З кручы ў Гарадчэвічах бачны Лепель

20 ліпеня 035 Тут усё як на далоні — рэдкія лапіклы лесу і палявыя абшары, можна налічыць з дзясятак навакольных вёсак. У сонечнае надвор’е бачны нават Лепель, да якога наўпрасткі будзе кіламетраў чатырнаццаць… Гарадчэвічы… Адно з самых вышынных паселішчаў на Лепельшчыне.

 

Спускаюся з гары ўніз асфальтаванай вуліцай, думаю, што прымусіла людзей у ранешыя часы забірацца на гару, а не будаваць хаты на роўнай мясцовасці, як гэта, напрыклад, зрабілі жыхары бліжэйшай Слабады.

Сёння Гарадчэвічы мала чым вылучаюцца з шэрагу іншых навакольных вёсак. Аднак, так было не заўсёды. Сто год таму вёска была ў гушчыні падзей, што разгортваліся  на пачатку трывожнага ліхалецця дваццатага стагоддзя.

У пісьмовых крыніцах  ХІХ стагоддзя ўзгадваюцца як сяло, цэнтр воласці ў складзе Лепельскага павета. Пазначана вёска і на тагачасных картах пад назвай Грачэвічы. З вялікай доляй верагоднасці можна меркаваць, што да ўваходжання ў склад Расійскай імперыі Гарадчэвічы таксама мелі значэнне адміністратыўна-тэрытарыяльнага цэнтра. У   “Спісе населеных месцаў  Віцебскай губерніі” за 1906 год ёсць наступныя звесткі пра Гарадчэвічы: “Знаходзіцца пры крыніцы Казлоўшчына, ва ўладанні маецца 186 дзесяцін зямлі (203 га), 24 двары, 162 жыхары.

Скупыя гістарычныя факты знайшлі сваё адлюстраванне ў архіўных дакументах. Але неаднойчы даводзілася ўпэўнівацца ў тым, што сапраўднымі захавальнікамі мінулага з’яўляюцца самі жыхары таго ці іншага населенага пункта. З пакалення ў пакаленне, з вуснаў у вусны людзі перадаюць тое, што найбольш адклалася ў памяці.

Шмат  чаго цікавага давялося пачуць і ў Гарадчэвічах. Напрыклад сямідзесяцішасцігадовая Марыя Курто, карэнная жыхарка  вёскі, схіляецца да думкі, што назва паселішча пайшла ад таго, што  размешчана яно на высокім узвышшы.

Чатыры курганныя насыпы яшчэ не так даўно можна было пабачыць ля вёскі. Іх мясцовыя жыхары называлі валатоўкамі і  лічылі  пахаваннямі французкіх салдат перыяду вайны 1812 года.

На жаль, пасля помнікі археалогіі былі зруйнаваны і разраўняны бульдозерам. І каму заміналі? Пазней на тым месцы пастух знайшоў срэбраны пярсцёнак. Знішчэнне гістарычнага аб’екта  адбылося  нягледзячы на тое, што там знаходзілася  шыльда, якая сведчыла, што могільнік ахоўваецца дзяржавай.

За царскім часам, акрамя валаснога праўлення, якое размяшчалася ў цэнтры вёскі, было і народнае вучылішча. Дзейнічаў кірмаш, на які з’язджаліся сяляне з усёй воласці.

Пагалоска пра круты нораў гарадчэўцаў разносілася пра наваколлі. Яшчэ і зараз у некаторых вёсках, даводзілася чуць, як паміналі іх нядобрым словам. Дурная слава хадзіла пра банду, якая наводзіла жах па ўсёй акрузе. Быў выпадак, калі аднога разу гарадчэўскага злодзея жыхары Зорніцы забілі. За тое бандыты пусцілі зарнянам “чырвонага пеўня”, згарэла некалькі хат. Людзі настолькі былі запужаныя, толькі пачуўшы, што чалавек з Гарадчэвічаў, што баяліся пускаць яго на начлег.

Драўляная царква размяшчалася на самым узвышаным месцы вёскі. Па апісанні, яна была нават большая чым у Лепелі. Апошняга бацюшку забілі на мяжы 1920-30 гадоў бандыты. Па адной з версій злачынства было звязана з пошукам царкоўных каштоўнасцяў. У свяшчэннаслужыцеля засталася  ўдавой жонка з трыма дзецьмі. Пасля чаго жанчына вымушана была прадаць маёмасць і выехаць. Дыхтоўны будынак святара і сёння  служыць добрую службу сваім новым жыхарам. Пад дахам хаты нават захавалася аздабленне ў выглядзе вітой драўлянай разьбы. Яе цяперашняя гаспадыня Валянціна Жарнасек узгадвае, што перад вайной купіў сялібу  яе дзядуля  Уладзімір Скакун.

