Хата на паазер’і

На абласным конкурсе, у якім удзельнічалі больш за тры сотні аграсядзібаў, пераможцай стала аграсядзіба “Прыазёрная”, дзе гаспадарыць Вольга Маханенка. Усё пачалося гадоў пяць таму, калі звычайная вясковая хата ў Старым Лепелі пачала крута мяняць выгляд. На пачатку гэта быў звычайны дачны домік, куды гаспадыня наведвалася хаця і не так часта, як хацелася — пільныя справы не адпускалі, але з практычнымі намерамі.

Садзілі на дачы бульбачку, у невялічкім агародчыку ўлетку выспявалі сакаўныя клубніцы ды вішні, а зімою, пад час завірухі, хораша было паргэцца ля грубачкі ці нават паваляцца на ляжанцы.

Так было, пакуль Вольга Мікалаеўна не занялася, не захапілася аграэкатурызмам. Яе “напалеонаўскія” планы ў гэтым накірунку далі вясковай дачы новы штуршок да развіцця. І з таго часу сялянская хаціна пачала мэтанакіравана мяняцца, бо яна зрабілася як бы эпіцэнтрам агратурыстычных спраў гаспадыні, фундаментам, на якім узводзіўся будынак яе бізнэсу.

Развівалася хата ў двух накірунках. Першы набліжаў яе да пабудовы гарадскога тыпу: замянілі падлогу, зрабілі санвузел. Камунальныя зручнасці былі неабходнай умовай стварэння мінімальнага камфорту, які неабходны для прыёму гасцей. Другі ж накірунак перабудовы старой дачы, як бы вяртаў яе ў мінуўшчыну, да аўтэнтычнага фальклорнага пачатку, да спрадвечнага сялянскага побыту. І гэта таксама клалася ў русла агратурыстычнай канцэпцыі Вольгі Маханенкі, якая грунтавалася на прынцыпе адраджэння нацыянальных традыцый роднага краю. У гэтым якраз і была адметнасць агратурызму лепельскага кшталту. Вольга па прафесіі рэжысёр, доўгі час працавала ў сферы культуры, і яе новы занятак, натуральна, стаўся лагічным працягам мінулых напрацовак, выражэннем ўласнага ўнутранага светапогляду, практычнай рэалізацыяй уласных перакананняў. На думку Вольгі Маханенкі, не ведаючы сваіх каранёў, немагчыма мець дастойнай будучыні.

Такім чынам, у вясковай хаце з’явіліся аўтэнтычныя рэчы сялянскага побыту. Нічога куплёнага. Даматканыя фіранкі на вокнах, самаробныя куфры, тканыя палавічкі на падлозе. У інтэр’еры прадстаўлены вырабы майстроў народных рамёстваў раёна. Усё гэта цікава і арыгінальна спалучаецца з дзікай прыродай, некрануты куточак якой прадстаўлены на падворку. Шматлікія кармушкі ды птушыныя домікі завабілі сюды пярнатых. Можна сустрэць і сінічку, і дзятла, і сойку. Можна і пушнога звярка пабачыць, скажам, выдру, якая гняздзіцца зусім непадалёк, у паазер’і. Прыродны куточак хораша аздабляе мноства яркіх, самых розных кветак.

А яшчэ на вуліцы — студня, дэкаратыўная альтанка — любімае месца адпачынку турыстаў, што наведваюць аграсядзібу. І вядома ж — сенавал. Які ж адпачынак ўлетку на прыродзе без непаўторнага паху свежага сена! А таксама — лазенька, гарачым парам душу пагрэць і цела ўлагодзіць.

Нічога куплёнага — гэты прынцып імкнецца максімальна захаваць гаспадыня сядзібы і ў дачыненні да пачастункаў гасцям. Тут вараць “фірмовыя” лепельскія клёцкі, аднога паху якіх дастаткова, каб стварыць гасцінны мікраклімат, пякуць дранікі, гатуюць поліўку і мачанку, сквірчаць на патэльні шкваркі — усё як у сялянскай хаце на свята.

Агратурызм на Лепельшчыне, якая стаяла ля вытокаў гэтага перспектыўнага бізнэсовага накірунку, і  зараз развіваецца паспяхова.

Нядаўна Вольга Мікалаеўна вярнулася з палескага рэгіёна Калінінградскай вобласці, дзе была ў якасці эксперта ў галіне вясковага турызму. Там працавала экспертная група, якая рабіла зандаж тэрыторыі на прадмет развіцця агратурызму. Плануецца рэалізацыя трохгадовага праекту супрацоўніцтва з расіянамі, дзе райвыканкам і Бярэзінскі біясферны запаведнік будуць выступаць партнёрамі па развіцці ў гэтым накірунку.

Віктар ЛЯШЧЫНА.

На здымку: на сядзібе “Прыазёрная” ў в. Стары Лепель.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>