і футбалістам раздолле на полі. Часам гуляюць. А як будзе далей?

 — Што да стадыёна, звяртайцеся да нас, ужо ж колькі літраў паліва і тэхніку скасіць яго знойдзем. Сам футбаліст і фанат футбола, і таму я з вамі салідарны. Ды не забудзьце ж і мяне на футбол паклікаць.

 Гутарыў Уладзімір МІХНО.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>