Вызначальны фактар

У ААТ «Лепельпрамшвеймэбля» прыехалі прадстаўнікі інвестараў з Расіі. Як вядома, гэта прадпрыемства належыць яраслаўскаму бізнесмену. З чым менавіта звязаны візіт расіян? Магчыма, з новым, так бы мовіць, вытворчым сезонам, які тут мяркуюць распачаць ужо на пачатку жніўня і з якім звязваюць пэўныя надзеі і спадзяванні. Што гэта за спадзяванні, спытаемся ў дырэктара прадпрыемства Сяргея Грыгор’ева. Ну, а пакуль на колішніх плошчах вытворчага дрэваапрацоўчага аб’яднання стаіць адносная цішыня. Калектыў адпраўлены ў кароткатэрміновы адпачынак, працуе хіба што цэх нарыхтовак і раскройкі.
— Чаму працуюць менавіта раскройшчыкі, Сяргей Аляксандравіч, а не ўсе?
— Гэтыя робяць як бы задзел на будучае, каб па вяртанні з адпачынку была ўсім праца. Самы ягадны сезон. Людзі жадаюць падзарабіць у лесе.
— Відаць жа, у цэху не так шмат зарабляюць, калі на лес спадзяюцца. Заробак на ягадах нялёгкі, дый не кожнаму ён пад сілу.
— Разумееце, праца швачкі таксама не з лёгкіх, да таго ж, даволі спецыфічная. Вось вы кажаце, не так шмат зарабляюць. А я б сказаў па-іншаму: недастаткова працуюць, каб добра зарабіць. У нашай свядомасці ўкаранілася чамусьці перакананне, што калі ты прыйшоў на працу, то ўжо табе і павінны плаціць. А, між іншым, каб добра зарабіць, трэба выканаць план. План немаленькі. Умоўна кажучы, трэба за змену пашыць тры з паловай касцюмы. Каб зарабіць, скажам, тры мільёны, трэба выканаць восемдзясят працэнтаў плана, пяць — усе сто працэнтаў. І ёсць у нас працавітыя, вопытныя, увішныя швачкі, якія шмат шыюць і няблага зарабляюць. На жаль, не ўсе. Працуе пераважна моладзь са спажывецкімі настроем. І вопыту мала, і жадання працаваць не нашмат болей. Некаторыя так і кажуць: а нас і гэта задавальняе. Правільна, пакуль бацькі кормяць…
— Думаю, што такія ня шмат і на ягадах заробяць, дый ці пойдуць у лес увогуле. І колькі ж у вас моладзі?
— Пажылыя работнікі складаюць прыкладна трыццаць пяць працэнтаў. Справа яшчэ і ў тым, што ў калектыве ёсць супольныя інтарэсы, хоць зарплата кожнага і залежыць у асноўным ад яго выпрацоўкі, але прэміяльныя, надбаўкі выплочваюцца толькі па факце выканання плана ўсім цэхам. І калі, скажам, працавітая швачка выканае план на ўсе сто, а іншая толькі на дваццаць пяць працэнтаў, то разам атрымліваецца паўплана і значыць — “паляцелі” прэміяльныя. Вось і выказваюць старэйшыя прэтэнзіі, чаму, маўляў, набіраеце няздольных?
— Дык чаму ж набіраеце?
— А дзе ўзяць іншых? Я ж кажу, прафесія швачкі спецыфічная. Зірніце, на фоне іншых прадпрыемстваў, якія пакутуюць ад адсутнасці заказаў і вымушаны адпраўляць людзей у незапланаваны адпачынак, мы выглядаем па-іншаму. У нас праблемы якраз у недахопе кадраў. Інвестар кажа: “Заказаў — хоць заваліся. Сёння мы шыем спецадзенне і форменнае абмундзіраванне для «Росатама», ашчаднага банка Расіі, «Мосводаканала», «Моспрамбуда». Правільна, у заказчыкаў вельмі строгія патрабаванні да якасці. Ледзьве што — заказ не бяруць. Вунь нядаўна дапусцілі брак, давялося ехаць у Яраслаўль і перашываць адзенне. Аднак заказаў — мора. Будзе каму шыць — можна выконваць і заказы ваенна-прамысловага комплексу, а гэта, як вы разумееце, ужо зусім іншыя аб’ёмы. Бяда, што шыць няма каму.
— І якім жа чынам спадзяецеся выпраўляць сітуацыю?
— Істотнага папаўнення кадраў пакуль не чакаем. З групы, якая навучаецца ў дзяржпрафліцэі, спадзяёмся, прыйдуць у лепшым выпадку каля пятнаццаці чалавек. Як вядома, у нас дамова з гэтай установаю. Мы ім дапамаглі абнавіць абсталяванне для навучання швейнай справе. Каля шасці чалавек з Вілейкі і каля чатырох — з Мінску. Набылі аўтобус, нават два для падвозкі работнікаў з іншых рэгіёнаў. Аднак яны пакуль не задзейнічаны. Вазілі людзей з Ушацкага раёна, зараз засталося толькі два чалавекі. Нерэнтабельна рабіць дзеля двух чалавек рэйс. Завяршылі рамонт інтэрната, дзе іншагароднія работнікі змогуць бясплатна жыць, толькі харчаванне — за свой кошт. Устанавілі ацяпленне, падвялі ваду, абсталявалі душавыя кабіны, санвузлы, пафарбавалі, паклеілі пакоі.
— Колькі чалавек усяго плануеце сабраць у жніўні?
— Каля пяцідзесяці, вядома ж, разам з моладдзю, якую яшчэ навучыць працаваць трэба. Прыедуць з Яраслаўля спецыялісты, якія якраз і будуць вучыць моладзь, бо адзіны наш вопытны тэхнолаг проста фізічна не справіцца. Аднак паўсотні работнікаў — толькі траціна кадравага патэнцыялу, які мы можам забяспечыць працаю.
— Згадзіцеся, камфорт на працы — таксама вызначальны фактар. Вось уваходзіш у вашы цэхі — вытворчасць наладжана, абсталяванне закуплена, а сцены вытворчых будынкаў былога дрэваапрацоўчага аб’яднання, згадзіцеся, прыгнятаюць. Разваліны… Магчыма, і таму не надта ахвотна ідуць сюды людзі?
— Разумееце, у вытворчых цэхах збольшага парадак наведзены. Давялі да ладу дапаможны цэх, восенню плануем адрамантаваць і асноўны. Аднавілі дах, знесены ветрам. Астатнія ж плошчы будуць прыводзіцца ў парадак па меры ўзбуйнення прадпрыемства.
— А што, дарэчы, з цэхам па вытворчасці сентыпону?
— Яго пакуль закансервавалі. Летась паставілі абсталяванне, пракаталі. Усё адладжана, усё нармальна, аднак заказаў няма. Няма попыту, ды і электраэнергія дарагая, сама ж печ, дзе плавіцца сентыпон, надта энергазатратная.
Гутарыў
Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>