У Вялікую Айчынную вайну царква згарэла. Пасля смерці бацюшкі службу ў будынку не было каму праводзіць, і яго прыстасавалі пад зернесховішча калгаса імя Розы Люксембург. Ад колішняй царквы амаль і знаку не засталося, цяпер на гэтым месцы знаходзяцца вясковыя могілкі. Адзінае, што пра яе нагадвае, гэта вялізных памераў валуны з падмуркаў. Прыцягвае ўвагу камень з выбітым знакам – спалучэнне сімвала хрысціянства крыжа і салярнага язычніцкага знака ў выглядзе кола. Гэта надмагільная пліта. Яшчэ адно каменнае надмагілле з выбітым крыжом не крануў час, яно месціцца ў цэнтры сучасных могілак. Ёсць тут і каменная пліта, чамусці перавернутая, з надпісам лацінскімі літарамі. Добра чытаюцца некаторыя польскія словы. Якім чынам на праваслаўных могілках з’явілася гэтая надмагілле, застаецца загадкай.

Кажуць, раней ля царквы былі могілкі для служыцеляў. Вяскоўцы  хавалі сваіх нябожчыкаў ва ўрочышчы Гай, у лісцёвым лесе непадалёк ад вёскі. Хто і калі першым быў пахаваны на царкавішчы, невядома. Магчыма гэта былі шаснаццаць чырвонармейцаў, якія спачываюць у брацкай магіле на ўскрайку могілак. Пахаванне адносіцца да перыяду савецка-польскай вайны 1919 – 1920 гадоў. Марыя Курто прыблізна апісала месца размяшчэння магілы.

У маі 1920 года недалёка ад Гарадчэвічаў, у вёсцы Гарадзінец, размяшчаўся 43 стралковы полк пад кіраўніцтвам Васіля Чуйкова. У задачу палка ўваходзіла наступленне на Лепель, заняты белапалякамі. Пахаваныя ў Гарадчэвічах чырвонаармейцы, магчыма, з’яўляюцца ахвярамі ваенных падзей таго часу.

Побач з Гарадчэвічамі да рэвалюцыі знаходзіліся  панскія маёнткі Стэфанова і Надзея. Асабліва хвалілі людзі гаспадара Надзеі, які вельмі добра ставіўся да сялянаў. Многія гарадчэўцы працавалі ў яго гаспадарцы.

У 1919-1920 гадах у вёсцы дзейнічаў валасны ваенна-рэвалюцыйны камітэт —  першы орган мясцовага  самакіравання ў савецкай дзяржаве. З цягам часу ён быў пераўтвораны ў Палянскі сельскі савет.

У 1930-я гады вакол Гарадчэвічаў утварыўся шэраг хутароў. Пераважная большасць з іх называлася па прозвішчах гаспадароў – Архіпенкаў,  Шалакоўшчына, Мар’ін і іншыя. Калі сталі ўтвараць калгас, былі і тыя, хто адмовіўся туды ісці — у пераважнай большасці заможныя сяляне. Такіх запісвалі ў кулакі і ссылалі ў Сібір. Ахвярай рэпрэсій стаў дзядуля Марыі Курто Авакум Гаразянка. Яго “віна” была ў тым, што маючы шасцёра, дзяцей трымаў добрую гаспадарку і трывала стаяў на нагах. Лёс яго так і застаўся невядомы. Брат Марыі Сцяпанаўны шукаў дзеда, але ён бясследна знік дзесці на бяскрайніх абшарах Сібіры. Раскулачаны былі таксама Пётр Барсукой, сям’я Шалакоў і яшчэ некалькі аднавяскоўцаў.   Па словах былога жыхара вёскі, сярод тых, хто патрапіў пад махавік рэпрэсій, быў і старшыня Палянскага сельсавета Венджык. Прычынай яго арышту стала наведанне вяселля сваяка.

У міжваенны перыяд у Гарадчэвічах у драўляным будынку, раздзеленым на дзве асобныя паловы, працавала пачатковая школа. Настаўнічаў у ёй Васіль  Барсукой, які ў вайну загінуў у партызанах. Пасля ваеннага ліхалецця  школа аднавіла  працу. У ёй вучыліся дзеці з бліжэйшых навакольных вёсак.

Магчыма, Гарадчэвічы маглі  мець важнае стратэгічнае значэнне. Дамінуючая вышыня, на якой знаходзіцца вёска, робіць яе амаль непрыступнай і зручнай для вядзення артылерыйскага агню. Гэты факт пацвярджаюць і старажылы.

У  Вялікую Айчынную вайну ў Гарадчэвічах размяшчаўся нямецкі гарнізон. У адной з вясковых хат нават быў абсталяваны медыцынскі пункт. Пасля немцы саступілі месца народнікам, якіх выкарыстоўвалі ў барацьбе з партызанамі. У памяці гарадчэўцаў застаўся такі эпізод вайны: наступаючы з боку Людчыц, партызаны вялі агонь па  Гарадчэвічах. Аднак народнікаў і след прастыў. Ад таго абстрэлу найбольш пацярпелі мясцовыя жыхары, было забіта восем чалавек.

Пасля вызвалення Лепельшчыны з-пад  нямецкай акупацыі пачалося аднаўленне калгаса. У гаспадарку таксама ўваходзілі вёскі Будзішча, Бачкары, Паляны, Слабада. Узначаліў яе ў гэты перыяд  Дзівін.

Паступова з калісьці буйнога паселішча, якое мела ў акрузе вялікае адміністратыўнае і гаспадарчае значэнне, Гарадчэвічы сталі пераўтварацца ў звычайную выміраючую вёску.

 Валерый Тухта.

 На здымку: былая папоўская хата, што дагэтуль захавалася ў вёсцы.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>